Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ня спраўджваюцца мэдалёвыя пляны беларускіх чыноўнікаў ад спорту?


Уладзімер Глод, Менск За чатыры дні афінскіх стартаў беларуская нацыянальная каманда ня здолела заваяваць ніводнага мэдаля. Між тым, на падставе асабістага загаду прэзыдэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту Аляксандра Лукашэнкі міністэрства турызму й спорту распрацавала адмысловы плян, згодна зь якім Беларусь мусіла атрымаць на гульнях аж 25 узнагарод. Прычым чатыры зь іх прыпадалі менавіта на першыя чатыры дні спаборніцтваў.

Ужо сёньня можна канстатаваць, што без мэдалёў засталіся стралок Лукашык, штангіст Дзербянёў, фэхтавальшчык Лапкес ды плыўчыха Попчанка. Як і раварыстка Стагурская ды дзюдаіст Ларукоў, на якіх таксама спадзяваліся. Што ж перашкаджае алімпійцам Беларусі ўздымацца на п’едэстал гонару?

Ігар Карней учора зьвярнуў увагу на тое, што мэдалёвае плянаваньне стала дамоклавым мячом для алімпійцаў Беларусі. Гэта, безумоўна, так. Але ёсьць і іншыя псыхалягічныя абставіны, якія таксама нэгатыўна ўплываюць на вынікі беларускіх алімпійцаў.

Паказальна, што намесьніца кіраўніка беларускай дэлегацыі ў Грэцыі спадарыня Забур’янава, яна ж намесьніца міністра спорту й турызму, ужо канстатуе: у Афінах для перамогі патрэбныя супэрнамаганьні, таго больш-менш спакойнага рытму, які быў раней, ужо не існуе. А беларусы гэтага не ўлічылі. Хаця некаторыя адмыслоўцы гэта прадбачылі. Вось як. напрыклад, ацэньвае сучасныя Алімпійскія гульні старэйшы трэнэр нацыянальнай стралковай каманды Беларусі па рэзэрву Аляксандр Майсееў:

(Майсееў: ) “Гэта – напруга па-за межамі магчымага. Пад гэтыя спаборніцтвы мусіць быць адмысловы тып спартоўца. Гэтая тая праблема, якой мусіць займацца навука, нават не тэорыя, а менавіта навука. Гэта праблема з праблем. На яе яшчэ ў савецкія часы зьвярталі ўвагу, менавіта арыентуючыся на гэтую псыхічную надзейнасьць. Менавіта ўлічвалі псыхічную надзейнасьць, калі адбіралі спартоўцаў на алімпійскія старты”.

Падобна, што тыя якасьці, пра якія толькі што казаў Аляксандр Майсееў, ня ўлічваліся. Да такой высновы можна прыйсьці асабліва на тле той гісторыі, пра якую мне распавёў спадар Майсееў. Ён лічыць, што пры камплектаваньні каманды стралкоў псыхалёгія якраз і засталася па-за ўвагай. Так, у Афіны ў апошні момант не паехаў Анатоль Кліменка, якога замяніў малады Шчэрбачэвіч. А якраз Анатоль Кліменка і меў свой шанец . Чаму менавіта ён? Паслухаем трэнэра Майсеева:

(Майсееў: ) “У Кліменкі ёсьць яшчэ такая ўнікальная здольнасьць – раскрывацца менавіта ў экстрэмальных умовах. Кліменка вельмі дрэнна выступае на шараговых спаборніцтвах. У яго не хапае такой супэрмабілізацыі рэзэрвовых магчымасьцей арганізму. Але калі сытуацыя экстрэмальная... Уласна кажучы, чатыры гады таму на Алімпіядзе ў Сыднэі Кліменка пасьля асноўнага старту быў другім. І толькі ў фінале ён прайграў усяго 0,3 ачка спартоўцу, які заняў трэцяе месца”.

Сёньня, 18 жніўня, стануць вядомыя ймёны 21 алімпійскага чэмпіёна. На што могуць спадзявацца беларусы? Па-першае, сёньня стартуе каралева спорту – лёгкая атлетыка. Адзіная дысцыпліна – штурханьне ядра. І тут выступаюць Надзея Астапчук і Андрэй Міхневіч, якім плянуюць бронзавыя мэдалі. Штангістка Ганна Бацюшка, згодна з разьлікамі, мусіць сёньня заняць другое месца. Ну і яшчэ працягнуць барацьбу за мэдалі Кацярына Карстан, Уладзімер Самсонаў ды некаторыя іншыя спартоўцы ў тых дысцыплінах, дзе пераможцы вызначацца не сёньня, а пазьней.
XS
SM
MD
LG