Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30 ліпеня ў Афіны зь Менску вылецела першая група беларускіх алімпійцаў


Уладзімер Глод, Менск Роўна за два тыдні да афіцыйнага адкрыцьця 28-х летніх Алімпійскіх гульняў у сталіцу накіраваліся прадстаўнікі сынхроннага плаваньня, скачкоў у ваду і ветразевага спорту. Рэальных шанцаў на посьпех тут у беларускіх спартоўцаў няма. А тым часам свае прагнозы наконт колькасьці магчымых мэдалёў даюць заўзятары, якія ўключыліся ў алімпійскі конкурс, аб’яўлены беларускай “Свабодай”.

Наш сталы слухач Генадзь Агафонаў зь Віцебску ў сваім лісьце адзначае, што спорт апошнім часам стаў “прывабнай варыяцыяй чалавечай актыўнасьці... Ім захапляюцца, тут знаходзяць, так бы мовіць, адпачынак душы”. Падобна, і для Генадзя СПОРТ, а ён піша гэтае слова вялікімі літарамі, вельмі прыцягальны і прывабны. Спадар Агафонаў лічыць, што беларускія атлеты прывязуць на Радзіму 12 мэдалёў, 2 зь якіх будуць найвышэйшай вартасьці.

А вось Юлія Пачкоўская зь вёскі Кастрыца Барысаўскага раёну зьвяртаецца да нас упершыню. “Пачула пра конкурс і вырашыла ў ім абавязкова ўдзельнічаць”, піша Юлія, “паколькі я вельмі люблю спорт і цікаўлюся ім”. Нашая слухачка мяркуе, што беларускія алімпійцы заваююць 15 мэдалёў, траціна зь якіх будзе залатымі. “Спадзяюся на сваю перамогу і перамогу беларускай каманды на Алімпіядзе ў Афінах” – гэткімі словамі заканчвае свой ліст Юлія Пачкоўская.

Пакуль самы шчодры адносна беларускіх алімпійцаў – Сяржук Хмялінка зь Менску. Ён лічыць, што на грэцкай Алімпіядзе яны здолеюць атрымаць аж 22 мэдалі, у тым ліку й 4 залатых. А вось Канстанцін Кузьняцоў зь Віцебску прагназуе: колькасьць беларусаў-чэмпіёнаў будзе ня болей двух. Дый тое, пры спрыяльных абставінах. “Я не зьдзіўлюся, калі чэмпіёнаў увогуле ня будзе”, піша спадар Кузьняцоў.

Лісты на алімпійскі конкурс пішуць звычайныя заўзятары. А які прагноз робяць людзі, непасрэдна зьвязаныя з алімпійскай тэматыкай, з вялікім спортам?

Шматразовы алімпійскі чэмпіён у фэхтаваньні Віктар Сідзяк лічыць: беларусы могуць прывезьці на Радзіму некалькі залатых мэдалёў.

(Сідзяк: ) “Напрыклад, можа быць у лёгкай атлетыцы, можа быць у стральбе. У фэхтаваньні толькі дзьве ліцэнзіі, адна – “глухая”, а Зьміцер Лапкес, хаця і перамагаў на некаторых турнірах, але ж Алімпіяда – гэта зусім іншы падыход”.

Майстар спорту міжнароднай клясы баксёр Эдуард Дубоўскі спадзяецца, што майстры скураной пальчаткі вернуцца з Афінаў з мэдалямі:

(Дубоўскі: ) “Магу сказаць толькі за бокс, тут можа быць нават пару мэдалёў”.

Спартовы журналіст Руслан Бацянкоў прагназуе колькасьць алімпійскіх узнагарод у межах 10-15:

(Бацянкоў: ) “З кожнай Алімпіядай канкурэнцыя ўзрастае. Таму, я думаю, што беларускія спартоўцы атрымаюць ня больш за два-тры мэдалі. А што датычыцца таго, колькі ўсяго будзе мэдалёў, то, на маю думку – ад 10 да 15”.
XS
SM
MD
LG