Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клаўдыя Нольтэ: “З гэтай дэклярацыі ніхто не павінен рабіць высновы, што ПА АБСЭ задаволеная сыстэмай Лукашэнкі”


Ул. інф. У абмеркаваньні сумеснай дэклярацыі з беларускай дэлегацыяй удзельнічала сябра асамблеі, дакладчыца па Беларусі ад фракцыі ХДС-ХСС у нямецкім Бундэстагу Клаўдыя Нольтэ. Мы зьвярнуліся да яе з просьбай пракамэнтаваць вынікі сэсіі адносна беларускага пытаньня.

(Карэспандэнт: ) “Калі ў чацьвер у Эдынбургу спадарыня Ўта Цапф адклікала праект рэзалюцыі па Беларусі, няўжо з боку ўдзельнікаў сэсіі не прагучала апініі, што ПА АБСЭ можа быць проста ашуканая афіцыйным Менскам?”

(Нольтэ: ) “Так. Больш таго, гэта было вельмі відавочна, што скепсісу ў парлямэнтароў – шмат. Многія выказваліся наступным чынам: пакуль існуе сыстэма Лукашэнкі, пазытыўныя зрухі ў краіне немагчымыя. Няма ніякіх прыкметаў таго, што Лукашэнка гатовы да таго, каб зрабіць краіну больш адкрытай і правесьці там дэмакратычныя выбары. Аднак... На працягу многіх год дачыненьні паміж Эўропай і Менскам знаходзяцца ў надзвычайным тупіку. Гэта беспэрспэктыўна. І калі беларускія парлямэнтары бяруць на сябе абавязацельствы спрыяць правядзеньню празрыстых і вольных выбараў у кастрычніку, а мы ў сваю чаргу пачнём гаварыць: не, гэта нас не хвалюе, мы прымем рэзалюцыю... Зразумела, гэта стане чарговым аргумэнтам для Лукашэнкі: нас ня слухаюць, на нашыя намаганьні ніхто ня зьвяртае ўвагі. І тут могуць быць самыя розныя спэкуляцыі. Што тычыцца дэклярацыі, то ў ёй падкрэсьліваецца, якія чаканьні маюць эўрапейскія парлямэнтары ад Беларусі. З гэтага ніхто не павінен рабіць высновы, што ПА АБСЭ задаволеная сыстэмай Лукашэнкі.”

(Карэспандэнт: ) “Вы асабіста ставіцеся да падпісаньня дэклярацыі з пэўнай надзеяй?”

(Нольтэ: ) “Я асабіста – і я не раблю з гэтага таямніцы – стаўлюся да гэтага са скепсісам. У мяне няма надзеяў на тое, што гэты дакумэнт стане для Лукашэнкі і ягоных прыхільнікаў падставай для дэмакратычных зрухаў. Зразумела, ёсьць пэўная рызыка ў тым, што сыстэма ў гэтым зьвязку зараз сьвяткуе сваю перамогу і мы будзем нейкім чынам ашуканыя.”

(Карэспандэнт: ) “А што датычыць рэакцыі беларускай апазыцыі?”

(Нольтэ: ) “Я стаўлюся вельмі сур''ёзна да падобнай рэакцыі. Яна небеспадстаўная, бо гэтыя людзі маюць вялікі досьвед суіснаваньня з сыстэмай Лукашэнкі. Яны ня вераць, у тое, што беларускія парлямэнтары змогуць нечага дасягнуць, штосьці зьмяніць у сытуацыі з правамі чалавека ці ў сытуацыі з выбарамі. Я магу разумець іхны скепсіс і недавер.

Канечне, разглядалася такая магчымасьць, каб спыніць дыялёг, прыняць рэзалюцыю і такім вось чынам выказаць сваё жорсткае стаўленьне да сыстэмы. Аднак мы вырашылі паспрабаваць пайсьці іншым шляхам і вырашылі падтрымаць намаганьні тых беларускіх парлямэнтароў, якія заявілі: мы будзем садзейнічаць дыялёгу. Гэта свайго роду спроба да новага пачатку.

Тут вельмі важна падкрэсьліць: падпісаўшы дэклярацыю зь беларускім бокам, парлямэнтары АБСЭ не адмаўляюцца ні ад ніводнага слова ў беларускай рэзалюцыі. Мы вельмі добра ведаем пра сытуацыю са СМІ, няўрадавымі арганізацыямі, апазыцыяй. Гэтыя моманты мы выразна артыкулявалі ў часе эдынбурскіх дэбатаў. Зазначу таксама, што мы маем вялікія спадзяваньні і надзеі, каб гэтая дэклярацыя была ў Беларусі надрукаваная і абмеркаваная”.

(Карэспандэнт: ) “Парлямэнтары АБСЭ заявілі пра сваю гатовасьць да дыялёгу з афіцыйным Менскам. Што чакаць адносна дыялёгу з апазыцыяй?”

(Нольтэ: ) “Я хачу зазначыць наступнае і зрабіць адпаведны сыгналь да прадстаўнікоў беларускай апазыцыі, зь якой у мяне шмат кантактаў, многіх зь якіх я ведаю. Мы хочам, каб пазыцыя гэтых людзей стала больш моцнай, каб яны атрымалі болей шанцаў на вольныя выбары і на ўдзел у выбарчай кампаніі. Ня выключана, што пры прыняцьці рэзалюцыі, нашыя дзеяньні ўспрымаліся б афіцыйным Менскам як блякада з боку АБСЭ. У такім выпадку мы б не змаглі дапамагчы беларускай апазыцыі на практыцы. Зараз мы маем штосьці кшталту інструмэнту ціску. Што тычыць мяне асабіста, дый таксама і маіх калегаў, мы будзем і надалей заставацца ў дыялёгу з беларускай апазыцыяй. Мы будзем назіраць за выбарчай кампаніяй, за выбарамі. Мы спадзяемся, што Менск, Лукашэнка своечасова запросяць нас у Беларусь. Мы выкарыстаем гэты час, каб правесьці кансультацыі з апазыцыяй, які шлях можа быць далей”.

Гл. таксама • Лябедзька: “Пакт Уты Цапф і Міхаіла Арды ня мае юрыдычнай сілы” • Эбэргарт Гайкен: "Калі чаканьні ня будуць зьдзейсьнены, ПА АБСЭ выразна выкажа сваё расчараваньне" • Лідзія Ярмошына: “Дэклярацыя [падпісаная ў Эдынбургу] — гэта палітычны, а не юрыдычны дакумэнт” • Вінцук Вячорка пра падпісаньне заявы ў Эдынбургу: “Гэта разьлік на тое, што дэклярацыя і папера – гэта адно, а практыка – гэта другое” • Афіцыйны прадстаўнік Беларусі ў АБСЭ Віктар Гайсёнак: “Гэта не перамога, але і не саступка” • На 13-й сэсіі ПА АБСЭ ў Эдынбургу падпісаная сумесная дэклярацыя паміж рабочай групай па Беларусі і афіцыйнай беларускай дэлегацыяй
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG