Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Запрасіць зь іншай краіны падрыхтаванага спартоўца – таньней, чым выгадаваць свайго чэмпіёна”


Алег Дашкевіч, Менск Сусьветная мода на зьмену грамадзянства спартоўцамі закранула і Беларусь. Біятлён, хакей, мастацкая гімнастыка, бокс, барацьба, лёгкая атлетыка – вось дзе мігранты з кожным годам усё больш заўважныя. Працэс вымываньня ўласных кадраў закранае фундамэнтальныя асновы разьвіцьця спорту ў краіне.

Шмат хто памятае кадры: Аляксандар Лукашэнка ў захапленьні ад перамогі беларускіх біятляністак. Але факт ёсьць фактам: трое з гэтага залатога квартэту вырасьлі ў Расеі, а лідэр каманды – на Ўкраіне. Таму шмат хто нэрвова зрэагаваў на ўзьнёслую эмацыйнасьць кіраўніка краіны. Маўляў, дзе ж тут перамога Беларусі? Аднак дырэктар Рэспубліканскай школы вышэйшага спартовага майстэрства, чэмпіён Эўропы па лёгкай атлетыцы Уладзімер Падаляка ня бачыць у міграцыі асаблівай пагрозы:

(Падаляка: ) “Гэта праява свабоднага грамадзтва. Прыяжджаюць да нас спартоўцы ў тых відах, дзе ўжо ёсьць багатыя традыцыі. У некаторыя моманты здараецца, што менавіта ў гэты час і ў гэтым месцы патрэбны гэты чалавек. Другая справа, што спадзявацца ня трэба, што тут нехта прыедзе і нешта зробіць. Самім трэба ствараць тут спрыяльныя ўмовы, і толькі ў тым выпадку тыя, хто хоча сюды прыехаць, змогуць дапамагчы нешта падняць на больш высокі ўзровень”.

Тым ня менш, скептыкі бачаць у інтэрнацыяналізацыі спорту і нэгатыўныя бакі. Рэдактар тыднёвіка “Спорт-кур’ер” Уладзімер Даўжэнка лічыць: міграцыя, у прыватнасьці, адмоўна ўплывае на дух спартовай барацьбы і пачуцьцё патрыятызму.

(Даўжэнка: ) “Зачахне такое слова як “патрыятызм”. У Беларусі спартоўцы зьяўляюцца ў асноўным з Расіі ды Ўкраіны. Такіх варагаў у нашых зборных можна налічыць да трыццаці. Калі на фінішы выйграюць сотыя долі сэкунды, мне здаецца, што спрацоўвае ген патрыятызму ў гэткай сытуацыі. Ад яго няма куды падзецца, ты яго не кантралюеш, ён цябе кантралюе ў патрэбны момант. А зараз бляску ў вачох не відаць. Людзі папросту адпрацоўваюць свае вялікія грошы”.

Яшчэ больш эмацыйна рэагуюць на масавы прыход варагаў у нашы шэрагі некаторыя з заўзятараў. Гаворыць фанат футбольнага клюбу “Дынама” Менск Алесь Яўдаха:

(Яўдаха: ) “Гэта ненармальная практыка – запрашаць у нацыянальныя каманды людзей з іншых краінаў. Адна справа, калі яны этнічныя беларусы, якія зьехалі адсюль, іншая рэч – калі яны этнічныя расейцы ці ўкраінцы ці яшчэ нехта. Па-першае, яны здрадзілі сваёй радзіме, па-другое, яны могуць замінаць разьвіцьцю маладых беларускіх спартоўцаў”.

Міграцыя йдзе і ў зваротным напрамку. Маладыя й пэрспэктыўныя беларускія спартоўцы апынаюцца то ў Славеніі, то ў Нямеччыне ці Ўкраіне. Паміж Беларусьсю і Ўкраінай, дарэчы, палалі не абы якія жарсьці ў змаганьні за пэрспэктыўнага футбольнага нападніка Арцёма Мілеўскага. У адрозьненьне ад вядомага па бліскучай гульні ў нямецкім “Штутгарце” Аляксандра Глеба, Мілеўскі спакусіўся памяняць беларускае грамадзянства на ўкраінскае. Каб вярнуць згубленае, прыходзіцца прыкладаць шматлікія намаганьні. Гаворыць ачольнік юрыдычнага дэпартамэнту Беларускай фэдэрацыі футболу Сяргей Ільіч:

(Ільіч: ) “Мы можам прыгадаць, як беларускія футбалісты ў вельмі маладым узросьце пакідаюць нашую краіну. Калі Глеб гэта зрабіў цывілізавана і зараз гуляе ў вельмі моцным нямецкім клюбе, дык Мілеўскі – нецывілізавана. Мы прыклалі ўсе намаганьні, каб свайго беларускага футбаліста захаваць за Беларусьсю, каб не было вельмі нэгатыўнага прэцэдэнта. Усе нашы крокі былі скіраваныя на тое, каб гэтую сытуацыю урэгуляваць. Кропка ўжо будзе пастаўлена. Мілеўскі – гэта справа гучная, але ёсьць такія футбалісты, як Варабей, як Кудзянаў, якія таксама пераехалі ў кіеўскае “Дынама” у пятнаццаць гадоў, але яны не былі загуляныя за беларускія нацыянальныя каманды, і адстаяць іх вельмі цяжка, таму што рэсурсы, якімі валодае кіеўскае “Дынама” і тыя клюбы, дзе яны рыхтаваліся, папросту непараўнальныя”.

Матэрыяльны рэсурс – ключавое слова сучаснага спорту незалежна ад таго, пад чыім патранажам ён знаходзіцца: прыватнага капіталу ці дзяржавы. Мэдалі – гэта імідж краіны, гэта прыбытак. Беларусь тут не выключэньне, лічыць Уладзімер Даўжэнка:

(Даўжэнка: ) “Сьветам рухае дадатковая вартасьць і сэкс. У дадзеным выпадку я інтэрпрэтую дадатковую вартасьць як мэдалі. Патрэбны тэрміновы посьпех, тэрміновы вынік. У нас за апошнія шэсьць гадоў памяняліся пяць міністраў спорту, і кожнаму трэба рапартаваць – ёсьць мэдалі, таму выгадней гатовага спартоўца запрасіць”.

Тым ня менш футбольны заўзятар Алесь Яўдаха катэгарычна за “сваіх”, так бы мовіць, спартоўцаў – тых, хто вырас і выгадаваўся ў Беларусі:

(Яўдаха: ) “Мэдалі зарабляць можна рознымі шляхамі: можна зьвяртацца па анаболікі й допінг, можна запрашаць замежнікаў, рабіць рознае махлярства з пашпартамі, але ў прынцыпе гэта ўжо будуць не беларускія мэдалі”.

Алімпійская чэмпіёнка ў штурханьні ядра Яніна Карольчык падзяляе занепакоенасьць лёсам айчынных спартовых талентаў:

(Карольчык: ) “Трэба сваіх падымаць, хоць можа гэта і даражэй абыдзецца – выгадаваць свайго чэмпіёна. Запрасіць зь іншай краіны падрыхтаванага спартоўца, напэўна, будзе таньней”.

Падрыхтоўка высакаклясных беларускіх спартоўцаў немагчымая без кваліфікаваных трэнэрскіх кадраў. Гэта яшчэ адна вострая праблема інтэрнацыяналізацыі спорту: у пошуках лепшай долі краіну пакідаюць і трэнэры. Менавіта гэта й сталася не апошняй прычынай няўдзелу ў Алімпіядзе нашай каманды па спартовай гімнастыцы. Дырэктар Рэспубліканскай школы вышэйшага спартовага майстэрства Ўладзімер Падаляка мяркуе так:

(Падаляка: ) “Выхаваньне трэнэра – вельмі цяжкая праца, гэта нават цяжэй, чым падрыхтаваць спартоўца. Калі яны ад’яжджаюць, утвараецца вакуўм, трэба шмат намаганьняў, каб знайсьці другога такога спэцыяліста”.

Дык што, няўжо застаецца адно – забараніць таленавітым ды пэрспэктыўным пакідаць Радзіму? Ці не такі шлях меў на ўвазе Аляксандар Лукашэнка, калі гады два таму абяцаў, што беларускія зоркі будуць сьвяціць на Беларусі, а не па-за межамі краіны? Час, аднак, паказаў, што абяцаньні, не падмацаваныя рэальным клопатам пра дабрабыт і ўмовы для сапраўднага росквіту спартоўцаў, так і застаюцца абяцаньнямі… Ня толькі беларускі – сусьветны досьвед сьведчыць: супрацьстаяць пошуку лепшых умоваў людзьмі спорту немагчыма, гэта натуральная зьява. Гаворыць Уладзімер Даўжэнка:

(Даўжэнка: ) “Я бачу, што хутка будзе такая Алімпіяда, дзе ў фінальным забегу на сто мэтраў будуць бегчы не спартоўцы, але каманды, напрыклад на першай дарожцы “Тампакс”, на другой “Мэрсэдэс”, на трэцяй “Ураджай” – усё да гэтага ідзе. Гэта проста воля часу.

Такім чынам, у агляднай будучыні галоўным у вызначэньні як спартовай міграцыі, так і разьвіцьця самога спорту будуць грошы. Хоць можа гэта й нясе з сабой нейкі непрыемны прысмак.
XS
SM
MD
LG