Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Навокал п’янства, бязладзьдзе. Калгасы амаль разваліліся”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111"

Тэма, якая апошнім часам часта гучыць у лістах многіх нашых слухачоў — студзеньскія выбары ў мясцовыя саветы. Ці варта было апазыцыі ўдзельнічаць у гэтай кампаніі? Наколькі аўтарытэтная ў Беларусі мясцовая прадстаўнічая ўлада? Што можа зьмяніцца ў краіне пасьля выбараў?

Адзін са слухачоў, які спрабуе адказаць на гэтыя пытаньні — Павал Дубок зь Ліды. Ён піша:

“Усе ведаюць: нічога гэтыя выбары не вырашаюць і ня могуць вырашыць. Хто такі ў нас дэпутат райсавету ў параўнаньні, напрыклад, з вэртыкальным чыноўнікам? Ды ніхто. Улада ў таго, у чыіх руках грошы й каго прызначае прэзыдэнт. А дэпутацтва — гэта так, чырвоны значок на пінжаку й ніякіх паўнамоцтваў. Адзінае, што гэты дэпутат можа, — пісаць на фірмовым блянку просьбы на адрас вэртыкальніка. А той адкажа: “Прапанова ваша добрая, але няма грошай”. Вось і ўся дэпутацкая праца.

І апазыцыя тут нічога зьмяніць ня здольная. Нават калі апазыцыйным будзе ўвесь раённы савет — нічога ня зьменіцца. Так што ня варта апазыцыі асабліва перажываць, што ня пусьцяць яе ў тыя саветы. Невялікая гэта страта”.

Вы, спадар Дубок, з глыбокім веданьнем справы апісалі магчымасьці цяперашніх дэпутатаў мясцовых саветаў — напэўна, самі зь імі ня раз сутыкаліся. Сапраўды, у Беларусі фактычна адноўленая савецкая сыстэма ўлады, пры якой мясцовае самакіраваньне не выконвае колькі-небудзь заўважнай ролі. Не дэпутаты прызначаюць кіраўніка райвыканкаму й не перад імі ён трымае галоўную справаздачу за сваю дзейнасьць.

Апазыцыйныя партыі, якія ўдзельнічаюць у выбарчай кампаніі, на перамогу ў гэтых выбарах не разьлічваюць — але зусім не таму, што дэпутацтва не дае шырокіх магчымасьцяў. Проста такой перамогі цяперашняя ўлада не дапусьціць. Сваю пазыцыю лідэры апазыцыйных партыяў неаднаразова агучвалі: яны разглядаюць выбарчую кампанію як палітычную, як магчымасьць сустракацца зь людзьмі, інфармаваць іх, рыхтавацца да чарговага Кангрэсу дэмакратычных сілаў.

Наш слухач Аляксандар Івановіч зь Менску разважае пра тое, якія праблемы павінны найперш уздымаць падчас выбарчай кампаніі кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў. Адной з такіх праблемаў, якая цікавіць усіх гарадзкіх жыхароў, спадар Івановіч лічыць штомесячныя абавязковыя адлічэньні на капітальны рамонт кватэры альбо дому. Слухач піша:

“З 1999 году з нас, жыхароў кватэр і дамоў усіх відаў уласнасьці, пачалі прымусова спаганяць немалыя сумы — нібыта на капрамонт. Гэтыя плацяжы ўвесь час павялічваюцца: цяпер яны складаюць 225 рублёў за квадратны мэтар. Але ж капрамонт дамоў ня вядзецца, яны ў жахлівым стане. Дык куды ідуць тыя грошы? Чаму яны не пералічваюцца на асобны рахунак для кожнага дому, а марнуюцца невядома на што?

Як у нас робяць капрамонт — вядома. Па-першае, расьцягваюць на гады. Па-другое, жыхароў адразу папярэджваюць: за пліту, сантэхніку, вокны і дзьверы павінны плаціць дадаткова з уласнай кішэні. Гэтае пытаньне павінны падняць кандыдаты ў дэпутаты ад апазыцыі. Трэба давесьці да людзей, што іх проста рабуюць, займаюцца вымагальніцтвам і падманам.

Асабіста для мяне цяпер ясна, адкуль бяруцца грошы на розныя сьвяты, гульбішчы з фаервэркамі ды лядовыя палацы, на дапамогу разваленым калгасам ды заводам. Усё гэта з нашай кішэні, за кошт нашых занядбаных дамоў”.

Жыльлёва-камунальная гаспадарка ў Беларусі лічыцца стратнай і датаванай зь дзяржаўнага бюджэту, спадар Івановіч. Нягледзячы на пастаянны рост лічбаў у рахунках за кватэру, чыноўнікі ўвесь час запэўніваюць беларусаў, што тыя аплачваюць толькі 40 працэнтаў выдаткаў: астатняе нібыта кампэнсуе дзяржава.

Гэта ж датычыць і адлічэньняў на капітальны рамонт. Чаму гэтыя грошы зьнікаюць невядома куды, а не пералічваюцца на рамонт кожнага канкрэтнага дому, жыхары якога гэтыя сродкі сабралі — уцямнага адказу няма. Хоць наконт сапраўдных прычынаў усе здагадваюцца. Рамонт дамоў, якія разьмешчаны ўздоўж трасаў, па якіх рухаецца прэзыдэнцкі картэж, робяць ледзь ня кожныя два гады (асабліва гэта датычыць фарбаваньня фасадаў). А дамы ў рабочых кварталах чакаюць хоць бы касмэтычнага рамонту дзесяцігодзьдзямі.

Хоць увогуле, спадар Івановіч, сабраныя такім чынам сумы — зусім не фантастычныя. На падтрымку занядбаных калгасаў і заводаў іх яўна ня хопіць.

Аўтар наступнага ліста — Мікалай Кузьмянкоў са Старадароскага раёну. Ён піша:

“Ваша апазыцыя сама ня ведае, чаго хоча. Жывуць у сябе ў Менску ў выгодзе, у цёплых кватэрах. Атрымліваюць тысячы даляраў ад сваіх замежных гаспадароў. І ня ведаюць, як жыве просты народ. А вы ад’едзьце ад Менску 60 кілямэтраў, пажывеце, як мы — калі й дровы, і ваду — усё трэба ўласнымі рукамі, уласным гарбом здабываць. Хата драўляная старая, цяпла не трымае — а новую дзе возьмеш? У аграгарадку ўсім месца ня хопіць. Там для маладых будуюць.

А мы, старыя, будзем дажываць так, як ёсьць. Навокал п’янства, бязладзьдзе. Калгасы амаль разваліліся. Яшчэ цуд, як Лукашэнку ў такіх умовах удаецца своечасова плаціць людзям пэнсію. А пэнсія для старога чалавека — гэта галоўнае. Дзьвесьце тысяч у нашым калгасе не заробіш, а пэнсіянэру — калі ласка, гэтыя грошы прыносяць кожны месяц. І хлеб, і да хлеба можна купіць.

А што дасьць вёсцы апазыцыя? Прыйдуць да ўлады — ня будзе і гэтых пэнсіяў. Вось таму старэйшыя людзі й будуць заўсёды галасаваць за Лукашэнку.

“Свабоду” я слухаю кожны вечар. Ня веру ўсім гэтым Лябедзькам і Вячоркам, але паслухаць цікава. Такога, як у вас, нідзе больш не пачуеш”.

А вы не задумваліся, спадар Кузьмянкоў, чаму развальваюцца гэтыя калгасы? Чаму ў многіх вёсках пануе бязладзьдзе, а нешматлікае працаздольнае насельніцтва, ня могучы знайсьці прыстойную працу, сьпіваецца і дэградуе? І як магло стацца, што пэнсіянэр са сваімі двумастамі тысячамі рублёў у многіх (калі ня ў большасьці) беларускіх вёсак лічыцца заможным у параўнаньні з маладымі паляводам, трактарыстам, мэханікам, якім трэба гадаваць дзяцей, будаваць уласны дом, думаць пра будучыню? Павінна ж быць па-іншаму. Хто вінаваты ў гэтай ненармальнай сытуацыі? Няўжо апазыцыянэры, якія ніколі не кіравалі сельскай гаспадаркай і не вызначалі будучыню калгаснай сыстэмы ў Беларусі?

Наша слухачка Алена Асіпенка зь Менску піша, што большую частку жыцьця пражыла ў Савецкім Саюзе і лічыць, што ў многім тады жылося лепш, чым цяпер. Яна піша:

“Вы часта крытыкуеце савецкую сыстэму. Вядома, там было нямала недахопаў. І ў чэргах па самае неабходнае мы ў свой час пастаялі, і выбараў там сапраўдных не было, і за сваіх лідэраў было сорамна... Але ж жыцьцё складаецца ня толькі з гэтага. У пэўным сэнсе тады ўсё было больш зразумелае, стабільнае. Мелі людзі нейкі стрыжань. Напрыклад, было зразумела: нашы ворагі — там, за бугром. Яны замінаюць будаваць нам сьветлую будучыню. Так, пакуль не хапае каўбасы і немагчыма купіць джынсы, але затое ў нас ракеты й танкі, і на нас пабаяцца напасьці…

Зарплаты былі невысокія, але ва ўсіх прыблізна аднолькавыя. На лімузінах ня езьдзілі нават сакратары абкамаў. Людзям не было каму асабліва зайздросьціць. Людзі верылі ў сьветлую будучыню, у камунізм. І дзеля гэтага гатовы былі цярпець часовыя цяжкасьці.... А цяпер? Ува што верыць? Дзе нашы сябры, а дзе ворагі? Што лічыць марай жыцьця? Усё пераблыталася”.

Здаецца мне, спадарыня Асіпенка, надта ўжо вы ідэалізуеце духоўны стан савецкага грамадзтва. Так, дзяржаўная ідэалёгія там была жорсткая, укаранялі яе ўсімі магчымымі спосабамі. Савецкаму чалавеку з раніцы да вечара праз усе каналы тлумачылі, якое выдатнае ў яго жыцьцё, і як гэту сьветлую рэчаіснасьць ненавідзіць сквапны й злосны сьвет капіталу. Але ці верылі людзі ў хуткую пабудову камунізму й ці гатовыя былі цярпець тыя так званыя “часовыя цяжкасьці”, што цягнуліся дзесяцігодзьдзямі й якія ўжо ніхто не лічыў часовымі? Каб верылі і цярпелі, не развалілася б тая сыстэма ў адзін момант. І, заўважце, ніхто ня выйшаў абараняць яе ў 1991 годзе, калі ГКЧП паспрабаваў стаць на абарону “сьветлых ідэалаў”.

Цяперашняя ўлада на працягу ўсіх дванаццаці гадоў свайго існаваньня спрабуе стварыць новую дзяржаўную ідэалёгію. Пакуль без асаблівага плёну. Зноў брацца за будаўніцтва камунізму не выпадае: не павераць, дый новую жалезную заслону ствараць боязна пры арыентаванай на экспарт эканоміцы... Стаць цэнтрам усясьветнага славянства не атрымалася: ня той у краіны маштаб і аўтарытэт. Усе дванаццаць гадоў прапагандавалі ідэю вечнай дружбы і самага цеснага яднаньня з Расеяй? Але ўсё скончылася тым, што браты выставілі рынкавыя кошты на газ і нафту.

А можа, варта не спрабаваць вынаходзіць ровар, а проста азірнуцца на тое, як жывуць суседзі, якія куды больш пасьпяховыя?

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG