Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Крол: Вашынгтон ня мае сьвяткаваньня з нагоды прыняцьця “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі”, а хацеў бы мець добрыя стасункі зь Беларусяй


Юры Сьвірко, Менск Амэрыканскі амбасадар у Менску Джордж Крол зазначыў, што тэкст Акту аб дэмакратыі ў Беларусі мае пэўныя асаблівасьці.

(Крол: ) “Тая частка, якая спасылаецца на эканамічныя ці гандлёвыя санкцыі або на гандлёвую палітыку ў дачыненьні да Беларусі, прадстаўленая як меркаваньне Кангрэсу ЗША. Гэта значыць, што гэта думкі, пазыцыя, якія Кангрэс Злучаных Штатаў прадстаўляе выканаўчай галіне ўлады. Гэта не забавязвае ўрад Злучаных Штатаў да ажыцьцяўленьня ўсіх тых санкцыяў, якія пазначаныя як меркаваньне Кангрэсу. Я мушу сказаць, аднак, што пытаньні, якія ёсьць у тэксьце гэтага акту што да эканамічных абмежаваньняў у дачыненьні да Беларусі, ужо дзейнічаюць, бо яны ўжо ёсьць. Таму што гэтыя прапановы, якія ёсьць у акце, ужо некаторы час былі й ёсьць пазыцыяй ураду Злучаных Штатаў”.

Амбасадар Крол дадаў, што дзейнасьць амэрыканскіх урадавых структур, карпарацыі замежных прыватных інвэстыцыяў і агенцтва гандлю й разьвіцьця цягам ужо некалькіх гадоў прыпыненыя.

Паводле Джорджа Крола, “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” дае амэрыканскай выканаўчай уладзе значную гнуткасьць што да таго, як ужываць палажэньні эканамічнай палітыкі ЗША ў дачыненьні да Беларусі.

(Крол: ) “Я б хацеў сказаць таксама, што прыняцьце Акту аб дэмакратыі ў Беларусі, які доўга – значна больш за год – абмяркоўваўся ў Кангрэсе Злучаных Штатаў, было, на маё разуменьне, успрынятае зь неахвотай. І няма сьвяткаваньня ў Вашынгтоне, у Кангрэсе Злучаных Штатаў таму, што гэты акт быў прыняты Кангрэсам. Таму што Злучаныя Штаты – як Кангрэс, гэтак і ўрад – хацелі б мець вельмі пазытыўныя стасункі зь Беларусьсю”.

Амбасадар Крол сказаў, што “аднагалоснае прыняцьце ды амаль вызначанае падпісаньне яго прэзыдэнтам ёсьць ясным знакам амэрыканскай заклапочанасьці наконт Беларусі”, і дадаў:

(Крол: ) “Такім чынам, калі беларускімі ўладамі будуць зробленыя крокі ў галіне правоў чалавека, разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці, гэты акт не забараняе Злучаным Штатам адказаць пазытыўна й вельмі пазытыўна на разьвіцьцё падзеяў у Беларусі”.

Таксама амэрыканскі амбасадар у Беларусі заявіў пра гэты акт наступнае:

(Крол: ) “Ён быў прыняты ня для таго, каб зрабіць ціск на выбарцаў у Беларусі, а для таго, каб паказаць народу Беларусі занепакоенасьць і падтрымку амэрыканскага Кангрэсу, які рэпрэзэнтуе абраных прадстаўнікоў амэрыканскага народу, і амэрыканскага ўраду – падтрымку дэмакратыі ў Беларусі, не як умяшаньне ў справы Беларусі, а як падтрымку, якая дазваляе беларускаму народу прымаць уласныя рашэньні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG