Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Гэта лячэньне душы – пахадзіць па грыбах”


Іна Студзінская, Менск Цудам расьліннага сьвету, бясцэнным дарам прыроды справядліва лічацца грыбы. Колькі прыказак і прымавак, народных прыкмет прысьвечана грыбам – цяжка нават падлічыць. “Калі грыбна, дык і хлебна”, “Дождж ідзе – грыбы будуць, дзеўкі растуць – бабы будуць”, “Еж капусту з грыбамі, дзяржы язык за зубамі”, “Баючыся ваўкоў, застанесься без грыбоў”, “Па дарозе ідучы, грыбоў не набярэш”, “Калі з роду баравік, то лезь, браце, у кошык”, “Калі ёсьць сала, то і грыб – патрава, калі няма рыб, то добры і грыб”, “Набок, грыбок, баравік едзе”... Што значаць для беларуса грыбы?

У прыгарадных электрычках, нават у цягніках мэтро – устойлівы грыбны дух. Зь лесу вяртаюцца зь вёдрамі, кошыкамі, мяхамі, поўнымі грыбоў. Нават старажылы не прыпамінаюць такога ўраджайнага на грыбы году. На Камароўцы размаўляю са спадарыняй Тацянай, якая за некалькі хвілінаў прадала ажно чатыры даволі вялікія кошыкі маладзенькіх, крэпенькіх баравічкоў, красьнюкоў, падбярэзавікаў – зарабляе грыбамі на вучобу сына.

(Тацяна: ) “Гэта ж падспор’е, папрацавалі тыдзень-другі, сабралі грыбоў. Дык і возім грыбочкі прадаваць. Гэта ж грошы ляжаць у лесе!”

(Карэспандэнтка: ) “А дзе вы іх зьбіраеце?”

(Тацяна: ) “Асіповіцкі край, Старыя Дарогі – там і ягад поўна, і грыбоў. А цяпер тры тыдні баравікі растуць – мяшкамі носім”.

(Карэспандэнтка: ) “Але месцы трэба ведаць і ўмець зьбіраць?”

(Тацяна: ) “Ой, ведаць, і ўмець зьбіраць. Таму што грыбнік – як гаспадыня на сваім гародзе градкі ведае. Я вось хаджу па лесе гадзіну, другую – у мяне поўны кошык. А гарадзкія – яны з трыма грыбамі носяцца, галосяць, крычаць, зьбіраць ня ўмеюць. А мы ж ведаем, пад якім дрэвам яны, дзе сям’я грыбная. Гэта лячэньне душы – пахадзіць па грыбах”.

Вядомы гісторык Міхась Чарняўскі у грыбах таксама адпачывае душою:

(Чарняўскі: ) “Я страшэнна люблю грыбы зьбіраць. Гэта магчымасьць пабыць аднаму ў лесе, пабыць у адзіноце, падумаць пра самае рознае. Вачыма глядзіш, дзе гэтыя грыбы, а сам цешысься цішынёй, рэдкімі птушкамі. Гэта зусім іншая філязофія. Я нарадзіўся ў вёсцы і правёў усё дзяцінства на хутары, таксама ў адзіноце – грыбы з самага дзяцінства. Я вось толькі-толькі прыехаў з грыбоў. Сёньня выбраўся на паўдня, але на поўніцу душу адвёў!”

Старажытнагрэцкі батанік Тэафраст яшчэ ў чацьвёртым стагодзьдзі да нашай эры апісаў пячурыцы і труфелі. На самым пачатку новай эры рымскі навукоўца Пліній Старэйшы падзяліў грыбы на ядомыя і неядомыя. Але да 18 стагодзьдзя навука пра грыбы – мікалёгія – разьвівалася вельмі павольна. Навукоўцы ніяк не маглі дамовіцца, да якога царства прыроды аднесьці грыбы: да расьлінаў, жывёлаў альбо мінэралаў. І толькі напрыканцы 18 стагодзьдзя Карл Лінэй канчаткова замацаваў прыналежнасьць грыбоў да расьліннага сьвету.

Але грыбы не заўсёды ўжывалі ў ежу. Апавядае супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Беларусі Эдвард Зайкоўскі:

(Зайкоўскі: ) “Дасьледчыкі, якія вывучаюць старажытнаіндыйскую культуру, знайшлі, што ў кнігах ведаў згадваецца сьвяшчэнны напой “сома” – галюцынагенны напой, магчыма, з мухамораў, для падбадзёрваньня. У скандынаўскіх вікінгаў таксама ўжывалі спэцыяльны настой з мухамораў, пасьля якога воін набываў часова незвычайную сілу. Але пасьля бою ў яго назіралася, так бы мовіць, пахмельле – упадак сіл”.

Гісторык Эдвард Зайкоўскі распавёў, што на месцы старажытнага паселішча ІХ стагодзьдзя пад Берасьцем раскапалі чышчаныя, падрыхтаваныя для гатаваньня грыбы.

Мовазнаўца Іван Яшкін цягам трыццаці гадоў у дыялекталягічных экспэдыцыях па беларускіх вёсках вывучаў гісторыю грыбоў, зьбіраў назовы, апісаньні, а таксама рэцэпты прыгатаваньня грыбоў. Ён распавёў, што ў сярэдзіне 19 стагодзьдзя каля мястэчка Бобр нарыхтоўвалі да 600 пудоў сушаных баравікоў! А пад Мазыром і Калінкавічамі да самай Чарнобыльскай катастрофы нарыхтоўвалі грыбы для крамлёўскай кухні. Іван Яшкін выдаў кнігу “Грыбы ў традыцыйнай нацыянальнай кухні”, дзе сабраў больш за дзьве сотні арыгінальных рэцэптаў – “Грыбное шчасьце з малаком”, “Крышаны з красьнюкамі”, “Журка з баравікамі”, “Калдуны графа Тышкевіча з грыбамі”, грыбныя падкалоты, поліўкі, грыбны квас!

(Яшкін: ) “Усе рэцэпты правераныя часам – пазначана, ад каго рэцэпт, гаспадыня і мясцовасьць. Ёсьць тут арыгінальныя рэцэпты: калі, напрыклад, гатаваць куцьцю, і яна будзе ўтыканая баравікамі, то гэта ж такая страва гасьцям! Ёсьць тут і з крывёю прыгатаваныя грыбы. І каб гэтыя стравы былі ў “Сялянскіх прысмаках” ці ў другім кафэ, то чалавек захацеў бы іх пакаштаваць…”

На жаль, няшмат у беларускай сталіцы такіх месцаў, дзе можна адведаць лясных далікатэсаў. Нядаўна адкрылася страўня “Талака”. Гутару з шэф-поварам Русланам:

(Руслан: ) “У нас можна пачаставацца пасолькай грыбной, журам грыбным, супам-патраўкай з грыбамі, маканкай, яешняй, гульбішнікам з грыбамі, тушанкай мяса-грыбной. Гэта старадаўнія сялянскія стравы. Гатуем мы іх у печы. Самыя лепшыя, правераныя грыбы купляем. Вельмі любяць грыбныя стравы замежнікі”.

Адмыслоўцы сьцьвярджаюць, што грыбы вельмі карысныя, дапамагаюць ад многіх хваробаў. Іван Яшкін і спадарыня Тацяна дзеляцца народнымі рэцэптамі:

(Яшкін: ) “Пры адмаражэньнях баравік ужываюць. Мухаморы – ад жывата, а таксама настоем націраюць ад рэўматызму. У гарэлку мухамораў накладуць, у лазьні гэтым натруцца, ды яшчэ венікам папарацца бярозавым – зь фітанцыдамі лячэньне такое дзейснае!”

(Тацяна: ) “Нават у каго мастапатыя – вылечваюцца спакон вякоў. Баравікі сушаныя размачыць і прыкласьці, усё рассмоктваецца. Грыбы лячэбныя! Раней у сяле мяса ў боршч не кідалі, а грыба! Дык жывуць па 85-90 гадоў”.

Але дары лесу часьцяком бываюць вельмі небясьпечнымі. Ужо сёлета грыбамі атруціліся й трапілі ў шпіталь больш за 200 чалавек, 12 чалавек памерла. Гутару з заўзятай грыбніцай спадарыняй Тацянай.

(Карэспандэнтка: ) “Вы зьбіраеце традыцыйныя грыбы – баравікі, масьлякі, падбярэзавікі. Зараз кажуць, шмат новых грыбоў зьявілася, і шмат людзей атручваецца...”

(Тацяна: ) “Вось гэтыя новыя невядомыя грыбы – таму яны і атручваюцца. Трэба браць тыя, якія спакон вякоў людзі бралі. Шмат жа нармальных грыбоў! Навошта браць, як мы кажам, воўчыя, неядомыя грыбы? Потым і атручваюцца. І гатаваць добра трэба. Ня так, што яна прыварыла, паставіла ў лядоўню, а потым праз 3 дні будзе есьці. Грыб трэба сьвежы есьці”.

Іван Яшкін дзеліцца старадаўнім рэцэптам праверкі грыбоў:

(Яшкін: ) “Самы надзейны спосаб праверкі карыстаньня ў ежу – гэта каты і людзі. Насмажаць грыбоў і даюць катам. Асабліва так правяраюць новыя віды – сьвінушкі ці капылы, капыты па-нашаму. Калі кот не атруціцца, можна ўжываць і людзям. Хоць гэта і негуманна, але ж у мэдыцыне выкарыстоўваюць пацукоў. І яшчэ. Ёсьць грыб, калі па-руску – “навозник белый”, а па-беларуску “гнаявік”. Нельга імі закусваць ні віно, ні гарэлачку”.

Загадчыца харчовага адзьдзелу Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя Анжэла Скуратовіч аналізавала атручваньні грыбамі.

(Скуратовіч: ) “Да прыкладу, спажываюць смажаныя сыраежкі. Любыя грыбы павінны быць адвараныя. Прычым, абавязкова два разы па 20 хвілінаў, і адвар абавязкова зьліць. Незалежна ад таго, у суп яны ідуць альбо смажацца. Умоўна ядомыя грыбы таксама не павінны спажывацца ў ежу. Толькі ядомыя грыбы, каб пазьбегнуць атручваньняў”.

Атручваюцца людзі часьцяком ад няведаньня. Энтузіяст Іван Яшкін падрыхтаваў да друку даведнік: 270 відаў грыбоў, 2700 народных назваў іх, з каляровымі малюнкамі, дакладным батанічным апісаньнем, спосабамі гатаваньня. Але выдаць яго ня можа, ходзіць па выдавецтвам, чуе адмовы.

(Яшкін: ) “У тым даведніку даецца, як грыб называецца па мясьцінах. Калі на прыпынках у электрычках людзі спрачаюцца – гэта капыл, альбо сьвінушка, альбо каваль. А гэта адзін грыб, толькі розныя назвы, мясцовыя. Ці ж дрэнна гэта выдаць з малюнкамі? Проста крыўдна-крыўдна. І каб жа не было шкоды ад таго няведаньня! Ну, баравіком не атруцісься, а калі крыху недаварыш, таксама можна атруціцца! 27 аркушаў падрыхтавана. Нават карта грыбовішчаў ёсьць. Я жартую, што здаем вам дзяржаўную тайну, а вы ня хочаце друкаваць!”

Адмыслоўцы папярэджваюць: з грыбамі пасьля Чарнобылю трэба абыходзіцца вельмі асьцярожна, асабліва восеньскія грыбы вельмі моцна назапашваюць радыёнуклеіды. Пры зборы трэба карыстацца мапай радыяцыйнай забруджанасьці. Абавязкова праверыць у адмысловых цэнтрах. Вось што кажа дырэктар Інстытуту “Белрад” прафэсар Васіль Несьцярэнка:

(Несьцярэнка: ) “Сёньня дзесьці 80% грыбоў, якія людзі прыносяць на кантроль, забруджаныя радыёнуклеідамі. Але з грыбамі ёсьць выйсьце. Іх трэба заліць вадой – на 3 літры вады 2 сталовыя лыжкі солі і прыкладна 30 грамаў воцату. Патрымаць 3 гадзіны і зьліць гэтую ваду. І 80% радыёнуклеідаў зыходзіць з вадой”.

І хоць палохаюць нас атручваньнямі, радыяцыяй, ня могуць беларусы адмовіцца ад дароў лесу, сьцьвярджае заўзятая грыбніца спадарыня Тацяна з вёскі Крынка Асіповіцкага раёну:

(Карэспандэнтка: ) “Беларус без грыба ня можа жыць?

(Тацяна: ) “Не-не-не! Грыб ёсьць грыб. Ён карысны. Хто есьць, той здаровы. Вазьміце працэс запаленьня: суп зь белых грыбоў два разы зьелі – дзе тое запаленьне падзелася? Гэта лячэньне душы – пахадзіць па грыбах”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG