Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсар Мурог: Праз тры тыдні галадоўкі чалавек можа памерці ў любы момант


Юры Дракахруст, Прага Як галадоўка адбіваецца на чалавечым арганізьме, ад чаго залежыць хада галадоўкі, на якія органы прыпадае найбольшая нагрузка, калі ў арганізьме ў выніку галадоўкі пачынаюцца незваротныя працэсы. На гэтыя пытаньні Радыё Свабода адказвае прафэсар катэдры гігіены і мэдычнай экалёгіі Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі Валер Мурог.

(Мурог: ) “Калі тлушчу ў чалавека больш, то працэс галадоўкі ідзе лягчэй, бо ў першую чаргу расходуецца менавіта тлушч, які ўдзельнічае ў абмене, і пакуль у сальніку будзе тлушч, ён будзе выкарыстоўвацца арганізмам і падтрымліваць больш-менш нармальны стан арганізму.

Але калі тлушчу ўжо ня будзе, то ў першую чаргу церпяць розныя сыстэмы абмену ў арганізьме: той жа тлушчавы, вугляводны – парушаюцца ўсе віды абмену і ў арганізьме назапашваюцца недаакісьленыя прадукты, прадукты, якія ў нармальным стане мусяць расчапляцца. Кепска працуе пячонка, ныркі, назапашваюцца шлякі, солі, фармуюцца атруты і гэта ў сваю чаргу дзейнічае на цэнтральную нэрвовую сыстэму, на кару галаўнога мозгу.

У некаторых людзей ужо праз 10 дзён пачынаюцца істотныя пашкоджаньні – гінуць клеткі, якія не аднаўляюцца. Калі галадоўка ідзе трэці тыдзень, то гэта найбольш небясьпечна. Там ужо нічога гарантаваць нельга – калі тады не сілкаваць чалавека параэнтэральна, ці іншым чынам не дапамагаць яму, ён можа памерці ў любы момант.

Досьвед голаду падчас ленінградзкай блякады ў гады Другой сусьветнай вайны паказаў, што людзі паміралі праз тры тыдні – месяц”.

Гэта быў прафэсар Валэр Мурог, супрацоўнік Беларускай мэдычнай акадэміі.
XS
SM
MD
LG