Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<b/>Цімафей Дранчук — на волі


Алег Грузьдзіловіч, Менск 26 сьнежня на волю выйшаў Цімафей Дранчук — апошні з чацьверкі актывістаў арганізацыі “Партнэрства”, якіх арыштавалі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў і трымалі за кратамі. Цімафей Дранчук выйшаў з калёніі на два месяцы раней, чым было вызначана судом, але ён ня лічыць гэта саступкай уладаў.

Моладзевы актывіст Цімафей Дранчук прызначыў першае на волі інтэрвію ў двары дому на вуліцы Якуба Коласа. Побач месьціўся офіс арганізацыі “Партнэрства”, якая зьбіралася наладзіць назіраньне за выбарамі, але пасьля арышту Дранчука й яшчэ трох актывістаў мусіла спыніць дзейнасьць. Справа “Партнэрства” і стала асноўнай тэмай нашай размовы зь Цімафеем:

(Дранчук: ) “Цяжка нават назваць гэта справай. Гэта была абсалютна брудная спроба ўладаў, спэцслужбаў, беларускага тэлебачаньня запалохаць людзей перад выбарамі. Запалохаць маіх калегаў, якія займаліся назіраньнем, запалохаць тых, хто потым арганізоўваў намётавы лягер, запалохаць простых людзей. Таму іх такім брудным чынам і запалохвалі — расповедамі пра нейкіх дохлых пацукоў. Гэта ёсьць асноўная палітыкай цяперашніх уладаў”.

Нагадаем, пасьля арышту актывістаў “Партнэрства” старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка заявіў, што арганізацыя рыхтавала тэрарыстычныя акты дзеля дэстабілізацыі становішча ў грамадзтве.

Што да выбараў, то, паводле афіцыйнай вэрсіі, назіральнікі з “Партнэрства” нібыта падрыхтавалі фальшывыя пратаколы апытаньняў на выхадзе з выбарчых участкаў. Беларускае тэлебачаньне нават паказала гэтыя паперы.

Я нагадаў Цімафею Дранчуку пра гэтыя абвінавачаньні. Дранчук паведаміў, што на працэсе над “Партнэрствам”, які праходзіў за зачыненымі дзьвярыма ў Цэнтральным судзе Менску, гэтым пратаколам суд не паверыў.

(Дранчук: ) “Яны вырашылі абвінаваціць нас у тым, што мы нібыта зьбіраліся ўвесь народ падмануць. Эніра Браніцкая бачыла, як падкідвалі гэтыя паперы падчас ператрусу. Проста ў яе на вачах паклалі гэтыя сем папер на стол і сказалі: “О! А вось што мы знайшлі!” Такім чынам, насамрэч гэта ўлада фальшавала выбары, відавочна”.

Стаўленьне Цімафея Дранчука да ўлады ў турме не зьмянілася. Актывіст кажа, што яшчэ больш пераканаўся ў сутнасьці ўлады. Паводле Цімафея, менская калёнія, дзе ён адбываў апошнія месяцы пакараньня, — “дзяржава ў дзяржаве”. “Там штучна створаныя такія ўмовы, пры якіх слабыя духам людзі губляюць чалавечыя якасьці”, — сказаў Цімафей Дранчук.

Пры гэтым ён зазначыў, што сустрэў у зьняволеньні й шмат людзей, якія паводзілі сябе прыстойна. Актывіст перадаў на волю прывітаньне ад прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча й былога дэпутата Мікалая Скутава, зь якімі бачыўся напярэдадні выхаду на волю. Цімафей Дранчук перакананы, што гэтых людзей улады перасьледуюць з палітычных прычынаў.

Сам Цімафей Дранчук трымаецца бадзёра й не выглядае схуднелым. Тлумачыць гэта тым, што ў апошнія месяцы ў калёніі знаходзіўся ў лепшых умовах, калі параўнаць са сьледчым ізалятарам Менску, дзе “часам было проста жудасна”. Закончылася інтэрвію пытаньнем, ці бачыў ужо Цімафей свайго сына, які нарадзіўся ў траўні. Дранчук адказаў:

(Дранчук: ) “На жаль, не. Бо займаўся тэхнічнымі пытаньнямі. Цяпер, пасьля сустрэчы з вамі, якраз еду да яго. Ужо ўсяго напаўняюць гэтыя эмоцыі”.
XS
SM
MD
LG