Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарбата й кава шмат у чым станоўча ўплываюць на здароўе


Кастусь Бандарук, Прага Новая перадача сэрыі “Навіны сучаснай мэдыцыны”.

Некаторыя нашы ўлюбёныя напоі ўтрымліваюць кафэін, які вельмі часта падвышае крывяны ціск да небясьпечнага ўзроўню. Аднак гэта – толькі адзін бок мэдаля. Навукоўцы ўпэўненыя, што самыя папулярныя напоі, гарбата і кава, станоўча ўплываюць на здароўе. Аб гэтым паведамляецца ў адной з апошніх перадачаў брытанскай тэлерадыёкампаніі “Бі-бі-сі”.

Кафэін – гэта стымулятар, які ўзьдзейнічае на сэрца й цэнтральную нэрвовую сыстэму чалавека, а таксама на кароткі час падвышае крывяны ціск. Эфэкт узьдзеяньня на крывяны ціск асабліва відавочны, калі каву піць у вялікіх колькасьцях, і асабліва ў людзей, якія чульлівыя да гэтай субстанцыі. Вось жа з гэтае прычыны людзям з падвышаным крывяным ціскам (гіпэртонікам) рэкамэндуецца пазьбягаць напояў з кафэінам, а цяжарным жанчынам значна абмяжоўваць іхнае спажываньне.

Для параўнаньня, у 0,3 літра распушчальнай кавы (што адпавядае вялікаму кубку) утрымліваецца каля 70 міліграмаў кафэіну, а ў 0.3 літра молатай кавы – да 125 міліграмаў. У розных гатунках гарбаты ўтрымліваецца ад 15 да 75 міліграмаў кафэіну, у какава – 10-17 міліграмаў, у шакалядных напоях – 60-70 міліграмаў, а ў 0,3 літра папулярных газаваных напояў “Кока-кола” й “Пэпсі-кола” – каля 43-65 міліграмаў кафэіну.

Зь ліку згаданых напояў найбольш папулярныя ў сьвеце – кава й гарбата. Нагадаем, што кава паходзіць з Афрыкі, з тэрыторыі цяперашняй Эфіопіі. Праўдападобна, яе пачалі вырошчваць ў 6 стагодзьдзі нашай эры. Найперш яна прынялася ў арабскіх краінах, і ў Эўропе доўгі час лічылася мусульманскім і нават сатанінскім напоем.

Спрэчкі вакол кавы вырашыў ў пачатку 16-га стагодзьдзя папа Клімэнт, якому спадабаўся смак гэтага напою: “Сатану трэба выгнаць, а каву зрабіць хрысьціянскім напоям”. Што тычыцца гарбаты, дык у Кітаі яе вырошчвалі яшчэ 3000 гадоў таму.

Напачатку 17-га стагодзьдзя зялёную гарбату атрымаў у якасьці падарунку ад кітайскага імпэратара расейскі цар. У Заходнюю Эўропу яна трапіла прыблізна ў той жа час дзякуючы галяндзкім і партугальскім гандлярам, якія прывозілі з Далёкага Ўсходу шоўк, бакалейныя тавары і парцаляну.

У згаданай перадачы ВВС аналізуецца сытуацыя з кавай і гарбатай ў Вялікабрытаніі. У гэтай краіне 80% дарослых п’юць каву як мінімум раз у тыдзень. Паводле вучоных, кава павялічвае рызыку ішымічнай хваробы сэрца і, акрамя крывянога ціску, падвышае ўзровень халестэрыну ў крыві, а таксама зьмяншае колькасьць кальцыю й магнію.

Аднак у кавы ёсьць і свае плюсы. Згодна з навуковымі дасьледаваньнямі, кава зьмяншае рызыку разьвіцьця жоўцевых і ныркавых камянёў, а таксама раку простай кішкі. Бясьпечная колькасьць спажытага кафэіну залежыць ад гатунку кавы ды індывідуальнай рэакцыі арганізму на гэтую субстанцыю. Перадазаваньне кафэінам выклікае бяссоньне, галавакружэньне й дрыжэньне цягліцаў. Сьмяротная доза – 10 грамаў кафэіну, гэта значыць – 6-80 кубкаў кавы. У кожным разе, у молатай каве, заліванай кіпенем болей кафэіну, чым у распушчальнай, таму молатай кавы можна выпіць меней.

У Вялікабрытаніі самы папулярны напоем зьяўляецца – гарбата. “Файв-о’клок”, пятая гадзіна па палудні – пара штодзённага, традыцыйнага рытуалу брытанцаў. Звычай выпіваць кубак гарбаты ў адну пару дня нагэтулькі ўкараніўся ў традыцыйным побыце брытанцаў, што ажно дайшоў да перахілу. У самых неспрыяльных абставінах, нават пад артылерыйскім абстрэлам, як гэта бачна ў кінафільме пра крымскую вайну, брытанцы ня ў стане адмовіцца ад гэтага абраду. У Вялікабрытаніі выпіваюць амаль 200 мільёнаў кубкаў гарбаты ў дзень. Гэта значыць, што статыстычны брытанец выпівае 3-4 кубкі гарбаты ў дзень, і 80 тысяч кубкаў – за жыцьцё.

Паводле навукоўцаў, гарбата зьмяшчае ў сабе шэраг карысных для арганізму мікраэлемэнтаў і дапамагае аднавіць неабходны балянс вадкасьці ў арганізьме. Праўда, дзеля гэтага ільга піць звычайную або мінэральную ваду – але ж, акрамя смакавых якасьцяў, гарбата мае шэраг іншых перавагаў над вадою. Яе галоўны плюс – гэта зьмяншэньне рызыкі ішымічнай хваробы сэрца. Гарбата багатая на антыаксыданты, званыя фляваноідамі. Гэта значыць, што яна запавольвае й нават прадухіляе хімічныя рэакцыі, якія прыводзяць да сардэчных хваробаў.

Дасьледаваньні, праведзеныя на мышах, паказалі, што спажываньне зялёнай гарбаты зьмяншае рызыку артрыту. Гарбата дапамагае зьняць напружаньне й засяродзіцца – гэта асабліва важна для вучняў і студэнтаў перад экзамэнамі. Кітайскія і японскія вучоныя лічаць, што гарбата, акрамя гэтага, зьмяншае рызыку захворваньня на рак грудзей, страўніка, лёгкіх і прастаты. У Кітаі, дзе гарбата вельмі папулярная – найменшая ў сьвеце колькасьць захворваньняў на рак прастаты. Кітайцы і японцы лічаць, што гарбата ўзмацняе зубы й косткі, а таксама рэгулюе стрававальны працэс. Наогул, японцы вераць, што гарбата ўтрымлівае сакрэт даўгавечнасьці.

Існуе шэраг прыказак на тэму гарбаты. Кітайцы кажуць, што “піцьцё гарбаты нагадвае пацалунак: ні адным, ні другім не насыцісься ніколі”. Паводле каўкаскай прыказкі, “калі ў цябе ёсьць добрая жонка, боршч і моцная гарбата, ты можаш быць поўнасьцю задаволеным сваім жыцьцём”.
XS
SM
MD
LG