Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайна з фармацэўтычнымі кампаніямі й сакрэты “вечнай маладосьці” Сафіі Ларэн


Кастусь Бандарук, Прага Новая перадача сэрыі “Навіны сучаснай мэдыцыны”.

“Мы будзем публікаваць толькі вынікі тых дасьледаваньняў, якія ад пачатку да канца праводзіліся адкрыта”, – заявілі галоўныя рэдактары 11 найболей прэстыжных навуковых часопісаў. Сярод іх “Journal of American Medical Association” (JAMA), “New England Journal of Medicine”, “Lancet” , а таксама найбуйнейшая ў сьвеце база дадзеных мэдычнай літаратуры MEDLINE. Яны заявілі, што цяпер будуць публікаваць вынікі толькі тых клінічных выпрабаваньняў, якія раней былі ўключаныя ў адмысловы рэестар . Такі рэестар , поўнасьцю незалежны ад вучоных і фармацэўтычных фірмаў, і адначасова даступны для кожнага зацікаўленага, мае гарантаваць поўную адкрытасьць дасьледаваньняў. Новыя крытэрыі прыёму працаў да друку пачнуць дзейнічаць зь ліпеня 2005 году, заяўляюць выдаўцы мэдычных часопісаў.

Адкуль зьявіўся гэты недавер да фармацэўтычных фірмаў? Галоўнае пытаньне – аўтарытэт навуковых часопісаў. Уявім сабе, што мы праводзім клінічныя дасьледаваньні новага леку. Прэпарат даем 10 групам пацыентаў і, на жаль, аказваецца, што выпрабаваньні далі станоўчы вынік толькі ў трох групах. Паколькі ж ніхто ня ведае, колькі чалавек ўдзельнічала ў дасьледаваньні, мы публікуем вынікі толькі пасьпяховых тэстаў і абвяшчаем поўную прыдатнасьць новага леку. У выніку мы можам падаць заяўку ў Агенцтва харчаваньня й лекаў, каб атрымаць афіцыйны дазвол на продаж леку, хаця прэпарат наш будзе мець сумнеўную вартасьць альбо нават будзе шкодны для арганізму.

На жаль, інфармацыя пра шкоднасьць леку часта замоўчваецца. Гэта ставіць пад рызыку здароўе людзей. У зман уводзіцца навуковае асяродзьдзе. Да таго ж, бяз поўнага доступу да вынікаў папярэдніх дасьледаваньняў вучоныя дублююць выпрабаваньні, якія скончыліся правалам. У выніку растуць цэны на лекі – канстатуе Драманд Рэні (Drummond Rennie) рэдактар часапісу JAMA. Ён упэўнены, што цяпер, калі кожнае выпрабаваньне будзе рэгістравацца на самым пачатку, утойваньне яго вынікаў або маніпуляцыя дадзенымі стане немагчымай.

На рашэньне рэдактараў навуковых часопісаў паўплываў нядаўні судовы працэс. З позвай супраць фармацэўтычнага канцэрну “GlaxoSmithKline” выступіў генэральны пракурор штату Нью-Ёрк-Эліёт Шпіцэр (Elliot Spitzer). Ён абвінаваціў фірму ў тым, што тая прыхавала непамысныя для сябе вынікі дасьледаваньня антыдэпрэсанта “Paxil”. Пад час суду высьветлілася, што канцэрн правёў 5 клінічных дасьледаваньняў з удзелам дарослых і дзяцей, аднак абнародаваў вынікі толькі аднаго зь іх – зразумела, таго, які паказаў станоўчыя вынікі.

Згодна тых утоеных дадзеных, “Paxil” амаль зусім ня дзейнічае на псыхалягічны стан дзяцей, а можа нават узмацняць іхныя самагубчыя думкі й схільнасьці. У выніку канцэрн пайшоў на міравое пагадненьне з судом, абяцаў абнародаваць усе вынікі сваіх дасьледаваньняў, заплаціў штату Нью-Ёрк 2,5 мільёна даляраў штрафу. Але трэба адзначыць, што на гэтым новым леку яны ўжо пасьпелі зарабіць каля 3 мільярдаў даляраў.

Аб гатоўнасьці стварыць свае ўласныя рэестры і рассакрэціць вынікі сваіх дасьледаваньняў паведамілі і іншыя фармацэўтычныя кампаніі. Гэта ў прыватнасьці Таварыства амэрыканскай фармацэўтычнай індустрыі, якое гуртуе вытворцаў лекаў ў ЗША, канцэрн “Eli Lilly”, вытворца агульнавядомага антыдэпрэсанту “Prozac”, а таксама канцэрн “Merck”. Аднак мэдычныя часопісы адрэагавалі на гэтую ініцыятыву холадна. “Проста сьмешна, калі камэрцыйная фірма заяўляе, што цяпер яна пачне сама сябе кантраляваць і больш нічога ня будзе ўтойваць. Каб рэестар дасьледаваньняў над лекамі заслугоўваў даверу, ён мусіць быць цалкам незалежным,” – лічыць Кэтрын Дээнджэліс, галоўная рэдактарка часапісу JAMA.

А зараз да іншай тэмы: 20 верасьня споўнілася 70 гадоў славутай італьянскай акторцы – Сафіі Ларэн. Для шмат каго гэтая зорка кіно, двухкратная атрымальніца Оскару застаецца ідэалам жаноцкасьці й даўгавечнасьці. У інтэрвію нямецкаму выданьню “Neue Revue” яна раскрыла сакрэт сваёй вечнай маладосьці. Для падтрыманьня сваёй прывабнасьці й прыгажосьці яна прытрымліваецца сямі правілаў:

(1) Кожны дзень яна кладзецца спаць а 9-й гадзіне. (2) Ня п’е алькаголю. (3) не спажывае печаныя баклажаны. (4) Кожную раніцу па 20 хвілінаў займаецца гімнастыкай. (5) Замест касмэтыкі яна мые твар ружовай вадой і накладае крэм, багаты вітамінам А. (6) Валасы мые дзіцячым шампуням. (7) 20 гадоў таму яна кінула паліць.

Здаўна вядома, што дзеля падтрыманьня формы Сафія Ларэн рэгулярна есьць ананасы. У аснове ананасавай дыеты для пахудзеньня ляжыць дзеяньне фэрмэнту бромэлайна. На думку італьянскіх дыетолягаў, калі спажываць бромэлайн і спалучыць яго разам з збалянсаванай фізычнай нагрузкай, кіляграмы зьнікнуць літаральна на вачох, а тлушчавыя запасы растаюць. Ларэн перакананая, што бромэлайн, якім багатыя ананасы ёсьць панацэяй і ад атлусьценьня, і ад старэньня. Аднак на думку вялікай акторкі, асноўны сакрэт ейнай маладосьці й прыгажосьці – гэта каханьне.
XS
SM
MD
LG