Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Жанчына-штангістка больш сымпатычная як асоба, чым прагматычная спажывецкая дамачка 25 гадоў, якая зь сябе нічога не ўяўляе”


Алег Дашкевіч, Менск Нядаўна завершаныя Алімпійскія гульні далі чарговы імпульс дыскусіям аб жаночай прысутнасьці ў тых відах спорту, якія да апошняга часу лічыліся выключна мужчынскімі – напрыклад, у цяжкай атлетыцы, дзюдо, вольным дужаньні. Што прыносіць з сабою фэмінізацыя мужчынскіх відаў спорту? Увогуле, як ставяцца беларусы да такіх новых павеваў на памостах і арэнах?

Калі Ганна Бацюшка й Тацяна Стукалава заваёўвалі свае алімпійскія ўзнагароды, апаноўвала супярэчлівае пачуцьцё: з аднаго боку, радасьць за посьпех беларускіх атлетак, з другога – страх за іхнае здароўе. Ускінуць над галавой такую вагу здолее рэдкі атлет-мужчына. Напружаньне, якое выступае на твары жанчыны-цяжкаатлеткі, кідае ў шок. Яшчэ большая роспач агортвае, калі згадваеш туніскую спартоўку – тая, нягледзячы на відавочную траўму пахвіны, раз за разам няўдала падыходзіла да штангі. Пытаньне, ці не пагражае такі спорт жаночаму здароўю, паўставала само сабою.

Старшыня Беларускай фэдэрацыі цяжкай атлетыкі алімпійскі чэмпіён Валеры Шарый лічыць, што нічога незвычайнага ў такіх практыкаваньнях для жанчыны няма. Гэта сусьветная тэндэнцыя, і цяжкая атлетыка нават карысная для жаночага арганізму, гаворыць Шарый.

(Шарый: ) “Што здароўе? Наадварот, моцныя будуць, лягчэй нараджаць будуць. Увесь сьвет займаецца, чаму мы павінны быць ізгоямі? Гэта нармальны від спорту для жанчын. Яны таксама ж хочуць жыць, як і мужчыны. Зарабіць на жыцьцё, славу сабе займець”.

Пакуль што, паводле зьвестак Фэдэрацыі, жаночай штангай у Беларусі займаецца ня вельмі шмат спартовак – каля пяцідзесяці на ўсю краіну, дзяўчаты ад дванаццаці гадоў і старэйшыя. Сэкцыі працуюць у абласных гарадох і ў Менску. Трэба думаць, што пасьля алімпійскага посьпеху шэрагі ахвочых да жаночай штангі пашырацца.

Але тым жанчынам, якія адважваюцца на заняткі цяжкай атлетыкай, дужаньнем ці футболам, варта ведаць, што ў “мужчынскіх” відах траўмы іх знаходзяць часьцей за мужчынаў. Загадчык аддзяленьня траўматалёгіі Нацыянальнага спартова-фізкультурнага дыспансэру Мікалай Макоўскі лічыць прычынай тое, што жанчыны ў спорце больш агрэсіўныя:

(Макоўскі: ) “Жанчыны дужаюцца больш агрэсіўна. Церпяць, як правіла, калені, плечы, локцевыя суставы, зьвязкавы апарат. Траўмаў у жанчын болей, чым у мужчынаў. Калі штангістка падымае вагу ў два-тры разы большую за сваю, ідзе нагрузка на органы малога таза, адбываецца апушчэньне жаночых унутраных органаў, апускаюцца ныркі. У маёй практыцы быў выпадак, калі ў дачыненьні да дужаньніцы выкарыстоўвалася апэратыўнае ўмяшаньне”.

Каб ісьці на такія ахвяры, апроч грошай і славы, у жанчын павінен быць дадатковы матыў.

Экс-чэмпіёнка сьвету ў дзюдо й чэмпіёнка сьвету ў сумо ў цяжкай вазе, Вераніка Казлоўская лічыць, што на яе выбар паўплывала мода й жаданьне самасьцьверджаньня. Што да траўмаў, то на яе думку, для жанчыны боль ня ёсьць нечым непераадольным.

(Казлоўская: ) “Гэта была даніна модзе й доказ бацьку, што я магу й зраблю. Ён папросту надоўга прыклеіў да мяне мянушку “майстар з понтам” і “чэмпіёнка міма”. Калі я пачала прыносіць пасьведчаньне кандыдата ў майстры спорту, майстра спорту, чэмпіёнкі сьвету, майстра спорту міжнароднай клясы, тата зразумеў, што тут іншае стаўленьне... Любой жанчыне трэба нараджаць, таму жанчына больш трывалая да любога болю. Бывае, глядзіш, гэты локаць напалам сагнуўся ў другі бок, але яна не здаецца, спрабуе вывернуцца, глядзіць на табло, лічыць сэкунды: “Раптам я вытрываю, раптам мне хопіць?”

Ня ўсім дзяўчатам шанцуе быць прынятымі ў групы мастацкай гімнастыкі, сынхроннага плаваньня ці фігурнага катаньня. Ня ўсе могуць разьлічваць на рэалізацыю ў бізнэсе. Таму нават такі экстрэмальны спорт, як адзінаборствы ці штанга, становіцца для жанчыны шляхам “выбіцца ў людзі”. Дарэчы, красамоўны факт: сярод дужаньніц ды штангістак на Алімпіядзе пераважалі прадстаўніцы краінаў былога сацлягеру ды арабскага сьвету. На шляху да мэты спартовак не спыняюць ні грамадзкія стэрэатыпы, ні нават сьлёзы й просьбы сваякоў. Гаворыць спартовы аглядальнік газэты “Народная воля” Алесь Сівы:

(Сівы: ) “Я размаўляў з маці нашай срэбнай прызэркі Ганны Бацюшкі. Маці казала, што нават плакалі, не дазвалялі ёй ісьці ў цяжкую атлетыку. Маці працуе ў бальніцы, нават загадчыца аддзяленьня бальніцы казала, што гэта вельмі не спрыяе для здароўя яе як жанчыны. Тым ня менш тая ж Ганна адказала, што пасьля Алімпіяды будзе працягваць займацца цяжкай атлетыкай”.

Экспансія жанчын у “мужчынскі” спорт ідзе ў адпаведнасьці з грамадзкімі й цывілізацыйнымі працэсамі, лічыць сацыяльны псыхоляг Сяргей Язерскі:

(Язерскі: ) “Ідзе працэс глябалізацыі, сьціраньня адрозьненьняў, спачатку – вонкавых адрозьненьняў. Жаночы пол на дзіва хутка зьмяняецца. Для жанчын цяпер сям’я траціць каштоўнасьць, шмат адзінокіх мацярок. Больш жанчын цяпер цікавяцца кар’ерай. Гэта дрэнна, таму што чалавецтва атрымлівае самае галоўнае ад жанчын, бо жанчына – выхавацелька ў сям’і”.

Жанчына зь цяжэннай штангай над галавою і перакошаным у напрузе тварам – надзвычай яркая правакацыя для канцэптуальных спрэчак аб ролі жанчын у соцыюме. З другога боку, жанчына з кайлом на рэйках ці зь мехам на сьпіне ні ў кога не выклікала, дый цяпер не выклікае пільнае ўвагі. У абаронцаў правоў жанчын ёсьць свае аргумэнты на выказаныя дакоры што да спартовых густаў ды маральных устояў.

Гаворыць сябра Рады пінскай рэгіянальнай арганізацыі “Калегіюм” Наста Гулак.

(Гулак: ) “Тое, што гэты спорт прадстаўлены на Алімпіядзе, – гэта вынік таго, што ёсьць, гэта вяршыня айсбэргу. Жанчына-штангістка ці дзюдаістка, якая бярэ алімпійскія ўзнагароды ці не бярэ, але проста ўдзельнічае, для мяне больш сымпатычная як асоба, чым тая прагматычная, спажывецкая дамачка дваццаці пяці гадоў, якая зь сябе нічога не ўяўляе й жыве за каўняром у свайго бой-фрэнда ці мужа. Гэта больш разьядае добрыя маральныя ўстоі, чым пара-тройка спартовак з мужчынскім выглядам”.

Варта зазначыць, што ня кожная атлетка, якая дачыняецца з мэталем ці кідае суперніцу на татамі з пранізьлівым крыкам “кій-а”, выглядае па-мужчынску. Жаноцкага шарму ніякім, нават самым цяжкім спортам, не заглушыш. Даволі згадаць польскую штангістку цяжкай вагі Агнешку Ўрубаль або алімпійскую чэмпіёнку з Кубы, вялікую й чорную штурхальніцу ядра Юнібэль Кумбу. Але, што зноў жа праўда, шарм – набытак далёка ня ўсіх спартовак.

Якія далягляды адкрывае для грамадзтва паўсталая зьява? Мужчынскія погляды ў яе асэнсаваньні радыкальна разыходзяцца.

Гаворыць пісьменьнік Канстанцін Тарасаў.

(Тарасаў: ) “Мне гэта вельмі падабаецца. Гэта паказьнік пэўнай свабоды й новага разуменьня свайго месца жанчынай. За гэтым стаяць вялікія зьмены ў псыхалёгіі сёньняшняга грамадзтва. Глядзець на гэта вельмі цікава. Гэта будзе разьвівацца, яно ўжо ня можа адступіць і зробіць вельмі моцны ўплыў на пачуваньне жанчыны ў грамадзтве. Гэта натхняе астатніх на большую свабоду й пачуцьцё ўласнай годнасьці, ня меншай, чым у так званага моцнага полу”.

Філёзаф Валянцін Акудовіч трымаецца процілеглай думкі.

(Акудовіч: ) “Я ня бачу пэрспэктывы ў гэтых вычварэнскіх формах. Яны антыэстэтычныя, яны ні пра што ня кажуць. Ні пра здольнасьці жанчын, ні пра здольнасьці чалавека. Усе гэтыя віды толькі псуюць малюнак спорту, адвабліваюць ад яго як ад прыгожага міту пра гожага чалавека. Я бачу гэта проста як нейкую паталёгію, у якой ня бачу ніякай слушнасьці, апроч слушнасьці паталёгіі”.

Тыя жанчыны, зь якімі я размаўляў на гэтую тэму на вуліцах Менску, хутчэй пагаджаліся са спадаром Акудовічам. Адно, у чым яны былі непахісныя – гэта ў праве жанчын на выбар.

(Юначка: ) “Я не адмаўляю гэтага віду спорту. Калі ім падабаецца, хай спаборнічаюць”.

(Спадарыня: ) “Я стаўлюся ня тое каб адмоўна, але глядзець на гэтую гару мышцаў… Мне здаецца, што ў пошуках жаночай свабоды яны зайшлі занадта далёка”.

(Спадарыня: ) “Іхны ўдзел у такім відзе спорту нікому ня шкодзіць, таму гэта іх асабісты выбар. Але асабіста я не лічу, што гэта робіць жанчыну больш прывабнай”.

(Дзяўчына: ) “Сумо, штангу я ніколі не гляджу. Гэтыя віды спорту, нават калі ў іх прымаюць удзел мужчыны, не для мяне. Але кожны чалавек можа займацца тым, чым ён хоча”.

Як бы там ні было, а Беларусь мае два алімпійскія мэдалі на пяцьдзясят спартовак-цяжкаатлетак у краіне. Каэфіцыэнт ўражвае. Патэнцыял беларусак у справе рэалізацыі асобы бязьмежны. Ад усьведамленьня гэтага робіцца ажно трохі страшна.
XS
SM
MD
LG