Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Фармальна ў нас адукацыя бясплатная, але мы за ўсё плацім”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Пачну зь ліста, аўтар якога заклапочаны той жа праблемай, што і сотні тысяч іншых бацькоў, якія пасьля летніх вакацыяў выпраўляюць дзяцей у школу.

“Увесь свой і жончын заробак давялося аддаць на тое, каб выправіць дзяцей у школу, — піша нам Уладзіслаў Ліпніцкі зь Менску. — Цэны ў параўнаньні зь мінулым годам вырасьлі ўдвая. З трывогай думаю пра тое, што пачнецца ў школе: трэба грошы на падручнікі, на сьняданкі, на рамонт клясы, на дадатковыя заняткі й гурткі... У мой час усё гэта было бясплатна. Фармальна і цяпер адукацыя нібыта бясплатная, але фактычна мы за ўсё плацім, і вельмі немалыя грошы. Што ж гэта за “рынкавы сацыялізм” такі? Заробкі ў нас “сацыялістычныя”, гэта значыць — нізкія, а вось у школах, ВНУ, паліклініках і шпіталях ужо даўно рынак: за ўсё плаці. А не заплаціш — будзеш марынавацца ў чэргах і нічога не атрымаеш”.

Пра ідэю так званага “рынкавага сацыялізму”, якую вынайшлі й актыўна прапагандавалі беларускія ўлады ў другой палове 1990-х гадоў, сёньня тыя ж улады стараюцца ўвогуле ня згадваць. Ні якаснай адукацыі, ні грунтоўнай мэдычнай дапамогі ў Беларусі не атрымаеш, калі ў цябе няма грошай альбо высокай намэнклятурнай пасады (якая дае права на спэцабслугоўваньне ў закрытых паліклініках і шпіталях — так званай “лечкамісіі”). Праўда, у Канстытуцыі права на бясплатную адукацыю і мэдыцыну замацавана, але там і шмат іншых прывабных рэчаў запісана — напрыклад, права на жыльлё альбо на годны ўзровень жыцьця. Паспрабуйце суцешыць гэтымі правамі беларускіх жабракоў альбо бяздомных.

Ліст ад Альберта Штукара з Рэчыцы. Слухач піша:

“Да 2002 году ў нашым горадзе быў краязнаўчы музэй, на трох паверхах якога месьціліся някепскія экспазыцыі. Штодня сюды прыходзілі школьнікі й вэтэраны, заходзілі гараджане зь дзецьмі, бывалі экскурсіі. Часта праводзіліся разнастайныя сустрэчы, выставы. У 2002 годзе пры аднаўленьні праваслаўнага храму будынак музэю разбурылі, а ўсё, што ў ім было (экспазыцыі ды фонды) раскідалі па розных хлявах ды закутках гораду.

Так музэй з ласкі гарадзкіх уладаў стаў бамжом. Я ўпэўнены: калі б мэр гораду выбіраўся гараджанамі, а не прызначаўся “зьверху”, такога гвалту не было бы, і для музэю абавязкова знайшлося б месца. Пра ўсё гэта я напісаў у мясцовую газэту “Дняпровец”. У рэдакцыі ня горш за мяне ведалі пра сытуацыю, але ў адказ — ні гуку. Такое ўражаньне, што ў гэтай кішэннай газэце ўлады адсотак грамадзянскага сумленьня роўны адсотку беларускамоўных артыкулаў. Па пальцах можна пералічыць нумары газэты, дзе няма партрэта галоўнага гарадзкога начальніка альбо падхалімскага артыкула ў яго гонар”.

У сваім лісьце на Свабоду Альберт Штукар з Рэчыцы зьвяртаецца таксама з наступным пытаньнем, якое лічыць для сябе вельмі важным. Слухач піша:

“Ці ўдзельнічаць у галасаваньні 17 кастрычніка? Вырашыў ня ўдзельнічаць. Паколькі, з аднаго боку — татальныя фальшаваньні, а з другога, мне здаецца, што для махляра псыхалагічна больш страшна падрабіць подпіс выбаршчыка ў сьпісах, чым памяняць кіляграм-другі бюлетэняў у скрынях. Але ці маю я рацыю?”

Для чалавека, які гатовы на махлярства з выбарчымі бюлетэнямі альбо сьпісамі, наўрад ці ёсьць розьніца, якім чынам парушаць закон. Тэарэтычна і за подробку подпісаў, і за падмену бюлетэняў прадугледжаная аднолькавая крымінальная адказнасьць. Калі хтосьці наважыўся на адно злачынства, то наўрад ці спыніцца перад другім, па сутнасьці — такім жа.

Ідэя байкоту выбараў магла бы прынесьці плён, калі б яе падтрымала большасьць грамадзтва. Але такой падтрымкай гэтая прапанова не карыстаецца — людзі на выбары пойдуць. І калі ў вашай, спадар Штукар, акрузе будзе кандыдат, якому вы давяраеце і погляды якога падзяляеце — то чаму б і не падтрымаць яго?

Уладзімір Зьвернік зь мястэчка Чысьць Маладэчанскага раёну ў сваім лісьце выказваецца наконт праблемы назвы вуліц, гэтую тэму мы шырока абмяркоўвалі два тыдні таму, пасьля таго, як у Менску адразу некалькі дзясяткаў вуліц былі перайменаваныя ўладамі. Уладзімер Зьвернік лічыць, што ня ўсюды ў гэтай справе ёсьць праблемы. Ён піша:

“Колькі гадоў таму мяне і жонку мясцовае кіраўніцтва запрасіла на працу ў Чысьць. Мая жонка карэнная мянчанка, а я — расеец, народжаны ў Маскве, але ўсё жыцьцё пражыў у Менску. Пасьля доўгіх ваганьняў мы прынялі прапанову і цяпер працуем у мясцовай школе. Дык вось, тут мы атрымалі кватэру на вуліцы Максіма Багдановіча, які ў 1911 годзе жыў літаральна побач з нашым домам, у суседняй вёсцы Ракуцёўшчына (гэта 400–500 мэтраў ад нас). Што да нашай кватэры ў Менску, то яна знаходзіцца на вуліцы Дуніна-Марцінкевіча. Наш шматпавярховы дом, які месьцічы называюць “кітайскай сьцяной”, адным бокам выходзіць на вуліцу Янкі Маўра, а другім — на праспэкт Пушкіна. Менавіта таму маю жонку і мяне цалкам задавальняе такі тапанімічны асяродак. У Чысьці ж мы з групай прыхільнікаў распачалі збор подпісаў за тое, каб мясцовую вуліцу Цэнтральную назваць імем Васіля Быкава”.

Пашанцавала вам, спадар Зьвернік. Але колькі людзей у Беларусі жывуць на вуліцах Дзяржынскага і Ўрыцкага, едуць на працу па Камуністычнай альбо Леніна, вучацца на Калініна ці Сьвярдлова. І так ва ўсіх без выключэньня беларускіх гарадах. Усе цэнтральныя, самыя старыя вуліцы, гістарычныя назвы якіх скасавалі пасьля рэвалюцыі бальшавікі, і па сёньня носяць імёны камуністычных правадыроў і функцыянэраў. А імёны дзеячаў беларускай гісторыі й культуры ўлады даюць найчасьцей занядбаным ускраінным вуліцам у былых вёсках, далучаных да гарадоў.

Электронны ліст ад Юрыя Тышчанкі з Добрушуа:

“Дзень добры, спадар Жданко! Апошнія падзеі ў Расеі, я спадзяюся, нікога не пакінулі абыякавымі. А што будзе, калі наш прэзыдэнт пойдзе на аб’яднаннье з Расеяй (на маю думку, гэта адбудзецца падчас “выбараў” прэзыдэнта на так званы трэці тэрмін). Ці ня пойдуць тады беларускія міліцыянты (якія так добра змагаюцца зь няўзброенымі апазыцыянэрамі) наводзіць парадак у Чачэніі? Што тады будзе казаць электаральная большасьць прыхільнікаў дзейнага прэзыдэнта?

Пакуль усе прыхільнікі прэзыдэнта будуць спадзявацца на ягоныя словы, будучыня нашай краіны цьмяная. Вялікі дзякуй тым, хто ўсе апошнія гады вёў і вядзе барацьбу з рэжымам. Апазыцыянэраў можна паважаць ужо за тое, што яны не баяцца выказваць свае думкі ў краіне, дзе сярод большасьці насельніцтва пануюць страх і рабалепнасьць перад уладамі. Пры гэтым прыхільнікі апазыцыі рызыкуюць сваім жыцьцём і здароўем у пікетах ды на іншых акцыях”.

Тэма аб’яднаньня з Расеяй, спадар Тышчанка, была актуальная толькі да таго часу, пакуль у Аляксандра Лукашэнкі заставаліся шанцы на ўладу ў Крамлі. Сёньня гэтыя шанцы роўныя нулю. Адпаведна, ні пра якое аб’яднаньне няма размовы. Нават беларуская апазыцыя спыніла свае акцыі ў абарону незалежнасьці — пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка пасьля адной з сустрэч з Уладзімерам Пуціным і прапановы ўвайсьці ў склад Расеі на правах суб’екту фэдэрацыі заявіў, што сувэрэнітэт Беларусі недатыкальны, і гэта не падлягае абмеркаваньню.

На заканчэньне ліст ад Дзьмітрыя Ахрымука з Кобрыня, у якім слухач апісаў тое, як прайшоў адзін ягоны выходны жнівеньскі дзень:

“Зранку прыйшоў да гарадзкога рынку — прадаць некалькі кошыкаў, якія сам зрабіў. Каля рынку амаль нікога няма, але на зямлі пазначаныя крэйдай квадраты ды кавалкі цаглінаў: значыць, тэрыторыя кімсьці занята. Давялося перайсьці на другі бок. Сонца падымаецца вышэй, людзей прыбывае. Ідуць хто з чым — агароднінай, садавіной, граблямі... Маімі кошыкамі ня надта хто цікавіцца. Вось спынілася легкавушка: маладыя хлопцы прыладкавалі плякаты пра выбары. Прыгожы партрэт Аляксандра Меха, яго біяграфія. Людзі падыходзяць, цікавяцца. Некаторыя працягваюць пашпарты, каб дапамагчы будучаму кандыдату ў дэпутаты. Неўзабаве падышоў да іх капітан міліцыі, запатрабаваў дакумэнты, нешта запісаў у свой сшытак. Людзі гамоняць пра выбары, пра палітыку. Думкі розныя, часта процілеглыя. Вось так і мінуў мой рынкавы дзень — марна, бо кошыкі давялося несьці дамоў. Спадзяюся на другі выходны”.

Суцяшае хіба тое, спадар Ахрымук, што дзякуючы свайму занятку, вы ў курсе ўсіх апошніх палітычных падзеяў свайго раёну і добра арыентуецеся ў грамадзкіх настроях. А кошыкі свае, я ўпэўнены, вам удасца прадаць: у вёсцы вось-вось пачнуць капаць бульбу. Ды і ў грыбы людзі яшчэ пойдуць: попыт на добрыя кошыкі будзе.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Віталь Гусеў з Магілёва, Алесь Марціновіч з Баранавічаў, Алесь Шустоўскі з Барысава, Мікалай Слуцкі, Марат Гірко, Мікалай Лазук і Аляксандар Кузьмін зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG