Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнка – дзіця ўтапічнага камунізму”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Беларускія алімпійцы ў Афінах і беларускія калгасьнікі на жніве, паводле афіцыйнай вэрсіі ўладаў, спаборнічаюць паміж сабой. Хоць многія зь іх, верагодна, пра гэта нават не здагадваюцца.

“Хто пераможа — алімпійцы ці калгасьнікі?” – пытаецца ў сваім лісьце на Свабоду Вольга Дземідовіч з Валожына. І сама ж адказвае: “Ні адны, ні другія. Перамогуць чыноўнікі, начальнікі алімпійцаў і калгасьнікаў, якія будуць дакладваць “наверх” пра посьпехі сваіх падначаленых. Асаблівых перамог, думаю, ня будзе ні ў адных, ні ў другіх. Але ж важна ня тое, як насамрэч ідуць справы, а тое, як усё гэта падаць начальству. Вядома, са спортам цяжэй: прыпісаць мэдалі наўрад ці ўдасца. А вось тысячы і мільёны тон збожжа ў нас прыпісвалі заўсёды. За Саветамі на паліцах крамаў было шаром пакаці: па каўбасу гадзінныя чэргі стаялі. Затое ў зводках і рапартах — адны працоўныя подзьвігі, рэкордныя ўраджаі й прывагі. Цяпер дэфіцыту нібыта няма, але заслуга ў тым зусім не беларускіх калгасаў. “Чаўнакі” з Польшчы і Расеі за бесцань прывязуць любую колькасьць каўбас, толькі купляй. Так што мой прагноз такі: перамогуць у нас калгасьнікі — колькі трэба мільёнаў тон, столькі іхняе начальства і “намалюе”.

Ніякага спаборніцтва паміж калгасьнікамі й спартоўцамі, вядома ж, няма. Прапагандысцкая выдумка патрэбная палітыкам, уладзе, якая рыхтуецца да выбараў і рэфэрэндуму і гэткім чынам імкнецца прыцягнуць увагу да сябе, да сваіх нібыта дасягнутых посьпехаў. Але з алімпійцамі, сапраўды, атрымаўся вялікі канфуз: 25 мэдалёў з Афінаў яны не прывязуць – гэта ўжо відавочна. Значыць, уся слава дастанецца тым, хто працуе на жніве: “Дажынкі” сёлета, трэба меркаваць, будуць асабліва гучнымі.

Ліст ад Міхаіла Анохіна зь Менску. Слухач піша:

“Што кепскага, калі Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка будзе пажыцьцёвым прэзыдэнтам? Па-першае, добраахвотна ўладу ніхто ніколі не аддае. Па-другое, ад усіх гэтых выбараў мала толку – толькі вялізныя грашовыя выдаткі ды палітычная траскатня. Ёсьць адзін прэзыдэнт – і добра. У СССР генэральных сакратароў ніхто не выбіраў і не пераабіраў, быў адзін Леанід Ільіч – і ўсім было добра. Дарэчы, увесь разлад тады і пачаўся, калі яго ня стала і калі да ўлады прыйшоў Гарбачоў зь ягонымі гульнямі ў выбары ды ў дэмакратыю. У Беларусі парадак і дысцыпліна, крыкуны з апазыцыі пад пільным наглядам. Народ працуе, а хто працуе – той не галодны.

Расхістаць Беларусь хочуць тыя, каму не дае спакою багацьце, якое ў Расеі ды іншых краінах былога СССР прыхапілі розныя спрытнюгі-прыхватызатары. А тут так шмат смачных кавалкаў, буйныя прадпрыемствы, трубаправоды, шахты... І ўсё належыць народу, а не пупейкам ды хадаркоўскім”.

Ваша, спадар Анохін, згадка пра тое, што ў СССР ніхто генэральных сакратароў не выбіраў – не зусім дакладная. Так, народ не выбіраў. Але было вузкае кола партыйных бонзаў, палітбюро ЦК КПСС, якія ў сваім асяродку плялі інтрыгі, а часам і змовы і фактычна вырашалі лёс вялікай краіны. Згадайце хоць бы тое, як у 1964 годзе адхілялі ад улады Мікіту Хрушчова. Пасьля Хрушчова і да Чарненкі усе генсэкі, сапраўды, кіравалі пажыцьцёва. Ці было тое на карысьць людзям? Успомніце, як характарызавалі эпоху Брэжнева пасьля таго, як стала магчыма гаварыць пра яе праўду і аналізаваць аб’ектыўныя лічбы: “застой”, “дэградацыя”, “эканамічная адсталасьць”.

Любая таталітарная ўлада заклапочаная найперш тым, каб працягнуць уласнае існаваньне. Дзеля гэтага душыцца апазыцыя, ліквідуецца незалежная прэса, зьнішчаецца сыстэма справядлівых выбараў. Эканамічныя праблемы для такіх рэжымаў – справа зусім не першарадная. У эканоміцы аўтарытарныя валадары робяць тое ж, што і ў палітыцы – імкнуцца манапалізаваць і кантраляваць усе сфэры, асабліва самыя прыбытковыя.

Магчыма, вам, спадар Анохін, і грэе душу тое, што гіганцкі завод належыць не Пупейку і не Хадаркоўскаму, а кіруе ім прызначаны асабіста Лукашэнкам дырэктар. Але як на добры лад, то саміх рабочых на гэтым заводзе цікавіць найперш ня прозьвішча ўласьніка, а заробак. Пры Брэжневе, як вядома, беспрацоўных не было. Але калі ў савецкі час якому-небудзь вядомаму зборшчыку МАЗу шанцавала трапіць у складзе дэлегацыі перадавікоў на Захад і паразмаўляць са сваім калегам на заводзе Форда – савецкі рабочы быў у шоку. І ад умоваў працы, і ад зарплаты, і ад умоваў жыцьця свайго амэрыканскага калегі, якога, паводле савецкай прапаганды, бязьлітасна эксплюатаваў капіталіст-крывасмок.

Ліст ад Міхаіла Адаркіна з Гомелю. Слухач піша:

“Ня варта крыўдаваць ды злавацца на Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Ён жа дзіця ўтапічнага камунізму. Працуе, як умее. І лепшага жыцьця даць нам ня зможа. Без рэлігіі, прыватнай уласнасьці й свабоды слова ніводная дзяржава багатай ня будзе. Прыклад таму – дзьве Карэі, дзьве Нямеччыны, што аб’ядналіся пятнаццаць год таму, а таксама Японія, Амэрыка, Вялікабрытанія, Францыя. Увогуле, Беларусь павінна стаць парлямэнцкай рэспублікай, а прэзыдэнцтва трэба адмяніць. Ну, на скрайні выпадак прэзыдэнта можна было бы падабраць зь беларускіх эмігрантаў. Калі мы гэтага ня зробім, дык Беларусь па-ранейшаму будзе заставацца ў застоі”.

Вашыя, спадар Адаркін, развагі былі актуальныя адзінаццаць гадоў таму, калі ў Беларусі распрацоўвалі новую Канстытуцыю ды вырашалі, ці патрэбен дзяржаве прэзыдэнт. Вырашылі – патрэбен. Адмяніць цяпер інстытут прэзыдэнцтва надзвычай складана. Пэрспэктыва такая ва ўмовах сёньняшняй Беларусі выглядае нерэальнай. Як, зрэшты, і выбар прэзыдэнта зь ліку беларускіх эмігрантаў. Гэтага не дазваляе нават дзейная беларуская Канстытуцыя.

Ліст ад Міхаіла Жукава з Баранавічаў. Слухач піша:

“Правільна зрабіў Аляксандар Рыгоравіч, што загадаў адключыць асноўныя расейскія тэлеканалы. Гэтым самым ён прымусіў мяне падключыцца да кабэльнага тэлебачаньня. Бо выйсьця фактычна не было: тое, што паказваюць тры беларускія каналы, глядзець немагчыма. І вось калі я ў сярэдзіне студзеня гэта зрабіў, дык перада мной нібы новы сьвет адкрыўся. Я займеў магчымасьць глядзець 17 тэлеканалаў. Пасьля доўгага перапынку зноў сустрэўся з зоркамі расейскага тэлебачаньня – Уладзімірам Позьнерам, Мікалаем Сванідзэ, Андрэем Караулавым, Сьвятланай Сарокінай ды многімі іншымі. Нават пашкадаваў, што не зрабіў гэта гадоў на пяць раней.

Зьбіраўся нават падзякаваць Аляксандру Рыгоравічу, што зрабіў мне такую ласку. Але не пасьпеў. Месяц таму галоўныя расейскія тэлеканалы – ОРТ, “Россия” і некаторыя іншыя, якія прыйшлі дзякуючы кабэльнаму тэлебачаньню, у нас адключылі. У мяне вялікае падозраньне, што зроблена гэта не бяз згоды Аляксандра Рыгоравіча. У нас жа нічога безь яго ведама, ягонай каманды ня робіцца. А адключылі нас ад Масквы дзеля таго, каб больш не даходзіў голас праўды пра наша так званае “шчасьлівае жыцьцё”. Цяпер магу толькі выказаць Аляксандру Рыгоравічу сваё публічнае шкадаваньне”.

Думаю, спадар Жукаў, здагадкі вашыя зусім слушныя. Але ня толькі дзеля таго, каб вы не глядзелі расейскіх тэлеканалаў, гэта зроблена. Галоўная мэта – прымусіць вас глядзець беларускія дзяржаўныя каналы. Прафэсійнай канкурэнцыі з расейскім тэлебачаньнем яны не вытрымліваюць – вынішчэньне беларускай мовы ім у гэтым ніяк не дапамагло, наадварот, іх сапраўдны ўзровень стаў яшчэ больш відавочным. А прымусіць чалавека замест навінаў на працягу паўгадзіны назіраць, як рухаюцца па полі збожжаўборачныя камбайны ды слухаць толькі аднаго героя ва ўсіх рэпартажах, можна толькі адным спосабам: адключыўшы ўсё, што сапраўды цікавае і прафэсійнае.

На заканчэньне – ліст ад Васіля Гусева зь Пінску:

“Калі я ўсур’ёз пачаў задумвацца аб жыцьці, дык стаў патрыётам Беларусі. І мне цяжка бачыць, як цяперашняя ўлада нішчыць дэмакратычныя каштоўнасьці, якія так песьцілі першыя нацыянальныя кіраўнікі незалежнай Беларусі. У мяне на вачах зьяўляюцца сьлёзы, калі я знаёмлюся з тым, што адбывалася на Беларусі напрыканцы 1980-х і на пачатку 1990-х гадоў, калі дзяржава і грамадзтва выбралі беларусізацыю як стратэгічную мэту жыцьця. Як прыкра і несправядліва, што гэты шлях перагарадзілі на самым пачатку. І застаўся вялізны кіт беларусізацыі з заплюшчанымі вачыма. А беларускія нацыяналісты выкінутыя на бераг, нібы тыя дэльфіны падчас шторму”.

Беларусізацыя канца 1980-х – пачатку 1990-х гадоў адбывалася галоўным чынам ня дзякуючы, а насуперак тагачасным кампартыйным кіраўнікам і пракамуністычнаму Вярхоўнаму Савету. Проста быў час, калі на ўсёй прасторы былога СССР узьнялася вялізная хваля нацыянальнага адраджэньня. І ўлада, каб ня быць пахаванай пад гэтай хваляй, мусіла ісьці на саступкі, прычым на саступкі немалыя. Адметна, што многія з тых самых чыноўнікаў, якія беларусізацыю праводзілі, потым, у 1995 годзе, калі Аляксандар Лукашэнка пачаў умацоўваць сваю аўтарытарную ўладу, разам зь ім вельмі хутка і ахвотна вярнуліся да палітыкі русыфікацыі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG