Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мару пра час, калі беларускія алімпійцы зноў будуць выступаць пад бел-чырвона-белым сьцягам”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Ужо два дні над галоўным стадыёнам Афінаў палае алімпійскі агонь, а мільёны заўзятараў ва ўсім сьвеце пільна сочаць за галоўнымі спартыўнымі стартамі апошніх чатырох гадоў. Ці выканаюць беларускія алімпійцы плян, даведзены ім Аляксандрам Лукашэнкам — ці прывязуць з Грэцыі 25 мэдалёў? І як ставяцца заўзятары да таго, што беларускія спартоўцы вымушаныя выконваць ня толькі спартыўныя задачы?

Пачну зь ліста на гэтую тэму, які даслаў нам Алег Ліцьвінкоў з Маладэчна. Слухач піша:

“За Алімпійскімі гульнямі я буду сачыць безь вялікага імпэту. Бо ведаю: калі толькі наша каманда выканае пастаўленую Лукашэнкам задачу — адразу ўсе заслугі будуць прыпісаныя Лукашэнку. Усе газэты і тэлебачаньне пачнуць трубіць, якую вялікую ўвагу Лукашэнка надае спорту і якіх перамог мы дасягнулі дзякуючы ягонай мудрай палітыцы. Пасьля гэтага рэфэрэндум Лукашэнка зможа выйграць і безь вялікіх фальшаваньняў — ну, прыпішуць сотню тысяч галасоў для роўнага ліку...

Я мару пра час, калі нашы алімпійцы зноў, як на пачатку 90-х гадоў, будуць выступаць пад бел-чырвона-белым сьцягам і выдатныя перамогі будуць атаясамлівацца не зь імем дыктатара, а з нашай радзімай, зь яе эканамічнымі посьпехамі і яе слаўнай гісторыяй”.

Наўрад ці, спадар Ліцьвінкоў, хоць адзін сябра алімпійскай каманды, калі ў яго спытаць, чый гонар ён абараняе на Алімпіядзе, будзе казаць пра гонар Аляксандра Лукашэнкі альбо пра ўстойлівасьць і даўгавечнасьць рэжыму, які кіруе ў Беларусі. Усе будуць казаць пра нацыянальны гонар, пра Айчыну, пра беларускі народ. Высакамоўна, але па сутнасьці — правільна. Спартыўныя дасягненьні беларускіх алімпійцаў ня можа прыватызаваць ніводзін, няхай сабе і вельмі высокапастаўлены палітык. Для людзей удумлівых і разважлівых гэта відавочна. І ня думаю, што варта псаваць сабе прыемныя заўзятарскія хвіліны толькі таму, што гэтыя перамогі хтосьці паспрабуе выкарыстаць у палітычных мэтах.

Ліст ад Алены Краўцэвіч зь Менску. Яна піша:

“Можна ў чым заўгодна абвінавачваць Лукашэнку, але толькі ня ў тым, што ён ня дбае пра нацыянальныя інтарэсы беларусаў. Лукашэнка — большы патрыёт Беларусі, чым усе вашы пазьнякі й вячоркі разам узятыя. Калі б Пазьняка дапусьцілі да ўлады, дык уся беларуская эканоміка даўно належала бы заходнім альбо расейскім алігархам, а ўсе найлепшыя беларускія спартоўцы выступалі бы пад расейскім сьцягам. Лукашэнку б’юць і з Усходу, і з Захаду, бо ня даў раскрасьці эканоміку, бо не сьпяшаецца выконваць загады алігархаў. І ня трэба нам на злом галавы пнуцца ў Эўразьвяз ці ў НАТО. Хапіла з нас аднаго саюзу. Трэба даць народу адчуць смак незалежнасьці, пажыць самастойна. А настане час — мае рацыю Лукашэнка — Эўразьвяз сам папросіць, каб мы да яго далучыліся. А мы яшчэ падумаем, ці прымаць запрашэньне”.

Магчыма, спадарыня Краўцэвіч, калі-небудзь Эўразьвяз і запросіць Беларусь у свой склад, але наўрад ці гэта будзе пры Лукашэнку. Што да патрыятызму беларускага прэзыдэнта. Вельмі магчыма, што ён шчыра верыць у тое, што гаворыць і робіць, і што менавіта так ён разумее шлях да дабрабыту народу. Але пра палітыка мяркуюць па справах, а не па словах. На пачатку 90-х гадоў у Беларусі былі вельмі блізкія стартавыя магчымасьці з краінамі Балтыі і з Польшчай. Сёньня ўзровень даходаў і сацыяльнай абароны насельніцтва ў гэтых краінах непараўнальна больш высокі, чым у Беларусі. Грамадзяне гэтых суседніх зь Беларусьсю дзяржаваў бязь візаў падарожнічаюць па ўсёй Эўропе і па большасьці іншых цывілізаваных краінаў сьвету.

Своеасаблівы адказ на вашыя, спадарыня Краўцэвіч, пытаньні гучаць у электронным лісьце нашага слухача з Канады Алеся Супрынюка. Ён піша:

“Крыўдна й балюча глядзець на падзеі ў Беларусі. Слухаў вашую перадачу пра тое, як народ зьбірае парожнія бутэлькі й слоікі. Для многіх людзей зьбіраньне шкла ператварылася ў асноўную спэцыяльнасьць. Ці гэта не паказчык таго, як працуе сыстэма пры Лукашэнкавай ўладзе? Кавалкам з царскага ўладнага стала выглядае падвышэньне кошту на 20% на парожнюю бутэльку. Гэта тое ж самае, каб улада сказала: “Вось вам, паважаныя, яшчэ трохі, каб маглі на нас працаваць ды не памерці з голаду”. Цяпер улада “прамывае мазгі” выбаршчыкаў, каб галасавалі за так званую “стабільнасьць”. Паважаныя, яны вам забясьпечаць гэткую стабільнасьць! Тыя, хто зьбіраў слоікі ды бутэлькі раней, так і будуць іх па-ранейшаму зьбіраць; тыя хто атрымліваў мізэрны заробак, так і будуць яго атрымліваць. А вось апазыцыя, дзе многа таленавітых і высокаадукаваных людзей, выстаўляецца ўладай сілай, якая нібыта марыць акунуць краіну ў “хаос”. Аб якім “хаосе” можа хлусіць ўлада, калі апазыцыя гаворыць аб стварэньні нармальных ўмоў жыцьця для ўсіх грамадзянаў Беларусі, узяўшы прыклад з Эўропы ды іншых краінаў сьвету! Ці жывуць народы цывілізаванай Эўропы ў “хаосе”? Адказ ведае кожны”.

Сапраўды, выглядае, што лёзунг так званай “стабільнасьці” — асноўны ў палітычнай кампаніі, накіраванай на чарговае падаўжэньне прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі. Асаблівага вынаходзтва ў гэтым няма. Можна згадаць, што менавіта гарантам стабільнасьці падаваў сябе ў 1994 годзе тагачасны прэм’ер Вячаслаў Кебіч, змагаючыся з Лукашэнкам за прэзыдэнцкае крэсла.

Ліст ад Раісы Мазуры з Наваградку. Чатыры месяцы таму, 14 красавіка, мы ўжо цытавалі адзін яе допіс. Гэта быў расповед пра неўладкаванае жыцьцё. Шмат у тым лісьце было крыўды на несправядлівасьць, на няшчаснае існаваньне, на няўважлівых чыноўнікаў. Працу спадарыня Мазура страціла, бо часта хварэла, стала інвалідам 3-й групы. А потым занялася актыўным хаджэньнем па чыноўніцкіх кабінэтах, напісаньнем скаргаў і просьбаў гуманітарнай дапамогі.

Адказваючы на той ліст Раісы Мазуры, я выказаў меркаваньне, што, магчыма, калі б тая вялікая энэргія, што траціцца на змаганьне з чыноўнікамі, была прыкладзеная не на патрабаваньне гуманітарнай дапамогі, а на пошукі (а то і патрабаваньне) працы — плён мог быць значна большы. Бо, і сапраўды, цяжка знайсьці сям’ю, якая бы дасягнула дастатку, жывучы на гуманітарную дапамогу альбо на сьціплыя аднаразовыя выплаты ад райсабесу ці раённага аддзелу адукацыі. І справа тут далёка не заўсёды ў тым, што хтосьці з чыноўнікаў імкнецца падмануць альбо абдзяліць просьбітаў. Сацыяльныя бюджэты сельскіх раёнаў у Беларусі такія, што цалкам узяць на ўтрыманьне сям’ю коштам гэтых грошай ніякі начальнік ня зможа. Тым больш, што малазабясьпечаных у Беларусі становіцца ўсё больш.

І вось — новы ліст ад Раісы Мазуры. Гэтым разам слухачка піша:

“Занятая цяжкай працай, часта задаю сабе пытаньне, якое хвалюе і многіх іншых людзей: чаму ў гэтай дзяржаве ўлада паважае толькі багатых, а ад бедных грэбліва адварочваецца, хаця менавіта бедныя выконваюць самую цяжкую працу? Я не імкнуся да багацьця, але да апошніх сваіх дзён буду ўпарта змагацца за поўную справядлівасьць, за адукацыю і жыцьцё сваіх мілых дзетак.

Чаму ўлада адкрыта будуе сабе палацы за кошт простых людзей, а я зарабляю мізэрную капейку? Працую на ўласным невялічкім агародзе, трымаю захудалае сьвінчо. І ўвесь час сутыкаюся зь вялізнымі складанасьцямі, калі спрабую што-небудзь прадаць на гарадзкім рынку. А як я бяз гэтага куплю хлеба, цукру і хоць бы сьціплае адзеньне для сваіх дзяцей? У момант, калі прыходжу гандляваць на рынак, улада на мяне глядзіць зь вялікай пагардай, патрабуючы за права гандлю вялікую суму. Хаця ў гэтым маленькім гарадку ўсе ведаюць, у якіх цяжкіх умовах жыве ўся мая сям’я. Мне вельмі крыўдна. Паўсюль дазволеная адкрытая спэкуляцыя. А калі мае дзеці прынясуць на рынак пару пучкоў кропу, каб зарабіць на ручку ці танную цукерку, кантралёр зь іх тут жа патрабуе грошы, а калі ўпарцяцца — пачынае ганяць. Багатых улада абараняе, а бедных бесчалавечна прыніжае, утоптвае ў бруд.

У вёсцы цяпер ня лепш. Сьлязьмі заліваюся, калі прыяжджаю ў вёску, дзе жывуць бацькі. Калісьці тут кіпела жыцьцё, а цяпер усё вымірае. Вельмі абурае поўная абыякавасьць улады да пажылых людзей. Яны безабаронныя. Нават выклікаць хуткую дапамогу — вялікая праблема”.

Мяне шчыра парадавала, спадарыня Мазура, што вы разам з трыма сваімі дзецьмі ўласнымі рукамі спрабуеце зарабіць сабе на жыцьцё. Я не працытаваў тую частку ліста, дзе вы падрабязна выкладаеце факты, якія, на ваш погляд, сьведчаць пра злачынствы канкрэтных чыноўнікаў. Зьвесткі гэтыя маюць патрэбу ў грунтоўнай праверцы, а назваць чалавека злачынцам можа толькі суд.

Увогуле, Раіса Мазура, мяркуючы па яе лістах, поўных выкрыцьцяў і расповедаў пра змаганьне за праўду і справядлівасьць — чалавек для ўлады нязручны, мулкі. Піша ва ўсе інстанцыі, дамагаецца прыёму ў розных начальнікаў, не маўчыць, калі сутыкаецца зь несправядлівасьцю. Ня ўсе яе сыгналы пацьвярджаюцца і ня ўсе просьбы і патрабаваньні здольная выканаць улада. Урэшце наваградзкія чыноўнікі знайшлі выйсьце ў тым, што ўвогуле спынілі ўсялякую перапіску зь ёй — пра што пісьмова паведамілі. Маўляў, ня маем ніякай магчымасьці аказаць вам грашовую дапамогу, пра што ня раз пісалі, і перапісвацца з вамі далей няма сэнсу.

Што ж, паверым: няма ў выканкаму лішніх грошай, а дапамогі просяць многія. Але якія грошы патрэбныя, каб, напрыклад, дазволіць Раісе Мазуры і яе дзецям бясплатна прадаваць на мясцовым рынку тое, што яны вырасьцілі на сваім сьціплым агародзе? Найперш тым, каб дапамагчы такім людзям самастойна зарабіць сабе на жыцьцё, і павінны займацца мясцовыя начальнікі — а не даваць чарговыя адпіскі на чарговыя просьбы пра дапамогу.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG