Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Іосіф Стаброўскі


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

2.11.1869, Слонім — 15.1.1968, Слонім.

Калі пасьля пэўнае даты на днях нараджэньня мне сьпяваюць “Сто год”, я ня стаўлюся да гэтых зычэньняў занадта паважна, але не забываю, што часам яны збываюцца. Гэта мог бы засьведчыць адзін з герояў маёй кнігі “Таямніцы полацкай гісторыі” Іосіф Стаброўскі.

Пачатак ягонага жыцьцёвага шляху прадвызначыла зьяўленьне на сьвет у шляхецкай сям’і афіцэра. Юзіка аддалі на выхаваньне ў Полацкі кадэцкі корпус, адчынены ў 1835-м у мурах ліквідаванай царскімі ўладамі Полацкай акадэміі, што мела статус унівэрсытэту.

Цікава бывае ўчытацца ў тагачасныя казённыя паперы. Іхні стыль і лексыка часам дзіўна нагадваюць нешта вельмі знаёмае з падзеяў нашых дзён. Вось, напрыклад, “комиссия об устроении Полоцкого кадетского корпуса” загадвае прыёру піярскага кляштару, дзе захоўвалася частка маёмасьці зачыненай акадэміі, “очистить помещение от книг, музейных экспонатов, картин, музыкальных инструментов и нот, а также от своего жительства”. А вось некаторыя вынікі гэтай “очистки”: былая акадэмічная бібліятэка скарацілася па колькасьці тамоў у 20 разоў, а батанічны сад ператварылі ў дрывотню.

На захопленых Расеяй землях колішняга Вялікага Княства Літоўскага царскія кадэцкія карпусы павінны былі “проводить идеи русского патриотизма и русского дела”. Полацкіх кадэтаў улады хацелі бачыць вернымі слугамі імпэратарскага трону. Але шмат хто з гадаванцаў корпусу меў сваё ўяўленьне пра абавязак перад Бацькаўшчынай, што яскрава выявілася ў масавым удзеле ў паўстаньні Каліноўскага. Стаброўскі ніколі не забываў, што ён — унук інсургента, прыкутага да тачкі на расейскай катарзе.

Пакінуўшы горад свайго юнацтва, Іосіф, захоплены ў Полацку гісторыяй, закончыў Маскоўскі археалягічны інстытут. У чыне палкоўніка ён завяршыў Першую сусьветную вайну, крыху паслужыў у Чырвонай Арміі і, зусім не пранікшыся бальшавіцкімі ідэямі перабудовы сьвету, вярнуўся ў родны Слонім, што пасьля Рыскай мірнай дамовы 1921 году паміж Польшчай і савецкай Расеяй апынуўся ў Заходняй Беларусі. Нашай нацыянальнай інтэлігенцыі там таксама даводзілася нялёгка, але, адрозна ад СССР, у міжваеннай Польшчы яе фізычны не зьнішчалі і магчымасьцяў для працы на будучыню Беларусі, асабліва ў жудасныя й крывавыя для БССР 1930-я, было болей.

Стаброўскі да апошніх дзён не здымаў шынэля, але навуковыя зацікаўленьні перамаглі ў ім прафэсійнага вайскоўца. Сабраная гэтым апантаным слугою Кліё калекцыя легла ў аснову заснаванага ў 1929-м Слонімскага гарадзкога музэю. Ягоныя рарытэты аздобілі б любую гістарычную экспазыцыю: галава паганскага ідала, першае выданьне Статуту ВКЛ 1588 году, аўтографы Карамзіна і Льва Тастога, лісты Пушкіна да Натальлі Ганчаровай...

Пра ягоную неверагодную сьмеласьць у Слоніме і цяпер ходзяць легенды. Калі ў чэрвені 1941-га у горадзе зьявіліся немцы, ён запакоўваў і хаваў свае ўнікальныя экспанаты. Гітлераўскі афіцэр зайшоў у музэй акурат тады, як сівы 70-гадовы дырэктар Стаброўскі здымаў зь сьцяны карціну Верашчагіна. “Верашчагіну месца ў Дрэздэнскай галерэі”,— пракамэнтаваў сытуацыю адукаваны візытант. У адказ колішні полацкі кадэт закруціў “мастацтвазнаўцу” ў форме дулю і толькі дзівам пазьбегнуў сьмерці.

Зямны шлях Іосіфа Стаброўскага завяршыўся ў 1968-м, на 99-м годзе жыцьця. За чатыры гады да гэтага Полацкі гарвыканкам узнагародзіў ганаровымі граматамі ўдзельнікаў злачыннага руйнаваньня сабору сьвятога Стэфана і будынкаў былых акадэміі й кадэцкага корпусу, што далі Беларусі цэлае сузор’е славутых імёнаў.

На здымку: Іосіф Стаброўскі з жонкай.
XS
SM
MD
LG