Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр Марлон Брандо


Ганна Соусь, Прага 2 ліпеня ў Лос-Анджэлесе ў веку 80 гадоў памёр легендарны амэрыканскі актор Марлон Брандо. Брандо зрабіў сапраўдную рэвалюцыю ў амэрыканскім кіно 1940-50-х гадоў. Двойчы як найлепшы актор ён быў узнагароджаны “Оскарам”. Найбольшую славу Марлону Брандо прынесьлі фільмы “Ў порце” й “Хросны бацька”.

Марлон Брандо зь ягоным зламаным носам і паўстанцкай натурай быў кананічнай фігурай для цэлага пакаленьня актораў зь ягоным легендарнымі ролямі ў фільмах “Трамвай Жаданьня”, “Дзікун”, “У порце”.

Марлон Брандо быў ўзнагароджаны “Оскарам” за ролю баксёра ў фільме “У порце” ў 1954 годзе і за ролю кіраўніка мафіі Дона Вітэ Карлеонэ ў стужцы “Хросны бацька” ў 1972 годзе.

У фільме “У порце” Марлон Брандо выконваў ролю баксёра, які выступіў супраць карупцыі ў гэтым асяродку. У адной з самых вядомых сцэнаў у гісторыі кіно Марлон Брандо гаворыць свайму брату, якога іграе Род Стэджэр:

(Брандо: ) "Я мог быць файным! Я мог быць прэтэндэнтам! Я мог быць кімсьці!"

Марлон Брандо натхніў цэлую генэрацыю актораў-мяцежнікаў, у тым ліку Джэймса Дзіна.

Брандо нарадзіўся 3 красавіка 1924 году ў Амахе ў штаце Нэбраска, ён быў сынам прадаўца і правінцыйнай акторкі. Ён вывучаў мастацтва і драматургію ў Нью-Ёрку ў знакамітай Стэлы Адлер і ў Акторскай студыі. У 1969 гады актор быў актыўным удзельнікам руху за грамадзянскія правы амэрыканскіх індзейцаў.

Магчыма, самым вядомы ягоным актам пратэсту была адмова прыняць у 1973 годзе ўзнагароду “Оскар” за ролю Дона Вітэ Карлеонэ ў фільме Фрэнсіса Форда Копалы “Хросны бацька”. Брандо даслаў на цырымонію амэрыканскую актрысу індыянку Сачін Літлефітэр з тым, каб яна распавяла пра цяжкае становішча індзейцаў і абвясьціла пра ягоную адмову ад узнагароды.

У 1990 гады Марлон Брандо ізноў зьявіўся на экранах, але выконваў невялікія ролі ў нязначных фільмах, часта за даволі высокія ганарары.

Марлон Брандо быў тройчы жанаты і меў дзевяць дзяцей. У апошнія гады ён быў больш вядомы не праз сваю акторскую дзейнасьць, а праз эксцэнтрычнае пустэльніцтва, бязладзьдзе ў сямейным жыцьці й фінансавыя спрэчкі. Марлона Брандо будуць памятаць ня толькі як вялікага актора, але і як “сучасную вэрсію свабоднага амэрыканца”, гэтак яго назвала знакаміты кінакрытык Полін Каэл.
XS
SM
MD
LG