Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Яўген Шабан<br><br>29.12.1936, в. Калодзіна (цяпер Мядзельскі раён) — 30.7.1982, Віцебск. Пахаваны на менскіх Паўночных могілках.


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Мне згадваецца даўні сэмінар маладых літаратараў у Віцебску. Адзін з старэйшых калегаў, запрошаных у якасьці настаўнікаў, цэлы перапынак нэрвова й расхвалявана курыў цыгарэту за цыгарэтай, а потым з малой сцэны Коласаўскага тэатру раптам запытаўся, ці ведаем мы, як даказаць, што вушы ў павукоў растуць на нагах. Мы былі заінтрыгаваныя, а прысутны прадстаўнік аддзелу прыпаганды й агітацыі абкаму партыі імгненна насьцярожыўся.

“Павука садзяць на стол і кажуць: “Бяжы!”,— працягваў наш акулярысты настаўнік.— Ён слухаецца. Тады яму адрываюць ногі і зноў загадваюць бегчы. Ён ня можа. Адсюль робіцца выснова, што вушы ў небаракі знаходзяцца на нагах...”

“Гэта вы да чаго?” — у запалай паўзе запытаўся нехта з сэмінарыстаў.

“А да таго, што ў народу можна адняць гісторыю, прымусіць забыць мінулае, а потым запытацца, а што ў вас, даражэнькія, апроч балотаў, было, а дзе вашыя гісторыкі. Той самы прынцып доказу... А возьмем сытуацыю з мовай...”

Пра сытуацыю з мовай партыйны “прапагандыст і агітатар” вырашыў ужо ня слухаць і на ўсялякі выпадак пакінуў залю.

Акулярыстага звалі Яўген Шабан. На той час ён быў ужо вядомым паэтам і яшчэ больш знаным драматургам, адна з п’есаў якога — “Шрамы”, пастаўленая ў 1977-м купалаўцамі, ішла ў трыццаці тэатрах краіны. Дэманструючы бездакорны літаратурны густ, ён рабіў для тэлебачаньня п’есы паводле Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Міхася Стральцова, Івана Пташнікава... Ягоныя ўласныя лепшыя п’есы былі вострымі й багатымі на падтэксты й алюзіі, невыпадкова іх (да прыкладу “Чахарду”) выключалі з рэпэртуарных зборнікаў або бязьлітасна рэдагавалі.

Выпускнік акторскага факультэту Беларускага тэатральна-мастацкага інстытуту, Яўген сыграў шмат роляў у сваіх і “чужых” п’есах. Гэты досьвед дапамог яму потым у працы памочнікам галоўнага рэжысэра па літчастцы ў Купалаўскім і Коласаўскім тэатрах, а таксама ў перакладах на беларускую драматургіі В. Шукшына, А. Арбузава, Н. Думбадзэ...

Яўгенава сэрца спынілася ў часе пастаноўкі спэктаклю, не далічыўшы і 46 гадоў жыцьця.

Сёньня ён мог бы адзначыць 70.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG