БАГДАД. Амэрыканскія вайскоўцы заклікалі ірацкіх цывільных грамадзянаў эвакуявацца з тэрыторыяў, дзе адбываюцца баі з узброеннымі прыхільнікамі шыіцкага клірыка Мактады аль-Садра у горадзе Нэджэф. Праз гукавыя узмацняльнікі вайскоўцы заклікалі людзей пакінуць зону баёў:“Адыходзьце спакойна! Ня будзе перамір’я з узброеннымі элементамі. Мы заклікаем усіх супрацоўнічаць з паліцыяй і ірацкай арміяй і пакінуць тэрыторыі баёў... ”
Далей пералічваліся назвы месцаў, якія рэкамендавана пакінуць.
У Нэджэфе, сьвятым для мусульманаў горадзе, баі паміж войскамі кааліцыі і узброеннымі прыхільнікамі аль-Садра працягваюцца шосты дзень.
Сёньня пачаліся новыя сутыкненьні у Садры.
У паўдзённым Іраку, паводле прадстаўніка брытанскіх войскаў, на вуліцах спакойна пасьля таго, як учора адзін брытанскі жаўнер быў забіты ваяўнікамі аль-Садра.