Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Апазыцыя ў Беларусі такая, якою ёй дазваляе быць Аляксандар Лукашэнка...”


Валянцін Жданко, Менск Новая праграма з сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Ці могуць у Беларусі адбыцца істотныя палітычныя зьмены ў выніку восеньскіх выбараў? Ці існуюць у грамадзтве сілы, здольныя супрацьстаяць намерам Аляксандра Лукашэнкі чарговы раз перапісаць Канстытуцыю й застацца пры ўладзе пасьля дванаццаці гадоў прэзыдэнцтва?

Многія нашыя слухачы ў сваіх лістох, адрасаваных цягам апошніх тыдняў на Беларускую Свабоду, спрабуюць адказаць на гэтыя пытаньні. Вось што піша з гэтай нагоды Васіль Галынка з Салігорску:

“Апазыцыя ў Беларусі такая, якой ёй дазваляе быць прэзыдэнт. А захоча ён – і ня будзе ў нас увогуле ніякай апазыцыі, як пры камуністах. Думаеце, народ з гэтай нагоды пачне абурацца? Нічога падобнага. Інтэлігенцікі будуць мармытаць нешта на сваіх кухнях – вось і увесь супраціў.

Усё, што магла, беларуская апазыцыя страціла ў 94-м годзе. Тады трэба было кусаць локці й рваць на сабе валасы. А пасьля, усьлед за Пазьняком, уцякаць у Варшаву. Цяпер усе іхныя намаганьні бессэнсоўныя, марныя й сьмешныя. Лукашэнка – гэта ўсур’ёз і надоўга. Здароўе ў яго выдатнае, так што гадоў дваццаць ён пры ўладзе яшчэ прабудзе. І ніякі Захад, ніякая Расея нічога яму ня зробяць”.

Магчыма, спадар Галынка, усё складзецца менавіта так, як Вы мяркуеце. Аўтарытарныя рэжымы бываюць даволі ўстойлівымі й трывалымі. Хоць фінал іхны ўсё роўна прадвызначаны. Час таталітарных рэжымаў у Эўропе мінуў – у гэтым сэнсе Аляксандар Лукашэнка спазьніўся: зь ягонымі прынцыпамі й стылем кіраваньня большая частка кантынэнту разьвіталася яшчэ паўстагодзьдзя таму. Здароўя ў беларускага лідэра яшчэ на дваццаць гадоў прэзыдэнцтва, відавочна, хопіць. Але ці хопіць цярпеньня й вытрымкі ў самога беларускага насельніцтва, а таксама ў заходняй супольнасьці, якой кінуў выклік беларускі лідэр?

Людміла Новік зь Менску ў сваім лісьце зьвяртаецца да тэмы хуткіх парлямэнцкіх выбараў у Беларусі. Яна піша:

“Лукашэнка загадаў сваім “вертыкальшчыкам”: каб не марнаваць грошай, трэба правесьці выбары ў Палату прадстаўнікоў за адзін тур. У мяне іншая прапанова: можна радыкальна зэканоміць грошы, калі выбараў наагул не праводзіць. Ну, сапраўды, вынік жа ўсім вядомы. Дэпутацкія мандаты ўсе атрымаюць паводле зацьверджаных і ўзгодненых сьпісаў. Дык каму патрэбна гэтая паказуха? Захаду? Ён жа такія выбары ўсё роўна не прызнае. А свой народ і так усё бачыць і ўсё разумее. І ні ў што ўжо ня верыць”.

Выбары, спадарыня Новік, праводзілі нават камуністы – нягледзячы на тое, што тых выбараў таксама ніхто не прызнаваў, а вынікі трыюмфальнай перамогі так званага “непарушнага блёку камуністаў і беспартыйных” усім былі вядомы загадзя. Гэта быў своеасаблівы рытуал, фасад, так бы мовіць, “сацыялістычнай дэмакратыі”. Сёньняшнія ўлады Беларусі называюць дзяржаўны лад, усталяваны ў краіне, таксама дэмакратыяй, але са сваімі спэцыфічнымі асаблівасьцямі. Галоўная спэцыфіка якраз у тым, што выбары гэтыя ў многім праводзяцца паводле савецкага ўзору. Падаём урывак зь лісту Сяргея Шаміёнкі зь Менску.

“Мінулы дзень зраніцы лекар-псыхіятар Сяргей Анатольевіч даказваў мне, што адзін чалавек ня ў стане нічога зьмяніць. А калі я не задаволены Лукашэнкам, дык магу эміграваць. Яшчэ лекар сказаў, што палітыка не давядзе мяне да дабра. А калі я пайду на мітынг, дык дрэнна скончу... Сяджу адзін на лецішчы. Слухаю птушак. Раней тут іх не было. Так і нямногія дэмакраты, як гэтыя птушкі, распавядаюць людзям пра вясну й пра новае, лепшае жыцьцё. Але іх ніхто ня чуе”.

Дзіўна, спадар Шаміёнка, што лекар-псыхіятар так шмат увагі надае палітычным схільнасьцям сваіх пацыентаў і дае рэкамэндацыі ня столькі мэдычныя, колькі прапагандысцкія. “Не хадзіць на мітынгі, не цікавіцца палітыкай, не выказваць незадаволенасьці ўладай, бо гэта ня дасьць ніякае карысьці...” Ці ня гэтага й дамагаецца ад палітычна актыўнай часткі грамадзтва намэнклятура, заклапочаная тым, каб як мага даўжэй заставацца пры ўладзе?

Ліст ад Эдуарда Красоўскага з польскага гораду Радама:

“Мне 81 год, я вэтэран Другой усясьветнай вайны, удзельнічаў у абароне Сталінграду. Беларускую Свабоду слухаю штодня, раніцай і ўвечары. У мяне – прымач, якія я набыў 20 год таму ў Менску. Вельмі дзіўна, што вы толькі чытаеце лісты, але нікому канкрэтна не дапамаглі. У мяне такая праблема. Мае бацькі Міхаіл Фёдаравіч і Марыя Станіславаўна былі рэпрэсаваны ў 37-38-м гадох. Я, іхны адзіны сын, таксама быў палітычным рэпрэсаваным. Пазьней усе былі рэабілітаваны. Я маю адпаведны дакумэнт з НКВД гораду Менску й выказваю падзяку за гэта маім землякам і асабіста Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку. Я прэзыдэнта Лукашэнку ні за што не вінавачу: усё гэта было даўно.

Хачу даведацца, як бы мне атрымаць кампэнсацыю за мае пакуты й пакуты маіх бацькоў, за страчаную маёмасьць. Няхай бы гэтая кампэнсацыя была й невялікая, але пералічвалася кожны месяц у далярах на мой банкаўскі рахунак. Калі для вас мая заява ня мае значэньня, тады я зьвярнуся ў суд гораду Стразбургу”.

Такой жа, як Вы, спадар Красоўскі, праблемай заклапочаны дзясяткі тысяч беларускіх грамадзян, сем’і якіх у свой час былі гвалтоўна разбураны, разарваны, расьцярушаны па сьвеце. Амаль усе яны страцілі маёмасьць, многія дзясяткі гадоў правялі ў нялюдзкіх умовах на расейскай Поўначы й у Казахстане, у вугальных ды ўранавых шахтах і на лесанарыхтоўках.

На пачатку 90-х гадоў, калі ўлады, нібыта, прызналі віну дзяржавы за сталінскія злачынствы, многія праз суд зьвярнуліся па кампэнсацыю. Кампэнсацыі былі налічаны, але – мізэрныя. За атрыманыя грошы можна было набыць хіба што некалькі боханаў хлеба. Сытуацыя не зьмянілася й цяпер. З той толькі розьніцай, што сёньняшняя ўлада ўвогуле стараецца не заўважаць гэтай праблемы: згадайма хоць бы пра несуцешны лёс Курапатаў пад Менскам, дзе былі зьнішчаны сотні тысяч ахвяраў бальшавізму. Дзяржава дагэтуль не стварыла там годнага мэмарыялу.

Вы, спадар Красоўскі, вядома, можаце зьвярнуцца ў суд у Менск з патрабаваньнем штомесяцавай кампэнсацыі ў далярах на свой банкаўскі рахунак. Але пры гэтым Вам трэба мець на ўвазе, што дагэтуль у Беларусі ніхто такой кампэнсацыі не атрымліваў і не атрымлівае.

На заканчэньне – ліст ад нашай даўняй слухачкі Тацяны Барэль з Асіповіч.

“Наш горад Асіповічы вымірае. Рэдка цяпер ідзе дым з коміну рубэроіднага заводу. Уцякаюць людзі пасьля зьмены кіраўніцтва зь мелькамбінату. Моладзь не застаецца ў Асіповічах: няма дзе працаваць, адпачываць, няма дзе папраўляць здароўе. А нядаўна, каб залатаць дзіркі ў раённым бюджэце, на прадпрыемствах і ва ўстановах пачаліся добраахвотна-прымусовыя паборы на добраўпарадкаваньне гораду. Што будуць парадкаваць – невядома.

У нас у паліклініцы кожны лекар павінен здаць 18 тысяч рублёў. Нікога не хвалюе, ёсьць у цябе на гэта грошы й жаданьне, ці не. Шчыра скажу, мне здаваць грошы вельмі ня хочацца, бо мая сям’я тры гады мерзла зімой у кватэры (тэмпэратура была 9-14 градусаў). Звароты ў райвыканкам нічога не давалі, пакуль у нашым доме не зьявіўся ўплывовы сусед. Гэтай зімой было цёпла. Але й уплыву суседа не хапіла, каб аднавіць падачу гарачай вады, якую спынілі ў 99-м годзе. Вось такое жыцьцё.

Як калісьці нашы бацькі не хацелі, каб мы вярталіся працаваць за капейкі ў вёскі, так і нам цяпер ня хочацца, каб дзеці заставаліся ў нялюдзкіх умовах. Выміраньне райцэнтарў магла б спыніць праграма Зянона Пазьняка аб разьвіцьці малых гарадоў. На жаль, на яе ніхто не зьвяртае ўвагі”.

Разам зь лістом Тацяна Барэль даслала вялікую колькасьць фатаздымкаў, якія ілюструюць ейныя высновы. На іх – зачыненыя дзіцячыя садкі, кінутыя хаты, занядбаныя сацыяльныя будыніны. Добра пачуваюць сябе ў Асіповічах хіба толькі шматлікія пахавальныя канторы – і гэта слухачка таксама зафіксавала на сваіх фатаздымках.

Заняпад раённых гарадоў і мястэчак – зьява параўнальна новая, уласьцівая апошнім гадом. Раней гаварылі толькі пра выміраньне вёсак. Сёньня ж у Беларусі ёсьць райцэнтры, дзе беспрацоўе ахоплівае да 30 адсоткаў актыўнага насельніцтва. Натуральна, людзі ўцякаюць адтуль, шукаючы лепшай долі.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Марат Гірко, Генадзь Банкевіч і Віктар Бута зь Менску, Раіса Алісевіч з Капылю, Іван Баранкоў з Горадні, Анатоль Жэрдзеў з Гомелю й Алесь Ляскоўскі зь вёскі Сугакі Ваўкавыскага раёну.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для лісту на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Валянцін Жданко, Менск

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG