Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фільм “Акупацыя. Містэрыі” прыцягнуў да сябе ўвагу, але прыз на маскоўскім кінафэстывалі не здабыў


Галіна Абакунчык, Менск У гэтую нядзелю ў Маскве ўшанаваньнем пераможцаў завяршыўся 26-Міжнародны кінафэстываль. Найвялікшую колькасьць узнагародаў – за лепшую мужчынскую ролю, за лепшую рэжысэрскую работу й галоўны прыз фэстывалю – атрымаў фільм расейскіх кінэматаграфістаў “Свае”. Прыз за лепшы рэжысэрскі дэбют у фэстывальным конкурсе “Пэрспэктыва” атрымаў фільм “Гатэль Вэнэра” японскага рэжысэра Хідэта Такахата. У “Пэрспэктыве” гэтаксама прымала ўдзел стужка беларускага кінарэжысэра Андрэя Кудзіненкі “Акупацыя. Містэрыі”.

Абодва фільмы-пераможцы спадар Кудзіненка называе, як безумоўна таленавітыя й моцныя кінаработы, але іхную перамогу ён расцэньвае, як прагназаваную й адначасова нечаканую. Рэч у тым, што цягам усяго фэстывалю да беларускай кінастужкі была вельмі вялікая ўвага як з боку ўдзельнікаў, так і расейскіх СМІ. “Акупацыю. Містэрыі.” й расейскую кінастужку, якая так і называлася “Руская” разглядалі як галоўных прэтэндэнтаў на перамогу ў намінацыі “Пэрспэктыва”. Але “Руская” была зьнятая паводле твораў расейскага пісьменьніка Эдуарда Лімонава, вядомага сваімі нэафашыстоўскімі поглядамі. А “Акупацыя. Містэрыі.”, як вядома, распавядае пра шматвекавую акупацыю Беларусі, у тым ліку й расейцамі.

Паводле спадара Кудзіненкі, яму нават рабілі закіды, што, маўляў, вы зьнялі русафобскае кіно. З гэтых прычынаў, хоць і зь іншай фармулёўкай, фільм быў забаронены для паказу на тэрыторыі Беларусі. Акрамя таго, айчынныя чыноўнікі й вэтэраны зьвярталіся да арганізатараў фэстывалю з папярэджаньнем, што “Акупацыя. Містэрыі.” ў Менску забароненая, бо яна нібыта абразіла іхныя патрыятычныя пачуцьці. Таму перамогу японскай кінастужкі ў намінацыі “Пэрспэктыва” Андрэй Кудзіненка называе палітычна карэктным рашэньнем.

Што да галоўнага пераможцы, то спадар Кудзіненка кажа, што па-першае, немагчыма гаварыць пра нейкую канкурэнцыю паміж фільмамі, зьнятымі за 30 тысячаў і за 3 мільёны даляраў. А па-другое, у фільме “Свае” зьнімаліся, да прыкладу, многія вядомыя акторы, у тым ліку дачка прэзыдэнта фэстываля Мікіты Міхалкова. Тым ня менш, свой удзел у фэстывалі Андрэй Кудзіненка называе ўдалым, паколькі беларускае кіно вельмі добра ацанілі гледачы й мэдыі, а расейская прадусарская кампанія набыла права ягонага пракату на ўсёй тэрыторыі СНД акрамя Беларусі.

Паводле спадара Кудзіненкі, “Акупацыя. Містэрыі.” запрошаная да ўдзелу яшчэ ў некалькіх міжнародных кінафэстывалях. Гэтак ужо 7 ліпеня, адзін зь іх распачнецца ў Ізраілі, потым будуць Украіна, Нямеччына, Латвія й іншыя. Акрамя таго, у бліжэйшых плянах Кудзіненкі – здымкі новага фільма “Містэрыі 20-га стагодзьдзя”, пра падмену жыцьцёвых каштоўнасьцяў, на якую было так багатае мінулае й новае стагодзьдзі. Што да пэрспэктываў паглядзець “Акупацыю. Містэрыі.”, то ў айчынных кінагледачоў бліжэйшым часам яе няма, бо ў Беларусі гэтая кінастужка па-ранейшаму застаецца забароненай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG