Лінкі ўнівэрсальнага доступу

23 кастрычніка 1956 году ў Вугоршчыне пачалося антысавецкае паўстаньне


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 22 і 23 кастрычніка

22 кастрычніка 1937 году савецкія карныя органы расстралялі аднаго з найбольш таленавітых беларускіх пісьменьнікаў даваеннае пары Лукаша Калюгу. Найбольш вядомыя ягоныя аповесьці “Ні госьць ні гаспадар” і “Нядоля Заблоцкіх”. Застаўся пасьля Калюгі і недапісаны раман “Пустадомкі”. Арыштавалі пісьменьніка ў 1933-м, калі яму было ўсяго 24 гады, і больш на свабоду ён ня выйшаў.

22 кастрычніка 1941 году была створаная Беларуская Народная Самапомач – дабрачынная арганізацыя ў акупаванай немцамі Беларусі. БНС зьбірала ахвяраваньні, аказвала матэрыяльную дапамогу людзям, плянавала стварыць аўтаномны беларускі ўрад са сваім незалежным ад немцаў войскам.

22 кастрычніка 1870 году нарадзіўся Іван Бунін, сусьветна вядомы пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскае прэміі. Старажытны род Буніных паходзіць ад Сымона Бунікоўскага, беларускага шляхціца, які ў XV стагодзьдзі патрапіў у маскоўскі палон й застаўся ў Расеі. Тамака той род атрымаў мянушку Буніных. Сам Іван Бунін, аўтар твораў, што сталі сусьветнай клясыкай – “Сухадол”, “Антонаўкі”, “Цёмныя прысады” ды аўтабіяграфічнага раману “Жыцьцё Арсеньнева” – памёр на эміграцыі ў 1953 годзе.

Цяпер – пра памятныя даты заўтрашняе суботы.

23 кастрычніка 1956 году ў Вугоршчыне пачалося антысавецкае паўстаньне. Гэта была дэманстрацыя салідарнасьці з рэфарматарскімі сіламі ў Польшчы. Дэманстранты пратэставалі супраць паскоранай індустрыялізацыі й калектывізацыі на савецкі капыл. Дзеля застрашваньня паўстанцаў у Будапэшт былі ўведзеныя савецкія войскі.

23 кастрычніка 1979 году супраць чэскага пісьменьніка Вацлава Гавэла і яшчэ пяці дысыдэнтаў было выстаўленае абвінавачаньне ў падрыўной дзейнасьці. Пісьменьніку давядзецца паспытаць за свае перакананьні турмы, каб пасьля стаць сусьветна вядомым інтэлектуалам і ўрэшце быць абраным на прэзыдэнта Чэхіі.

23 кастрычніка 1991 году быў афіцыйна распушчаны КГБ СССР. На ягонай базе створана Фэдэральная служба бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі. У былых савецкіх рэспубліках на месцы КГБ паўсталі свае ўласныя нацыянальныя службы бясьпекі. І толькі ў Беларусі КГБ працягвае сваё існаваньне.
XS
SM
MD
LG