Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар ЗША ў АБСЭ: “Урад Беларусі паставіў пад пытаньне сваю легітымнасьць і легітымнасьць Канстытуцыі”


Юры Сьвірко, Менск Амбасадар ЗША ў Арганізацыі бясьпекі й супрацоўніцтва ў Эўропе Стывэн Мінікес выступіў перад Сталай Радай АБСЭ і выказаў трывогу Злучаных Штатаў з нагоды “сыстэматычных, жудасных парушэньняў шматлікіх забавязаньняў у рамках АБСЭ ў часе падрыхтоўкі й правядзеньня выбарў і рэфэрэндуму 17 кастрычніка”.

Найперш амбасадар Мінікес працытаваў Капэнгагенскі дакумэнт АБСЭ 1990 году ў галіне чалавечага вымярэньня, паводле якога дзяржавы-сябры арганізацыі абвесьцілі, што “воля народу, свабодна й справядліва выказаная праз пэрыядычныя й сапраўдныя выбары, ёсьць падмуркам улады й легітымнасьці ўсяго ўраду”. І для параўнаньня падаў цытату з высноваў назіральнай місіі АБСЭ пра апошнія выбары ў Беларусі: “Беларускія ўлады не змаглі забясьпечыць фундамэнтальных умоваў, неабходных для таго, каб воля народу служыла падмуркам для ўлады ўраду”.

Спаслаўшыся таксама на іншыя нэгатыўныя справаздачы назіральнай місіі АБСЭ, прадстаўніка АБСЭ ў справе свабоды СМІ, незалежных няўрадавых арганізацыяў пра характар выбараў, амэрыканскі амбасадар у АБСЭ заявіў, што “ўрад Беларусі паставіў пад пытаньне сваю дэмакратычную ўладу й легітымнасьць, а таксама легітымнасьць Канстытуцыі”.

Больш за тое, дадаў амбасадар Мінікес, “пасьлявыбарчае зьбіцьцё, арышт ці затрыманьне журналістаў, апазыцыйных лідэраў ды іншых мірных дэмакратычных дэманстрантаў, а таксама адмова беларускіх уладаў трансьляваць навіны пра дэманстрацыі, наўпрост супярэчаць духу й забавязаньням АБСЭ”.

Амбасадар Мінікес заявіў пра “беспрэцэдэнтны й неадэкватны ціск” на назіральную місію АБСЭ з боку беларускіх уладаў і наўмысную абструкцыю ў дачыненьні да яе назіральнікаў, а таксама сказаў: “Злучаныя Штаты падтрымліваюць і паважаюць беларускі народ, яго сувэрэнітэт і права дэмакратычна вызначаць сваю будучыню. І мы заклікаем беларускі ўрад зноў пацьвердзіць свае забавязаньні ў АБСЭ і ідэалы Хэльсынскага працэсу, каб народ Беларусі меў рэальную магчымасьць вызначаць сваю будучыню”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG