Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – 5 сьнежня


Севярын Квяткоўскі, Менск

Расейскі журналіст Тэнгіз Гудава дае сваю характарыстыку беларускай сытуацыі ў інтэрнэт-суполцы Трэці шлях. “Беларускі фэномэн – гэта посьпех максымальнага палітычнага і ідэалягічнага прымітывізму ўлады. Нібы ў чалавека зрэзалі другую сыгнальную сыстэму, і ён згубіў здатнасьць разумець мову, але стаўся скрайне чуйным да кухталёў і шоргатаў. На ўзроўні вось такіх кухталёў і шоргатаў народу ўнушаецца думка пра тое, што “бацька” – хітры й здатны гаспадарнік, што беларускі народ жыве лепш за іншых, і навогул, маўляў, ня варта шукаць дабра ад дабра. Насамрэч куфэрак адкрываецца проста: рэжым Лукашэнкі падкармліваецца Масквой (таннымі энэрганосьбітамі), а рэчаісны сацыяльна-эканамічны стан Беларусі – небясьпечны”.

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць навіну пра стварэньне Камітэту ў справе барацьбы з нэанацызмам. Ініцыятыва належыць ксяндзу-пробашчу менскага касьцёлу сьвятых Сымона і Алены Ўладзіславу Завалюнюку. Да супрацы запрашаюцца ўсе зацікаўленыя асобы і арганізацыі – канфэсійныя, нацыянальныя і культурніцкія. Водгукі ўдзельнікаў абмеркаваньня: "Чаму? З чаго? Што такое нэанацызм?"; "Тады трэба стварыць камітэт па барацьбе з тымі, хто стварае такія ўмовы, у якіх беларускі народ шукае як выжыць"; "Падтрымлiваю намаганьнi мужных людзей. А то дажылiся: РНЕ запужвае нас, беларусаў, ва ўласнай краiне, каб мы адмовіліся ад сваёй мовы, а iмпрэзы ў тэатрах (напрыклад, дзiцячай "Ляльке") ставiлi на расейскай. Пабачым адказ улады".

У студыі Севярын Квяткоўскі, працягваем блукаць у беларускім сеціве.

Карыстальнік сайту блогаў "Жывы Журнал" kritikansky ладзіць міні-дасьледваньне: адвольна шукае карыстальнікаў-беларусаў, і бярэ іх у віртуальныя сябры. Вывучэньне аўдыторыі прывяло kritikansky да наступных высноваў: "У асяродку актыўных ЖЖ-карыстальнікаў праглядаецца тая ж тэндэнцыя, што і ў грамадзтве – 75 на 25. 25% абсалютна адэкватных, інтэлектуальна разьвітых людзей. І гэта ня можа не расчароўваць, бо ў свой час у сеціве гэты працэнт даходзіў да 80% у зьвязку з тым, што сецівам карысталася акрэсьленая частка грамадзтва. З таго часу, як інтэрнэт пачаў рабіцца масавым прадуктам, у яго пачалі перацякаць усе тэндэнцыі рэальнага суцыюму".

У сеціве зьявіліся новыя вершы маладога магілёўскага паэта Віталя Рыжкова ў аўтарскім чытаньні. Вершы "Я не паэт…", "Справаздача па роспачы", "Роспач на продаж", "Зялёны чалавечак", "Мама!.." і "Балада непадзельнага”.

Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG