Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бюро АБСЭ адмовілася назіраць за беларускім рэфэрэндумам


Юры Сьвірко, Менск Варшаўскае бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ афіцыйна адмовілася ад прапановы беларускіх уладаў, каб назіральнікі ад АБСЭ сачылі таксама за рэфэрэндумам.

Місія назіраньня на чале з амбасадаркай Одры Главэр ня будзе назіраць за рэфэрэндумам наконт зьменаў у Канстытуцыі — такую адмову накіравала беларускаму Міністэрству замежных справаў варшаўскае бюро АБСЭ. Прэсавая сакратарка апошняга Урдур Гунарсдотыр заявіла Радыё Свабода, што за рэфэрэндумам як такім назіральнікі сачыць ня будуць:

(Гунарсдотыр: ) “Мы будзем толькі назіраць, як ён будзе ўплываць на парлямэнцкія выбары. Калі нас запрасілі й калі мы плянавалі ды арганізоўвалі місію, не было ніякіх прыкметаў, што гэты рэфэрэндум можа быць скліканы”.

Як тлумачаць у АБСЭ, адмова ад назіраньня за рэфэрэндумам фактычна азначае, што гэтая ўплывовая міжнародная арганізацыя ня будзе ацэньваць яго на прадмет адпаведнасьці прынцыпам АБСЭ. Такі падыход ужо выкарыстоўваўся да папярэдніх беларускіх рэфэрэндумаў, а таксама да апошніх парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў 2000–2001 гадоў.

Што да тэрмінаў скліканьня рэфэрэндуму ў Беларусі, дык у АБСЭ адзначаюць, што гэта было вельмі істотным момантам. Варшаўскае бюро АБСЭ параўноўвае гэта з сытуацыяй у Казахстане, дзе раптам вырашылі праводзіць парлямэнцкія выбары праз сыстэму электроннага галасаваньня.

Кіраўнік кароткатэрміновых назіральнікаў ад АБСЭ на парлямэнцкіх выбарах у Казахстане Ігар Осташ заявіў, што адсутнасьць празрыстасьці ў прыняцьці рашэньня пра электроннае галасаваньне была відавочнай, а грамадзтва “не было паінфармаванае своечасова”.

У выніку місія назіральнікаў АБСЭ заявіла, што выбары ў ніжнюю палату парлямэнту Казахстану, праведзеныя ў гэтую нядзелю, не адпавядалі стандартам АБСЭ й Рады Эўропы наконт правядзеньня дэмакратычных выбараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG