Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Вітаўт Тумаш<br><br>20.12.1910, в. Сьпягла (цяпер Вілейскі раён) — 27.4.1998, Нью-Ёрк, ЗША. Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансўіку, Нью-Джэрзі.


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Ці магчыма назваць нейкую іншую вучэльню, якая дала б Беларусі — дый сьвету! — столькі выбітных асобаў, як Віленская беларуская гімназія? (Нейкай жахлівай недарэчнасьцю выглядае тое, што мы дагэтуль ня маем прысьвечанай ёй кнігі.)

Там, у старадаўніх базыльянскіх мурах, пачынаў свой шлях да навукі й вядомасьці і Вітаўт Тумаш, які потым студыяваў мэдыцыну ў Віленскай alma mater. “З прафэсіі ён быў лекарам і адначасна, з натуры, гуманістам”,— напісала пра яго ў сваіх успамінах дзяячка нашай эміграцыі Раіса Жук-Грышкевіч, якая студэнткай пазнаёмілася з Тумашам на экскурсіі ў Віленскім Беларускім музэі імя Івана Луцкевіча. Спадарыня Раіса сьцьвярджае, што праз Вітаўтавы рукі прайшлі ўсе заходнебеларускія паэтычныя зборнікі Максіма Танка. “Танк мае здольнасьці, а я — веды”,— казаў Тумаш. Ён жа адрэдагаваў і першую, праскую, кнігу “Ад родных ніў” (1942) Ларысы Геніюш, якая, віншуючы Вітаўта з 60-годзьдзем, пісала:

“Першыя вершы — мае жураўлі Дзякуюць Вам за апеку. Дзякуй за тое, што другам былі, Што заўсёды былі чалавекам”.

Беларуская энцыкляпэдыя паведамляе, што некалькі месяцаў у 1941-м ён быў бурмістрам Менску. Раіса Жук-Грышкевіч згадвае, што ў чэрвені таго году доктара Тумаша, які тады быў у Бэрліне, арыштавалі й прывезьлі ў Менск з катэгарычным, пад пагрозаю зьняволеньня, загадам стварыць адміністрацыю гораду і не дапусьціць там эпідэміяў. Праз чатыры месяцы ён здолеў адмовіцца ад пасады і зьехаць.

На эміграцыі ён стаў адным са стваральнікаў і старшынём Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтве ў Нью-Ёрку, рэдагаваў ягонае выданьне “Запісы” й газэту “Беларус”. Сусьветную славу сярод беларусазнаўцаў прынесьлі Вітаўту Тумашу дасьледаваньні жыцьця й дзейнасьці Францішка Скарыны. Аднак у БССР ягоныя бліскучыя, часам сэнсацыйныя працы (яны друкаваліся пад псэўданімам Сымон Брага) дзесяцігодзьдзямі вывучалі пераважна “скарыназнаўцы” з КГБ. Нават уляўраныя служкі Кліё толькі рызыкоўнымі неафіцыйнымі шляхамі маглі атрымаць такія найцікавейшыя ягоныя публікацыі, як “Скарына ў Падуі” або “Кнігі Скарыны на захадзе Эўропы ў пару ягоную і сяньня”. Вянцом саракагадовай працы сталіся выдадзеныя ў 1989-м у ЗША “Пяць стагодзьдзяў Скарыніяны. ХVІ—ХХ” — найгрунтоўнейшы даведнік, што налічвае больш за 2500 пазыцыяў.

Прэзэнтацыя кнігі адбывалася ў Нью-Ёрку, калі аўтар ужо змог атрымаць віншаваньні і зь Беларусі. (Пэўны час у паветры насілася так і нязьдзейсьненая ідэя наданьня яму годнасьці доктара honoris cauca Полацкага ўнівэрсытэту.) А неўзабаве на стол Вітаўту Тумашу легла яго перавыдадзеная ў Менску праца “Доктар Скарына ў Маскве”, што прысьвечаная падарожжу першадрукара да нашых усходніх суседзяў — краіну з кардынальна іншай мэнтальнасьцю і “духовай ды культурнай існасьцю”, красамоўным сьведчаньнем чаго сталася паленьне Скарынавых кніг.

P.S. Дата сьмерці В. Тумаша падаецца паводле ўспамінаў Р. Жук-Грышкевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG