Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адмысловая камісія Міжнароднай арганізацыі працы падрыхтавала справаздачу аб парушэньнях правоў прафсаюзаў у Беларусі


Галіна Абакунчык, Менск Міжнародная арганізацыя працы й Міжнародны кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў прынялі заявы аб парушэньні правоў прафсаюзаў у Беларусі. Гэта было зроблена на падставе справаздачы адмысловай камісіі МАП, падрыхтаванай у выніку дасьледаваньня ўзаемаадносінаў прафсаюзаў і уладаў Беларусі што да іхняй адпаведнасьці міжнародным нормам.

Цягам некалькіх дзён працы ў Менску й Жэнэве чальцы камісіі выслухалі шэраг прадстаўнікоў прафсаюзнага руху і ўладных структураў Беларусі. Вынікам гэтай працы сталася справаздача, у якой гаворыцца пра ўмяшальніцтва ўладаў у дзейнасьць прафсаюзаў і пагрозу зьнішчэньня незалежнага прафсаюзнага руху. Ураду краіны прапанавана да 1 чэрвеня выканаць рэкамэндацыі Міжнароднай арганізацыі працы па выпраўленьні гэткага становішча. У адваротным выпадку Міжнародная арганізацыя працы мусіць хадайнічаць перад краінамі Эўразьвязу аб увядзеньні эканамічных санкцыяў супраць Беларусі.

Вось як гэта пракамэнтаваў лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук:

(Ярашук: ) “За нашых кіраўнікоў бяруцца ўсур’ёз і надоўга, і хутчэй за ўсё гэтым справа не закончыцца. Маючы на ўвазе прыняцьце “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі”, даклад камісіі МАП гатовы, і Эўразьвяз, пэўна, будзе аналізаваць тое, што адбываецца. І калі нашыя ўлады ня возьмуцца за розум і ня сыдуць цывілізавана ў 2006 годзе, як таго патрабуе Канстытуцыя, то я ім проста не зайздрошчу”.

Справаздача кантрольнай Камісіі будзе ўключаная ў павестку дня Адміністрацыйнай рады Міжнароднай арганізацыі працы, якая мусіць адбыцца ў лістападзе.

Кантрольная камісія Міжнароднай арганізацыі працы была створаная на падставе адмысловых зваротаў беларускіх незалежных прафсаюзаў і хадайніцтва Міжнароднай канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў. Стварэньне камісіі ёсьць самай сур’ёзнай і важнай працэдурай сярод усіх, прадугледжаных статутам МАП, якая выкарыстоўваецца ў надзвычайных выпадках, а менавіта – калі кіраўніцтвы краінаў сыстэматычна парушаюць законы й правы прафсаюзаў, а таксама не выконваюць рэкамэндацыі кантрольных органаў Міжнароднай арганізацыі працы. Становішча з правамі айчынных прафсаюзаў гэтаксама дасьледавала адмысловая камісія Эўразьвязу, якая была створаная й працавала ў Беларусі паводле прыкладу Міжнароднай арганізацыі працы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG