Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Марцін сьвяты – губіцель гагаты”


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 24 і 25 кастрычніка

Сьпярша – пра памятныя даты ўчорашняе нядзелі.

24 кастрычніка 1654 году, 350 гадоў таму, адбылася бітва пад Шапялевічамі – вызначальная ў часе нашэсьця маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча на Беларусь. Як адзначае гісторык Генадзь Сагановіч, пасьля паразы пад Шапялевічамі армія Вялікага Княства Літоўскага спыніла сваё існаваньне. Маскоўскае нашэсьце на тагачасную Беларусь будзе доўжыцца 13 гадоў і забярэ жыцьцё кожнага другога жыхара краю.

24 кастрычніка 1780 году Марцін Пачобут-Адляніцкі стаў рэктарам Віленскае Акадэміі, адначасова Акадэмія была рэарганізаваная ў Галоўную Школу тагачаснае Беларусі.

24 кастрычніка 1928 году – дзень нараджэньня беларускага мовазнаўцы, прафэсара Адама Супруна, які ў сваіх працах дасьледаваў дачыненьні беларускай мовы зь іншымі.

Цяпер – пра сёньняшні каляндар.

25 кастрычніка ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Марцін. “Марцін сьвяты – губіцель гагаты”, казалі нашыя продкі. Этнограф Уладзімер Васілевіч тлумачыць, што пад “гагатой” трэба разумець патлусьцелых за лета гусей, якіх у гэты дзень смажылі або везьлі на продаж.

25 кастрычніка ў розныя гады прыйшлі на сьвет два сусьветна вядомыя кампазытары – аўстрыец Ёган Штраўс, стваральнік клясычнага венскага вальсу, і француз Жорж Бізэ, аўтар славутай опэры “Кармэн”.

25 кастрычніка ў 1868 годзе нарадзіўся Карл Грыгаровіч, беларускі скрыпач і пэдагог. Ён жыў у Віцебску, дзе стаў прафэсарам народнае кансэрваторыі, часта выступаў у суправаджэньні віцебскага сымфанічнага аркестру. Карл Грыгаровіч быў знакамітым у свой час скрыпачом-віртуозам.

25 кастрычніка 1884 году нарадзіўся Сяргей Дубінскі, беларускі археоляг і гісторык. Ягонае імя сёньня ёсьць на памятным крыжы ў Курапатах, пастаўленым у гонар расстраляных тут у 1937-м годзе археолягаў.
XS
SM
MD
LG