Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ватыкан заклікаў каталіцкіх жанчын не выходзіць замуж за мусульманаў. Чаму?


Сяргей Абламейка, Прага

14 траўня ватыканская Біскупская рада ў справах пастаральнага клопату аб мігрантах выдала дакумэнт пад назвай “Любоў Хрыста да мігрантаў”. Агулам дакумэнт накіраваны на паляпшэньне працы Каталіцкай царквы зь мігрантамі. Сёньня ў сьвеце, сьцьвярджаецца ў гэтым дакумэнце, 175 мільёнаў эмігрантаў і 37 мільёнаў уцекачоў. Дзясяткі мільёнаў з гэтай колькасьці перамешчаных асоб складаюць католікі.

Аднак адразу пасьля выхаду гэтага дакумэнту ў сьвеце ўзьнялася хваля яго крытыкі. Справа ў тым, што ў дакумэнце шлюб паміж католікамі і мусульманамі прызнаецца непажаданым. У першую чаргу гэта датычыцца выпадкаў, калі за мусульманіна замуж выходзіць каталічка, і яны плянуюць пераезд у мусульманскую краіну. У дакумэнце гаворыцца, што паміж ісьлямам і хрысьціянствам ёсьць шмат агульнага, асабліва што датычыцца пытаньняў веры, але існуюць і вялікія адрозьненьні. Гэта найперш недастатковы клопат ісьляму аб правах чалавека, асабліва аб правах жанчыны, якая звычайна зьяўляецца найбольш неабароненым бокам у шлюбе.

Варта дадаць, што новы ватыканскі дакумэнт утрымлівае заклік да католікаў наогул устрымлівацца ад міжканфэсійных шлюбаў. Тлумачыцца гэта клопатам аб дзецях, якія ў зьмешаных шлюбах часта ня маюць права самастойна выбіраць сабе канфэсію.

Вось як, напрыклад, адрэагаваў на новы ватыканскі дакумэнт вядомы мусульманскі экспэрт, супрацоўнік Інстытуту Маркфэльда ў Вялікай Брытаніі Нізам Махамэд:

(Махамэд: ) “Вучэньне ісьляму абсалютна супраць любога ўціску жанчын. У ісьляме жанчынам надаецца годнасьць, магчыма, нават большая, чым у заходніх грамадзтвах. Жанчыне нельга даць другасны статус, нельга яе таптаць. Жанчыны ў ісьляме маюць права спадчыны, маюць свабоду і зьяўляюцца спраўднымі кіраўнічкамі сям’і. Зварот Ватыкану – няўдалы, бо ён стварае ўражаньне, што гэтак вучыць ісьлям, хаця насамрэч гэта ня так. Сам я мусульманін, мая жонка – каталічка. Я ніколі не спрабаваў навярнуць жонку на ісьлям. На жаль, мы ня маем дзяцей, але калі б мы іх мелі, я б ім дазволіў хадзіць і ў мячэць, і ў каталіцкую царкву, і дазволіў бы ім самім вырашаць, якой рэлігіі трымацца”.

Сказаў супрацоўнік Інстытуту Маркфэльда ў Вялікай Брытаніі Нізам Махамэд. Іншы мусульманскі экспэрт, супрацоўнік Ісьлямскага Інстытуту Лёнданскага ўнівэрсытэту Гаясудзін Сыдзікі зрабіў наступную заяву:

(Сыдзікі: ) “Я думаю, што гэта толькі грае на руку ісьлямафобіі, якая набірае папулярнасьці ў нашым грамадзтве. Я думаю, што мы павіны аддзяляць сябе. Я маю на ўвазе, што ісьлямафобія і вайна з тэрарызмам узьніклі ў выніку палітычных прычынаў”.

Сказаў супрацоўнік Ісьлямскага Інстытуту Лёнданскага ўнівэрсытэту Гаясудзін Сыдзікі. Ён, як вы чулі, сьцьвярджае, што існуе розьніца паміж палітыкай і рэлігіяй у тым сэнсе, што ісьлямяфобія мае палітычныя, а не рэлігійныя прычыны.

Да яго высновы варта дадаць, што і ў ватыканскім дакумэнце мова ідзе найперш пра існуючую практыку і сацыяльныя традыцыі ў мусульманскіх краінах, а не пра сам ісьлям як такі. А практыка ў мусульманскіх дзяржавах што да правоў жанчын даволі разнастайная. Напрыклад у Савудаўскай Арабіі ў сакавіку 2002 году адбыўся наступны выпадак. У Меццы загарэўся будынак школы для дзяўчынак. У агні пажару загінулі 15 школьніц, бо рэлігійная паліцыя не выпускала іх з палаючага будынка без паранджы, а навокал не было іх сваякоў мужчын. Рэлігійная паліцыя не дапусьціла на пажар і выратавальнікаў мужчынаў, бо яны ня мелі права бачыць твары чужых дзяўчынак. Дзеці проста згарэлі пад пільным вокам мусульманскай паліцыі. Той выпадак выклікаў у сусьветнага грамадзтва жах.

Калі гаварыць непасрэдна пра каталіцкае і шырэй пра хрысьціянскае вучэньне і пра ісьлям, дык ўзаемна зьменашыя шлюбы дазваляюць і адана, і другая рэлігіі. Вось, напрыклад, цытата з кнігі славутага мусульманскага багаслова доктара Юсуфа Аль-Карадаві:

“Шлюб з жанчынай зь “Людзей Кнігі” (гэта значыць хрысьціянаў) дазваляецца пры наступных умовах: 1.

Неабходна ўпэўніцца ў яе сапраўднай прыналежнасьці да “Людзей Пісаньня”, паколькі яна можа назвацца хрысьціянкай, але быць насамрэч атэісткай, бэхаіткай або кім іншым. 2.

Яна павінна быць цнатлівай, гэта значыць не прадаваць сваё цела, або, як мінімум, яна павінна раскаяцца ў сваіх мінулых грахах. 3.

Яна не павінна быць прадстаўніцай народу, які варагуе з мусульманамі, як габрэі ў цяперашні час. 4.

Шлюб не павінен прынесьці шкоду ні мужу, ні дзецям, ні мусульманкам, напрыклад, калі ісьлямская дыяспара малалікая, і з-за шлюбу зь немуксульманкай мусульманкі пазбаўляюцца добрай партыі і застаюцца ў векавухах”.

Гэта, нагадаю, была цытата з кнігі вядомага мусульманскага багаслова доктара Юсуфа Аль-Карадаві. Там жа сьцьвярджаецца, што шлюб зь немусульманамі зьяўляецца “непажаданым”, асабліва ў краінах Захаду, бо мусульманін можа трапіць пад уплыў сваёй жонкі. Як бачым, гэта практычна поўны люстраны адбітак пастуляту Ватыкана аб непажаданасьці шлюбу з мусульманамі, асабліва ў выпадках, калі новая сям’я накіроўваецца на сталае жыхарства ў ісьлямскую краіну.

Я папрасіў Апостальскага візытатара для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека расказаць пра палажэньні каталіцкага Кананічнага права што да шлюбу з мусульманамі:

(Гаек: ) "Вядома, што з часоў ІІ Ватыканскага Сабору Каталіцкая царква адносіцца да іншых рэлігіяў зь вялікай павагай. Можна нават сказаць, што ў першую чаргу да ісьляму. Папа сам вельмі часта выказваў сваю павагу да ісьляму, асабліва да традыцыі ісьлямскай сям''і. Тым ня менш, у Катэхізьме Каталіцкай царквы, асабліва ў 1633 пункце гаворыцца, што калі ідзе пра міжрэлігійныя сужэнствы, трэба быць вельмі асьцярожным, таму што практыка паказвае, што католік у такім сужэнстве, асабліва жанчына, на практыцы вельмі цяжка можа вызнаваць сваю веру. Асабліва, калі пераяжджае ў мусульманскую дзяржаву. Новы дакумэнт – гэта проста пацьверджаньне гэтай цяжкасьці. Больш за тое, Канон 1125 Кодэксу Кананічнага права лацінскай царквы гаворыць, што ў міжрэлігійных сужэнствах каталіцкі бок павінен старацца выхаваць дзяцей у каталіцкай веры. Вядома таксама, што ў адносінах зь іншымі рэлігіямі, асабліва зь ісьлямам, гэта вельмі цяжка. Таму тое, што цяпер афіцыйна нагадана пра гэтую пазыцыю Каталіцкай царквы адносна шлюбаў з мусульманамі, ня ёсьць у ніякім выпадку выявай непрыязнасьці да ісьляму, а толькі заклікам быць асьцярожным там, дзе пасьля аказваецца, што практыкаваць сваю веру немагчыма. Аб гэтым сьведчыць і сытуацыя ў ісьлямскіх краінах, а таксама і ў Заходняй Эўропе. У Заходняй Эўропе вельмі часта ёсьць так, што міжрэлігійныя сужэнствы вядуць да нейкага індэфэрэнтызму, калі кожны практыкуе сваю веру, а дзеці наогул растуць на вуліцы”.

Гаварыў Апостальскі візытатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Як бачым, з пункту гледжаньня каталіцкага боку нічога надзвычайнага не адбылося. Проста яшчэ раз нагадалі пра патрабаваньні катэхізму і кананічнага права.

Што ж датычыцца самога дакумэнту “Любоў Хрыста да мігрантаў”, які Ватыканская Біскупская рада ў справах пастаральнага клопату аб мігрантах выдала 14 траўня, дык я пазнаёмлю слухачоў яшчэ зь некалькімі палажэньнямі таго разьдзелу, які гаворыць пра дачыненьні зь імсьлямам. Ватыкан у ім заклікае мусульманаў паважаць правы чалавека, правы асобы і дэмакратыю. Католікі заклікаюцца тлумачыць мусульманам, што ў іх веры яны прыняць ня могуць. У дыялёгу паміж дзьвюма рэлігіямі католікі павінны адкідаць забабоны і цьвёрда стаяць на сваёй пазыцыі. Дакумэнт заклікае мусульманскіх “братоў і сёстраў” усьвядоміць, што дзяржава ня можа абыходзіцца без асноўных свабодаў і непарушных правоў асобы, без раўнапраўя жанчын, без дэмакратычнага спосабу кіраваньня і здаровай сьвецкасьці – гэта значыць, без аддзяленьня царквы ад дзяржавы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG