Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папулярнасьць “польскага Лукашэнкі” імкліва зьніжаецца


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы папулярнасьць Анджэя Лепэра, ці, як яго яшчэ часам называюць, “польскага Лукашэнкі”, імкліва зьніжаецца. Партыя Лепэра “Самаабарона”, якая яшчэ на пачатку гэтага году займала другое месца сярод польскіх палітычных партыяў, цяпер можа разьлічваць на падтрымку толькі кожнага восьмага паляка. У чым жа прычына падзеньня папулярнасьці польскіх папулістаў?

Тое, што “Самаабарона” губляе папулярнасьць, стала відавочным яшчэ ў ліпені, калі ў часе выбараў у Эўрапейскі парлямэнт партыя Анджэя Лепэра заняла толькі чацьвёртае мейсца, хаця разьлічвала прынамсі на другое.

І вось учора былі распаўсюджаныя вынікі апошняга сацыялягічнага дасьледаваньня, паводле якога ў дадзены момант за “Самаабарону” гатовыя прагаласаваць толькі 13% палякаў – гэта ўдвая менш, чым яшчэ некалькі месяцаў таму.

Адмыслоўцы падкрэсьліваюць, што галоўная прычына гвалтоўнага спаду папулярнасьці “Самаабароны” – гэта паляпшэньне эканамічнай сытуацыі ў Польшчы. Справа ў тым, што электарат Анджэя Лепэра – гэта перадусім сяляне. А менавіта сяляне (і гэта 1 400 000 гаспадарстваў), ў хуткім часе пачнуць атрымліваць значныя даплаты з агульнаэўрапейскага бюджэту, цэны на іхныя прадукты падвышаюцца, ёсьць збыт – фэрмэры зарабляюць усё больш.

“У такой сытуацыі “Самаабарона” зь яе лёзунгамі “пасадзіць усіх” і “навесьці парадак” сялянам не патрэбная”, кажа сацыёляг з Польскай акадэміі навук Барбара Фэдышак. Паводле яе словаў, выбаршчыкам усё больш не падабаецца і тое, што спадар Лепэр ёсьць дыктатарам у сваёй партыі. А вось як пракамэнтаваў падзеньне рэйтынгу польскіх папулістаў палітоляг Анджэй Петрасік:

(Петрасік: ) “За ідэі, якія прапаноўвае Лепэр і ягоная каманда што да паляпшэньня эканамічнай сытуацыі ў краіне, студэнты першых курсаў інстытутаў атрымліваюць двойкі. Многія ўжо зразумелі, што калі гэтыя ідэі пачнуць зьдзяйсьняцца, то Польшчу чакае катастрофа”.

Такім чынам, як піша ў апошнім нумары аўтарытэтны польскі штодзёньнік “Rzeczpospolita”, “надзея перашкаджае папулістам”. Як толькі людзі бачаць, што іхняе жыцьцё паляпшаецца, палітыкі кшталту “польскага Лукашэнкі” губляюць папулярнасьць, бо іхны посьпех магчымы тады, калі ў самой дэмакратыі ўзьнікаюць праблемы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG