Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вы недаацэньваеце Лукашэнку. Даіў ён Расею і будзе даіць”


Валянцін Жданко, Менск Якая будучыня чакае Беларусь пасьля таго, як Расея перастане пастаўляць танныя газ і нафту, і беларусам давядзецца плаціць за іх рынкавую цану — удвая ці ўтрая даражэй, чым цяпер? На гэта пытаньне апошнім часам спрабуюць адказаць многія нашы слухачы.

Свой погляд на праблему беларуска-расейскіх супярэчнасьцяў у менскага настаўніка Аляксандра Доўгаля. У электронным лісьце на слухач піша:

“Вас паслухаць — дык пасьля новага году нас чакае ледзь не канец сьвету. Будзем і голыя, і босыя, і халодныя. Паверце: нічога гэтага ня будзе. Вы недаацэньваеце нашага Лукашэнку. Даіў ён Расею і будзе даіць.Ён ведае балявыя кропкі, на якія трэба ў патрэбны момант націснуць, каб у Крамлі напалохаліся. І ён гэта зробіць — і чарговы раз пераможа. Бо гэта таленавіты палітык, якога і на Захадзе, і на Ўсходзе недаацэньваюць.

Як ён гэта зробіць, хутка ўбачым. Магчыма, напалохае Маскву тым, што, калі не дадуць таннай нафты й газу, дык уступіць у НАТО і разьмесьціць пад Смаленскам амэрыканскія ракеты… А можа, прыдумае нешта іншае. Але выйсьце ён знойдзе. І народ яго чарговы раз цалкам падтрымае. А апазыцыя застанецца з носам. Бо ня мае таленавітага палітыка такога ж маштабу”.

Напалохаць Маскву гіпатэтычным уступленьнем Беларусі ў НАТО і Эўразьвяз наўрад ці атрымаецца, спадар Доўгаль. У Крамлі выдатна ведаюць, што Беларусь зь яе цяперашняй палітычнай сыстэмай у Брусэлі не чакаюць. І ні пра якое збліжэньне зь Менскам без рэальнай дэмакратызацыі ўсяго грамадзкага і палітычнага жыцьця размова ісьці ня можа.

Усе аргумэнты, якія можа выкарыстаць Лукашэнка ў зацятай спрэчцы з Масквой, на сёньня ўжо вядомыя. Сапраўды, спадар Доўгаль, патрэбны былі немалыя палітычныя здольнасьці, каб на працягу дванаццаці гадоў атрымліваць ад суседняй краіны шматмільярдныя субсыдыі толькі за абяцаньні саюзнай дзяржавы і вечнага сяброўства. Але, мяркуючы па ўсім, такі гандаль Маскву больш не задавальняе. За свае нафту і газ яна хоча атрымліваць рынкавую цану нават ад блізкіх сваякоў. І ўрэшце прэзыдэнту Лукашэнку, відавочна, давядзецца плаціць саюзьнікам чымсьці рэальным, а ня толькі братэрскімі пацалункамі.

Тэма новага ліста ад нашага даўняга слухача й аўтара Васіля Валошкі з пасёлка Радашкавічы Маладэчанскага раёну — галадоўка былога кандыдата на прэзыдэнта, палітвязьня Аляксандра Казуліна.

“Сёньня слухаў, як “Свабода” паведамляла пра стан здароўя Казуліна, і ўспомніў выказваньне пра яго Лукашэнкі падчас так званага Ўсебеларускага народнага сходу. Памятаеце, ён сказаў, што ў свой час Казулін карміўся зь ягонай рукі. Але з рукі свайго дабрадзея можа карміцца толькі баязьлівец, халуй і плебэй, якіх нямала ў атачэньні любога правадыра. Трапіўшы ў турму, такія адразу зьвяртаюцца з прыніжальнымі пакаяньнямі да свайго гаспадара. Згадайце, як паводзіла сябе былая кіраўніца справаў прэзыдэнта Жураўкова, якая скрала некалькі мільёнаў даляраў. Яна заявіла, што адчувае сябе вінаватай толькі перад прэзыдэнтам. У выніку — апынулася на волі.

Пайсьці на такі ўчынак, на які пайшоў Казулін, можа толькі чалавек адважны, мужны й незгінальны. Такіх людзей у нашай краіне — адзінкі. На вялікі жаль, сярод судзьдзяў і абвінаваўцаў, у чые лапы трапляюць палітвязьні, такіх не знаходзіцца. Вось менавіта яны й кормяцца з рукі свайго гаспадара. З кожным днём усё больш балюча чуць голас Ірыны Казулінай.

А судзьдзям, абвінаваўцам, дэпутатам хачу задаць пытаньне: “Няўжо вы ня чуеце голасу гэтай няшчаснай жанчыны? І што вы творыце? Урэшце ж усім вам давядзецца адказваць за ўчыненае”.

Напэўна, спадар Валошка, тыя асобы, якія здольныя былі чуць і ўспрымаць такія галасы, даўно пакінулі фатэлі судзьдзяў, абвінаваўцаў і дэпутатаў. На гэтых ды іншых дзяржаўных пасадах сёньня запатрабаваныя людзі з зусім пэўным наборам маральных якасьцяў. Тыя, хто не адпавядаюць жорсткім патрабаваньням, у сыстэме не затрымліваюцца.

Новы ліст ад нашага даўняга сябра Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Слухач дзеліцца навінамі свайго вясковага жыцьця, разважае пра грамадзкія праблемы.

“Да выбараў у нашых людзей вялікай цікавасьці няма. Усе расчараваныя й кажуць адно: “Будзе так, як і было: зноў накідаюць у скрыні макулятуры”. Галасуй не галасуй: усё роўна будзе кіраваць той, каго паставіць Лукашэнка. А “прагаласуюць”, вядома, усе 100 працэнтаў, нават нябожчыкі…

Сытуацыя цяпер трывожная. Усе рыхтуюцца да ўсясьветных цэнаў на газ і нафту. Амаль адкрыта гавораць: датацыяў вёсцы больш ня будзе. А беларускім заводам трэба падвышаць якасьць прадукцыі, інакш яе перастануць купляць. Народ можна дурыць нейкі час, але бясконца быць падманутым ён ня хоча. І ніякія манархі й дыктатары ня здолеюць устаяць, калі народ іх не захоча.

Мы на месцах бачым, як працуе ўлада і як марнуюцца народныя сродкі. А начальнікі кажуць: “Нічога, Лукашэнка нам дапаможа”. Але настае час, калі й Лукашэнка ўжо дапамагаць ня здолее. Ня будзе ў яго тых шалёных грошай, якія былі раней.

...Колькі словаў пра пэнсіі. Кажуць, што іх увесь час падвышаюць. Вось і апошні раз дабавілі каму 11 працэнтаў, каму 8. Мне як інваліду 3-й групы па зроку падвышка склала ўсяго тры тысячы беларускіх рублёў. Было 103 тысячы за месяц, стала 106. А ёсьць у нас і такія людзі, якія ўвогуле пэнсіяў не атрымліваюць”.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, сярэднія пэнсіі ў Беларусі перавышаюць 100 даляраў, а сярэднія заробкі набліжаюцца да 250. Але сярэднестатыстычныя лічбы — рэч умоўная, ад рэальнага жыцьця канкрэтнага чалавека яны часта далёкія. Сапраўды: адстаўны высокапастаўлены чыноўнік ці супрацоўнік спэцслужбаў атрымлівае сёньня пэнсію 350 даляраў, а вясковаму інваліду-пэнсіянэру Паўлу Сацу ня плацяць і 50. З пункту гледжаньня статыстыкі, жывуць гэтыя двое зусім някепска — іх сярэдняя пэнсія складае 200 даляраў. Вось толькі ці лягчэй жыць ад гэтых прыемных лічбаў Паўлу Сацу?

Аўтар наступнага ліста — былы доктар з Полацку Георгі Крупскі. Ён напісаў на “Свабоду” пасьля шматлікіх няўдалых спробаў сустрэцца з тым палітыкам, за якога зьбіраў подпісы падчас прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году. Працытую адзін зь лістоў спадара Крупскага, якія, як ён лічыць, не даходзяць да прэзыдэнта Лукашэнкі:

“Калі я ў 1994 годзе зьбіраў за вас подпісы (і быў лідэрам у гэтай справе), то мяне жывіла надзея: вось выберам дастойнага чалавека і будзе ў нас абарона ад беззаконьня й парадак у грамадзтве, магчымасьць зьвярнуцца ня толькі да чыноўнікаў рознага ўзроўню, але і да вас асабіста. А атрымалася ўсё наадварот. Былыя апазыцыянэры Кебіча і БНФ — пры ўладзе, а вы — у ізаляцыі ад нас. Нават Сьвету Галаванаву з групы збору подпісаў і былую вашу суседку вы, калі былі ў Полацку, не прынялі. Яна плакала, перажываючы за вас. Мы таксама былі абураныя вашымі целаахоўнікамі, якія не дазволілі падысьці да вас і перадаць запіску.

Колішнія вашы паплечнікі Кучынскі і Харужык, зь якімі я меў кантакт па працы ў 1994 годзе, страцілі ўладу, займаюцца бізнэсам. І якая ім справа да мяне — у іх няма часу. Уся апазыцыя Кебіча і БНФ трыюмфуе, як і падчас вашага выступу ў актавай залі ў Наваполацку ў 1994 годзе. Памятаеце, як то ўключалі, то выключалі сьвятло, як запускалі правакацыйныя рэплікі… Але што атрымалі мы? Не абарону, а суцэльную адкрытую вакханалію.

Я для адмарозкаў Кебіча і БНФ так і застаўся косткай у горле. Увесь гэты час яны зь мяне зьдзекуюцца — не даюць спакойна дажыць. Пэнсію мне яны прызначылі мізэрную — 300 тысяч рублёў — і гэта з чарнобыльскім працэнтам і 43-гадовым стажам. А што застаецца ад пэнсіі, калі трэба заплаціць 200 тысяч за кватэру і 100 тысяч за вучобу дачкі ў Менскім мэдычным унівэрсытэце?”

Далей Георгі Крупскі падрабязна апісвае сваё жыцьцё за апошнія дванаццаць гадоў — як яго звальнялі то з гарадзкога шпіталю, дзе ён працаваў доктарам, то з парку, дзе быў вартаўніком, то з гарадзкога рынку, дзе працаваў лябарантам… Слухач лічыць, што гэтак яму помсьцілі за ягоныя пошукі справядлівасьці. На заканчэньне паведамляе, што кожны год зьвяртаўся й зьвяртаецца да прэзыдэнта Лукашэнкі — але на прыём ні разу ня трапіў, і нават лісты, як ён лічыць, да прэзыдэнта не даходзяць. Вылучаўся кандыдатам у дэпутаты — але няўдала: як піша слухач, “блякавалі па месцы жыхарства”.

Такая вось гісторыя чалавека, які калісьці дапамагаў дэпутату Лукашэнку зьбіраць подпісы й цяпер крыўдуе на тое, што ягоныя намаганьні, як ён лічыць, не былі як сьлед ацэненыя.

Ня ўпэўнены, спадар Крупскі, што вашы крыўды абгрунтаваныя. Вы ж зьбіралі подпісы ня дзеля таго, каб атрымаць ад будучага прэзыдэнта высокую пасаду альбо ў любы час трапляць да яго на прыём? І каго, цікава, вы маеце на ўвазе пад апазыцыянэрамі БНФ, якія нібыта засталіся пры ўладзе і цяпер трыюмфуюць? Прыхільнікі БНФ ня мелі рэальнай улады і да 1994 году, а пазьней для іх ня тое што ўладныя пасады — нават звычайная праца шараговых чыноўнікаў у дзяржаўных установах стала недаступнай.

І апошняя заўвага — наконт вашай крыўды на пэнсію. Вышэй я цытаваў ліст інваліда з Маларыцкага раёну Паўла Саца, які атрымлівае пэнсію 106 тысяч рублёў. Паверце, для яго вашы 300 тысяч — недасягальная раскоша. І, бадай, ён мае куды большыя падставы разважаць пра парушаную сацыяльную справядлівасьць.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG