Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кардыёлягі сядуць на лаву падсудных


Падрыхтаваў Алесь Дашчынскі, Менск Агляд незалежных беларускіх газэт

У суд перададзена скандальная справа адносна кардыяхірургаў рэспубліканскага цэнтра “Кардыялёгія”. У сёньняшняй “Белорусскай деловой газете” – падрабязнасьці гэтай справы. На лаву падсудных патрапяць пяцёра дактароў цэнтра, сярод якіх – выдатныя навукоўцы і намесьнік дырэктара сумеснага прадпрыемства “Мультымэдыцын”. Дактары адмаўляюць абвінавачаньні сьледчых. “Зразумела, што слуханьні будуць вельмі няпростымі, бо справа датычная выдатных кардыяхірургаў, якія праводзілі рэдкія і ўнікальныя апэрацыі на сэрцы. Замены ім сёньня проста няма і суду будзе вельмі цяжка адправіць іх за краты”, піша аўтар артыкула.

“Белорусская деловая газета” разважае пра апошнія кадравыя перастаноўкі ва ўрадзе. Пакуль застаецца вакантным месца віцэ-прэм’ера, пасьля таго як Анатоль Цюцюноў быў адпраўлены ў адстаўку. Затое прызначаныя міністры энэргетыкі і лясной гаспадаркі. “Пацьвярджаючы чарговым разам вядомы пастулят, маўляў, і кухарка павінна ўмець кіраваць краінай (ён прымяняецца ў Беларусі ўжо дзесяць гадоў), энэргетыкамі цяпер будзе кіраваць не энэргетык, а лесьнікамі – не лясьнік”, піша “БДГ”. Былы гендырэктар “Белтрансгаза”, герой “газавай вайны” Пётр Пётух, на думку газэты, можа якраз заняць пасаду віцэ-прэм’ера. У яго ёсьць яшчэ адзін варыянт – пасада кіраўніка менскага аблвыканкаму, бо крэсла пад Мікалаем Дамашкевічам захісталася.

Менчукі заўважылі, што маршрутных таксовак у сталіцы значна паменела. Газэта “Народная воля” тлумачыць, што па рашэньні гаспадарчага суда забралі й “дэпартавалі” ў Нямеччыну 250 машын маркі “Мэрсэдэс”, якія належалі фірме “Міндаўг”. Дамоклаў меч над гэтай фірмай вісеў даўно, на самым высокім узроўні было заяўлена, што фірма не даплаціла ў казну вялікія грошы. Размовы абураных менчукоў на прыпынках, якія чакалі папулярных жоўтых таксовак, часам перарасталі ў стыхійныя мітынгі.

Крычаўская газэта “Вольны горад” вяртаецца да таго факту, што ў акруговыя выбарчыя камісіі па Магілёўскай вобласьці не абраны ніводны прадстаўнік ад апазыцыйных палітычных партый. У Крычаўскай акрузе іх таксама няма. Сябры мясцовых суполак БНФ, БСДП (Народнай Грамады) і АГП папярэдзілі выбарчую камісію, каб яна дзейнічала паводле закону і не слухалася прадстаўнікоў “вэртыкалі”, калі тыя запатрабуюць падпісаць “ліпавыя” пратаколы. Заява партыйцаў друкуецца ў нумары газэты.

Таксама “Вольны горад” распавядае пра тое, як мясцовыя ўлады вырашаюць праблемы шматдзетных сем’яў. Бяз згоды бацькоў, цераз суд, дзяцей аддаюць у іншыя сем’і альбо ўладкоўваюць у інтэрнаты. Ніякай дапамогі з боку ўладаў гэтыя сем’і ня маюць.

Газэта “Витебский курьер” паведамляе, што ў гарадзкім аэрапорце сёньня прызямляецца каля дзесяці самалётаў часоў другой сусьветнай вайны. Іх пілёты – калекцыянэры зь Нямеччыны, Аўстрыі і Бэльгіі. Цягам сутак яны зробяць прыпынак у Віцебску, а потым, у суправаджэньні расейскага гелікоптэра, накіруюцца ў Маскву для ўдзелу ў ваенна-гістарычнай выставе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG