Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леванеўскага і Васільева засудзілі да двух гадоў зьняволеньня кожнага — за абразу прэзыдэнта Лукашэнкі


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Горадні асуджаныя да двух гадоў зьняволеньня кіраўнікі страйкаму прадпрымальнікаў краіны Валеры Леванеўскі і Аляксандар Васільеў. Суд прызнаў іх віннымі ў нанясеньні публічнай абразы прэзыдэнту Лукашэнку, злучанай з абвінавачаньнем яго ў цяжкім злачынстве (артыкул 368, частка ІІ Крымінальна-працэсуальнага кодэксу).

Аляксандар Васільеў таксама прызнаны вінным у арганізацыі “групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак” (артыкул 342 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу), а калі больш дакладна — у арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу прадпрымальнікаў 1траўня. За гэта суд вызначыў яму яшчэ паўтара году зьняволеньня. Але паколькі больш значнае пакараньне паглынае менш значнае, агулам яму прызначаны два гады зьняволеньня. Адбываць яго Леванеўскі і Васільеў будуць у папраўчай калёніі агульнага рэжыму.

Абвінавачаньне выкарыстала тэкст першамайскай улёткі, якую яны распаўсюдзілі. Ва ўлётцы быў заклік да гарадзенцаў прыйсьці на першамайскі мітынг, а таксама быў надрукаваны верш, у якім сьледзтва выявіла нібыта абразу прэзыдэнта. Удзельнікі мітынгу запатрабавалі адстаўкі прэзыдэнта Лукашэнкі.

Прысуд сёньня павінен быў прагучаць апоўдні. Але тых, хто прыйшоў у суд, у залю пусьцілі на дваццаць хвілінаў пазьней. Валерыя Леванеўскага прывялі яшчэ толькі праз сорак хвілінаў, а ўжо потым зьявіліся пракурор і судзьдзя. Аляксандар Васільеў ня меў ілюзіяў адносна судовага рашэньня і прынёс торбу з рэчамі. Сам ён быў у чорным гарнітуры, белай кашулі з гальштукам. У апошнія свае хвіліны на свабодзе спадар Васільеў сказаў для нашага радыё:

(Васільеў: ) “Любы прысуд, які будзе вынесены, можа, зьмяшчэньне ў калёнію на тры гады, як патрабаваў пракурор, я прыму з годнасьцю і лічу за гонар пацярпець за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі”.

Судзьдзя Дземчанка зачытваў прысуд прыблізна паўгадзіны. Пры канцы ён сказаў, што Аляксандра Васільева належыць узяць пад варту неадкладна, і два міліцыянты адразу кінуліся да яго і схапілі за рукі. Ажно судзьдзя мусіў ім зрабіць заўвагу, што яшчэ ня скончыў чытаць прысуду. І калі яшчэ гучалі апошнія словы судзьдзі, на руках Аляксандра Васільева гучна клацнулі кайданкі.

У судзе сёньня былі жонка Валерыя Леванеўскага Марына і два ягоныя старэйшыя сыны — Уладзімер і Зьміцер. Марына Леванеўская сказала пасьля суду пра свае пачуцьці:

(Леванеўская: ) “Галоўнае, што, як быццам, усё стала на свае месцы. Да вынясеньня прысуду мы знаходзіліся ў якімсьці напружаньні і ў няпэўнасьці: што будзе, колькі год яму дадуць, як пакараюць. Знаеце, калі кожны дзень чакаеш, гэта так непрыемна, нічога ня можаш рабіць абсалютна”.

Валеры Леванеўскі за кратамі сядзіць ўжо больш за чатыры месяцы, і дома яго ня ўбачаць яшчэ доўга.

(Леванеўская: ) “Два гады яму прысудзілі. Ну, у нашай сям’і мы заўсёды выходзілі са становішча. Шмат знаёмых ёсьць, сваякоў. Знойдзем выйсьце са становішча, трэба на сямейнай нарадзе вырашыць”.

На думку авдаката Аляксандра Бірылава, працэс меў яўна абвінаваўчы характар. Суд ня браў пад увагу прэзумпцыю невінаватасьці, калі ўсе сумневы ў доказах вырашаюцца на карысьць абвінавачаных. Вось што сказаў адвакат пасьля таго, як ягоных падабаронных вывелі з судовай залі міліцыянты:

(Бірылаў: ) “Большасьць усіх доказаў, якія былі дасьледаваныя, абвінавачаньнем прымаліся пад увагу толькі тыя доказы, якія абвінавачваюць у зьдзяйсьненьні злачынства”.

Абарона будзе падаваць касацыйную скаргу на гэтае судовае рашэньне.

Даведка Радыё Свабода:

***

Валеры Леванеўскі нарадзіўся ў Горадні, яму 41 год. Мае няпоўную вышэйшую адукацыю. З сям’ёю жыве ў трохпакаёвай кватэры. Жонка Марына займаецца дабрачыннасьцю ў грамадзкай арганізацыі “Крыніца міласэрнасьці” і мае дзьве вышэйшыя адукацыі. Разам з мужам яны зьбіралі сярод прадпрымальнікаў грошы, рэчы і перадавалі іх маламаёмным сем’ям, у дзіцячыя дамы. В. Леванеўскі выпускаў некалькі інфармацыйных бюлетэняў, дагэтуль мае інтэрнэт-сайт.

Старэйшыя сыны Зьміцер (22 гады) і Уладзімер (18 год) — студэнты Гарадзенскага унівэрсытэту імя Я.Купалы. Дачка Кацярына (17 гадоў) здала сёлета экзамэны на юрыдычны факультэт унівэрсытэту, але зважаючы, што на платным аддзяленьні будзе дорага вучыцца, пайшла у вучылішча на бармэна-афіцыянта. Малодшы сын Антон мае 12 гадоў. У сям’і жыве сабака, якога зваць Стэк, і для якога падчас ператрусу ў кватэры, які 4 месяцы таму праводзіў КГБ, амонаўцы падрыхтавалі сетку.

***

Аляксандар Васільеў нарадзіўся ў Пэнзенскай вобласьці ў Расеі, яму 58 гадоў. Скончыў у Казані вайсковую вучэльню (1969 г.) і артылерыйскую акадэмію ў Ленінградзе (1977 г.), служыў у ракетных частках у сухапутных войсках, службу скончыў у Беларусі, падпалкоўнік у адстаўцы. Разам з жонкай Натальляй займаўся прадпрымальніцкай дзейнасьцю. Выпускаў бюлетэнь “Факел Прометея”, піша аматарскія вершы на расейскай мове. З Валерам Леванеўскім займаўся арганізацыяй прадпрымальніцкага руху прынамсі 6,5 гадоў.

У Горадні ў яго двое дзяцей: дачцэ 20 гадоў, сыну — 16. Ад першага шлюбу ён мае дачку Валянціну, якая жыве на поўначы Францыі, мае перакладчыцкую фірму і працуе таксама ў пастарунку паліцыі перакладчыкам. У яе двое дзяцей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG