ВАШЫНГТОН. “Ірак ня меў значных колькасьцяў зброі масавага зьнішчэньня, калі кааліцыя на чале з ЗША распачала апэрацыю супраць рэжыму Садама Хусэйна”, - заявіў кіраўнік групы амэрыканскіх экспэртаў Чарлз Дулфэр.
Прамаўляючы перад камісіяй Сэнату ЗША, ён адзначыў, што пасьля вайны ў Пэрсыдзкай затоцы ў 1991 годзе магчымасьці Іраку ў стварэньні ядзернай зброі зьменшыліся, але Хусэйн ніколі не пакідаў надзеі калі-небудзь аднавіць распрацоўку такой зброі.
(Дулфэр) “Мы пакуль ня можам дакладна сказаць, ці з Іраку напярэдадні вайны былі вывезеныя матар’ялы, зьвязаныя з праграмай стварэньня зброі масавага зьнішчэньня. Мы ня можам зусім дакладна адказаць на пытаньні, якія тычацца магчымых запасаў такой зброі. Але, на маю думку, такіх запасаў няма.”
Лідэры ЗША і Вялікай Брытаніі, пачынаючы апэрацыю ў Іраку, сьцьвярджалі, што там ёсьць зброя масавага зьнішчэньня.