Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Шалкевіч: пра першае каханьне, першыя ролі і першыя вершы (фота)


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Горадні ў Таварыстве беларускай школе ўчора ўвечары слухалі свайго земляка Віктара Шалкевіча. Сабралася пераважна студэнцкая моладзь. Бард, актор, паэт, ён быў запрошаны ў літаратурную гасьцёўню, сустрэчы ў якой былі наладжаны гэтай восеньню.

Віктар Шалкевіч распавядаў, як у ім высьпявала жаданьне стаць акторам або клоўнам, як ён гаварыў тады, узгадаў сваю першую папяросу, шклянку гарэлкі і першае каханьне. У школе Віктар выканаў і свае першыя ролі —Паўліка Марозава і Гараднічага ў “Рэвізоры” Гогаля. Са школьных дэклямацый нарадзілася жаданьне і самому паспрабаваць сябе ў паэзіі.

(Шалкевіч:) “Хайль! Дранг нах остэн! Взять и окружить! Но не пришлось захватчикам из Волги, как говорят у нас, коней поить!”

У кіно Шалкевіч выконваў ролі нямецкіх жаўнераў, а ў “Плачы перапёлкі” нават зрабіўся камэндантам.

Калі Віктар упершыню трапіў у Горадню, каля дома Элізы Ажэшкі ягоны новы чэскі пінжак запэцкаў груган. Творы пісьменьніцы Віктар чытаў, але яго сярод гарадзенскіх літаратараў прываблівае іншая постаць.

(Шалкевіч:) “Для мяне нешта значыць, хутчэй за ўсё, Карпюк. Паколькі я яго ведаў, паколькі гэта была вельмі калярытная адметная постаць. Ён быў адным з тых, хто акрэсьліваў твар гэтага гораду. Калі яго ня стала, то нібыта зусім нікога ня стала. Ён быў такі ня дробны, мне здаецца, ён быў вялікі. Мне важна было, можа быць, што ён быў ня столькі пісьменьнікам, колькі асобаю, якую ўсе паважалі”.

На ўчорашняй сустрэчы быў паэт Анатоль Брусэвіч, ён узгадвае, што сваім часам яны ўключылі тэксты Віктара Шалкевіча ў анталёгію гарадзенскай паэзіі “Лябірынты прывіднага замку”.

(Брусэвіч:) “На мой густ, найбольш моцная рэч — гэта “Правінцыя”, ягоная баляда з аднайменнага альбому. Там сапраўды адчуваеш тую беларускасьць, якая толькі захавалася на заходніх “крэсах”, на маю думку. А людзі астатнія бачаць у ім можа больш актора, нават блазна. Фядута, напрыклад, у апошняй кніжцы бачыць яго як блазна гасподняга. А я бачу чалавека вельмі сур’ёзнага, я бачу іншую постаць у Шалкевічу”.



На здымках: Віктар Шалкевіч у літаратурнай гасьцёўні.
XS
SM
MD
LG