Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я ня верыў у тое, што пасьля рэфэрэндуму на цэнтральную плошчу Менску выйдзе хоць бы сотня людзей”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Пошта апошніх дзён — гэта назіраньні, развагі й думкі нашых слухачоў пра тое, што яны назіралі ў апошнія дні перад 17 кастрычніка і ў першыя пасьлярэфэрэндумныя дні, калі ўлада абвесьціла пра сваю так званую “ашаламляльную” перамогу на рэфэрэндуме і выбарах.

“Я ня верыў у тое, што 18 кастрычніка на цэнтральную плошчу выйдзе хоць бы сотня людзей, — піша нам Сяргей Ліцьвінчук зь Менску. — Людзей жа запалохалі так, што многія нават блізкім знаёмым баяцца ўголас гаварыць тое, што думаюць пра ўладу і пра Лукашэнку. Уражаньне такое, што мы вярнуліся ў 1970-я гады. Хто тады выходзіў на плошчу зь лёзунгамі пратэсту? Ніхто. Бо ўсе ведалі: выйдзеш — апынесься альбо ў турме, альбо ў “псыхушцы”. Цяпер у “псыхушку” не саджаюць — толькі ў турму. А адначасова цябе выганяць з працы альбо з інстытуту.

Убачанае ўвечары 18 і 19 кастрычніка мяне ашаламіла. Адкуль яна ўзялася, гэта бясстрашная моладзь? Нават калі іх некалькі соцень ці тысяч чалавек — гэта ўсё роўна многа. Асабіста я не гатовы на такі ўчынак. Боязна страціць працу, боязна за дзяцей… Але сэрцам я з гэтымі хлопцамі й дзяўчатамі, некаторых зь якіх я, магчыма, вучыў. Увогуле, ведаю многіх людзей, якія задаюць сабе і адзін аднаму такія ж пытаньні: што рабіць у такіх умовах людзям, якія не гатовыя да вулічнай барацьбы, якія ня хочуць лезьці ў палітыку ці запісвацца ў апазыцыю, але якім абрыдла ўся гэта хлусьня і цынізм?”

Думаю, Сяргей, трэба проста жыць у згодзе з уласным сумленьнем. Ня здраджваць яму нават у дробязях. Ня ўдзельнічаць у хлусьні. Мяркуючы па лісьце, вы школьны настаўнік альбо ўнівэрсытэцкі выкладчык. Я памятаю некалькіх сваіх настаўнікаў, якія нават у жорсткі брэжнеўскі час дазвалялі сабе ня хлусіць нам, дзецям, не казаць таго, у што самі ня верылі. Так, яны не маглі сказаць усёй праўды, але не казалі й няпраўды. І гэта таксама быў грамадзянскі ўчынак.

Хлопцы і дзяўчаты, якія выйшлі пад кулакі і боты АМОНу 19 кастрычніка — гэта дзеці Свабоды. Яны, тое пакаленьне, якое ня толькі дачакаецца зьмены рэжыму і надыходу дэмакратыі, яно само будзе ўдзельнічаць у будаўніцтве новай Беларусі. Гэта ведаюць і яны, і, бадай што, ведае і Лукашэнка, які паспрабаваў вярнуць Беларусь у савецкае мінулае.

Ліст ад Алеся Станкевіч а з Горадні. Слухач піша:

“Чаму Лукашэнка адважыўся на рэфэрэндум? Ды таму, што атрымаў падтрымку Пуціна. За гэта Пуцін запатрабаваў увядзеньня ў Беларусі расейскага рубля і продажу “Белтрансгазу”. І Лукашэнка пагадзіўся, каб яшчэ 5–10 год застацца пры ўладзе. Пачнецца зь “Белтрансгазу”, а потым расейскія мільярдэры скупяць і іншыя буйныя прадпрыемствы — грошай у іх хопіць. А гэтыя грошы трэба ж некуды ўкладваць. Беларусь для гэтага падыходзіць як найлепш: па-першае, блізка; а па-другое, тут шмат расейцаў, якія займаюць высокія пасады. Забяруць заводы, а пасьля увядуць сюды расейскія войскі, як бы дзеля абароны ад НАТО і беларускіх партызанаў. Тады ўжо ня будзе патрэбны і Лукашэнка, дадуць яму добры маёнтак пад Масквой ды адхіляць ад улады. Гэты працэс будзе паступовы, але няўхільны”.

Калі вы, спадар Станкевіч, сачылі ў першыя дні пасьля рэфэрэндуму за выпускамі навінаў дзяржаўных і напаўдзяржаўных расейскіх тэлеканалаў, то не маглі не заўважыць, што танальнасьць іхных паведамленьняў пра падзеі ў Беларусі ніяк ня ўпісваецца ў пазначаную вамі схему. Ніякіх віншаваньняў на адрас Лукашэнкі й захапленьняў з нагоды абвешчанай ім перамогі там не гучала. Наадварот, быў шэраг аб’ектыўных і надзвычай непрыемных для беларускай улады рэпартажаў аб акцыях пратэсту апазыцыі й жорсткім разгоне дэманстрантаў.

Што да расейскіх мільярдэраў, якія нібыта скупяць беларускую ўласнасьць. Пакуль няма ніводнага прыкладу, калі б гэта ім удалося. Асобныя спробы (напрыклад, з броварам “Крыніца” альбо кандытарскай фабрыкай “Камунарка”) сьведчаць пра тое, што беларуская ўлада аддаваць дзяржаўную ўласнасьць у чужыя рукі не жадае нават тады, калі наконт гэтага падпісаныя папярэднія дамовы.

Наша даўняя слухачка Яўгенія Казлова з Воршы свой ліст напісала на адваротным баку прапагандысцкага плякату, з дапамогай якога ўлады тлумачылі, як на рэфэрэндуме агітаваць за Аляксандра Лукашэнку. Слухачка піша:

“Не магла ўстрымацца, каб не напісаць ліст на Свабоду менавіта на гэтым аркушы. Перад рэфэрэндумам такія былі паўсюль — у аўтобусах, маршрутках, крамах, на поштах і ў ашчадных касах. Колькі жыву на сьвеце, такога яшчэ ня бачыла. Гэта нейкі псыхоз. А людзі маўчаць. Што адчуваюць — ня ведаю. Сярод маіх знаёмых адна палова на выбарчыя ўчасткі не хадзіла ўвогуле; другая — галасавала супраць, каб іхных галасоў ня выкарысталі фальсыфікатары. Але якое гэта мела значэньне, калі яшчэ да галасаваньня па дзяржаўным тэлебачаньні абвесьцілі, што 75% выбарцаў падтрымліваюць рэфэрэндум. Якое вераломства і якая нахабнасьць. Гэтая ўлада карыстаецца ціхмянасьцю, паслухмянасьцю ды інэртнасьцю грамадзтва.

Ці дачакаемся мы добрых пераменаў? Колькі людзей наўкол пакутуюць: беспрацоўе, нізкія заробкі, псыхалагічны ціск, адсутнасьць жыльля ў маладых сем’яў. Ратуюцца, хто як можа. Безвыходнасьць. Мой старэйшы сын зь сям’ёй жыве ў Віцебску ў інтэрнацкім пакойчыку плошчай 10 мэтраў. Грошай набыць іншае жыльлё няма. Заробак нізкі, а жонка не з уласнай ахвоты стала беспрацоўнай”.

З гэтай жа аднабаковай агітацыяй, спадарыня Казлова, з такімі ж забаронамі на выказваньні супраць рэфэрэндуму сутыкаліся тысячы іншых людзей. І іхная рэакцыя на ўсё ўбачанае і пачутае, на афіцыйна абвешчаныя вынікі рэфэрэндуму прыблізна такая ж, як і ў вас. Але і тых, хто галасаваў за падаўжэньне прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі, таксама нямала. Паводле незалежных сацыялягічных службаў, такіх людзей крыху менш як палова. Гэтага, зразумела, недастаткова, каб выйграць канстытуцыйны рэфэрэндум. Але ўсё ж гэта вялікая частка грамадзтва — і даволі трывалая сацыяльная база, грунтуючыся на якой, улада здольная яшчэ доўга атрымліваць такія ж, так бы мовіць, “ашаламляльныя” перамогі.

Сотні тысяч людзей у Беларусі пабывалі на выбарчых участках не ў мінулую нядзелю, а за некалькі дзён да 17 кастрычніка — афіцыйнай даты парляменцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Гэты факт выклікаў пытаньні ня толькі ў апазыцыі й назіральнікаў, але і ў тых беларускіх выбарцаў, якія падтрымліваюць Аляксандра Лукашэнку. Вось які ліст атрымалі мы ад Уладзімера Кавальчука з Баранавіцкага раёну. Слухач піша:

“Аляксандар Лукашэнка — народны прэзыдэнт. Большасьць людзей — за яго. Але на месцах ёсьць некаторыя перагібы. Напрыклад, людзей пад прымусам гналі на датэрміновае галасаваньне. Навошта? Чалавек прыйшоў бы 17 кастрычніка на ўчастак і сам прагаласаваў бы за Лукашэнку. А калі яго цягнуць туды за аброць — што ён падумае? Вінаваты тут не Лукашэнка, а розныя падхалімы на месцах.

Тое ж і з агітацыяй. Дуюць толькі ў адну дуду. Тэлебачаньне ўжо немагчыма глядзець. Ужо так у нас усё добра, нібы рай на зямлі. Ясна ж, што праблемаў хапае. Дык і казаць пра гэта трэба, а не выхваляцца. Усю гэтую пахвальбу запускаюць таемныя ворагі Лукашэнкі. Ён жа сказаў — ніякага ўсхваленьня быць не павінна, бо людзей гэта раздражняе. Але падхалімы не сунімаюцца, бо хочуць папсаваць прэзыдэнту справы. Баяцца Лукашэнку трэба не апазыцыі, а падхалімаў, якія зьяўляюцца ягонымі ўнутранымі ворагамі. Я стаў слухаць Свабоду, бо тут больш цікавыя навіны, чым на дзяржаўным радыё. Хоць з тым, што вы гаворыце пра Лукашэнку, я і не пагаджаюся, але ў вас хоць пра рэальнае жыцьцё можна пачуць.

Калі Лукашэнку хто і пагубіць, дык гэта халуі й падхалімы. Я пісаў пра гэта на дзяржаўнае радыё, але яны мне нават не адказалі. Напэўна, такія ж акапаліся і там”.

Калі вы, спадар Кавальчук, мяркуеце, што масавае датэрміновае галасаваньне альбо аднабаковая прапагандысцкая кампанія ва ўсіх дзяржаўных мэдыях былі ініцыятывай некаторых асабліва заўзятых чыноўнікаў альбо таемных апазыцыянэраў, то яўна памыляецеся. Прымусовае датэрміновае галасаваньне ішло ва ўсіх без выключэньня раёнах Беларусі, ва ўсіх навучальных установах, вайсковых частках і міліцэйскіх аддзелах. Гэтая кампанія накіроўвалася зь Менску і не магла адбывацца без ухваленьня Аляксандра Лукашэнкі. Дзеля чаго ўсё гэта рабілася — няцяжка здагадацца.

Тое ж і з аднабаковай агітацыяй, і зь ператварэньнем навінных праграмаў тэлебачаньня і радыё ў пералік суцэльных посьпехаў і перамог. Людзі сярэдняга і старэйшага пакаленьня памятаюць, якой была галоўная інфармацыйная праграма на савецкім тэлебачаньні. Сёньняшняя тэлепраграма “Панарама” на дзяржаўным беларускім тэлебачаньні у многім ёсьць копіяй той праграмы “Время” эпохі Леаніда Брэжнева.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG