Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Які сэнс у выбарах, калі пасьля іх нічога ня зьменіцца?..”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 11 кастрычніка 2006 году

Праз тры месяцы, 14-га студзеня, беларусы зноў будуць галасаваць – гэтым разам выбіраць дэпутатаў мясцовых саветаў. Спадзяваньняў на тое, што новая выбарчая кампанія будзе колькі-небудзь істотна адрозьнівацца ад папярэдніх, няшмат. І некаторыя апазыцыйныя лідэры (у прыватнасьці, Станіслаў Шушкевіч) ужо заявілі пра бяссэнсоўнасьць удзелу дэмакратычных сілаў у мясцовых выбарах.

Гэтае меркаваньне падзяляюць і некаторыя слухачы Свабоды, якія пішуць нам у рэдакцыю. Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну ў сваім новым лісьце заўважае:

“Які сэнс у гэтых выбарах, навошта траціць на іх свой час і сілы? Усё роўна ўсё застанецца гэтак жа, як і было. Размова ня толькі пра цяперашні час, а і пра мінулае. У свой час у Петраградзе скінулі цара, усё там кіпела і грымела. А што тады адбывалася ў нас у вёсцы Асавая? Людзі неасьцярожна скармілі сваім каровам панскую траву, і за тое судовым валасным рашэньнем у іх вывелі з двара па два валы. Тое, што ў нас на вёсцы адбываецца, ніякага ўплыву на вялікую палітыку ня мае. Першую, галоўную ролю павінен адыгрываць Менск. Нават і абласныя гарады ў гэтым сэнсе мала што значаць. Напрыклад, у нас у Берасьці “аранжавы” майдан, лічу, нерэальны. І людзей няшмат, і разгоніць іх міліцыя вельмі хутка”,–

– напісаў у сваім лісьце на Свабоду Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну..

Выбарчая кампанія, спадар Сац, крыху пашырае магчымасьці апазыцыі для легальнай агітацыі, дазваляе часьцей сустракацца і кантактаваць з выбаршчыкамі. Хоць магчымасьці гэтыя ўвесь час звужаюцца – падчас цяперашняй кампаніі ўпершыню нават на перадвыбарчыя сустрэчы і мітынгі будзе патрабавацца дазвол мясцовых уладаў. А ў галоўным Вы, безумоўна, маеце рацыю: палітычныя рэвалюцыі (як і контррэвалюцыі) адбываюцца ў сталіцах. І падзеі ў рэгіёнах рэдка ўплываюць на хаду і зыход барацьбы за ўладу, якая разгортваецца на сталічных вуліцах і плошчах.

Ліст з украінскай Адэсы, ад нашага слухача Алеся Ніжэвіча. Разважаючы пра апошнія падзеі ў сьвеце, спадар Ніжэвіч прыходзіць да наступных высноў (цытую ліст):

“Я так думаю, што ўсе галоўныя пытаньні ў сьвеце як вырашаліся, так і вырашаюцца (і будуць вырашацца) найперш сілай зброі. Ваш Лукашэнка сваёй сілай, уладай абараняе сваіх вытворцаў, свой рынак. І ён не дазволіць бамбіць Беларусь так, як бамбілі Югаславію. Таму, відаць, рэдактарам Радыё Свабода Кангрэс Злучаных Штатаў і рэкамэндуе выказвацца нэгатыўна на адрас прэзыдэнта Беларусі. Маё меркаваньне пра жыцьцё ў Беларусі некалькі не супадае зь меркаваньнем Радыё Свабода. Хаця слухаць Свабоду мне падабаецца – на вашу хвалю я рэгулярна настройваюся зь ’96-га году. А ў Беларусі бываю раз на два гады. Нічога ні супраць Лукашэнкі, ні супраць кіраўніцтва Свабода я ня маю. Гэта – людзі, якіх я глыбока паважаю. І мне незразумелае нэгатыўнае адценьне тэрміна “лукашысты”. Вядома, я, як былы савецкі чалавек, супраць Гітлера. Але ці многія ў нас чыталі ягоную кнігу “Mein Kampf”? Ён жа для свайго народа стараўся як мог. І нельга сказаць, каб народ яго не падтрымліваў. Гэта ж можна сказаць і пра Напалеона, і пра Аляксандра Македонскага, і пра іншых гістарычных асобаў. Усе яны сілай зброі дамагаліся паляпшэньня дабрабыту грамадзянаў сваіх краін. А ведаем мы іх толькі з таго боку, зь якога нам іх падавалі ў школьных падручніках у савецкі час”,--

-- гэтак лічыць Алесь Ніжэвіч з Адэсы, з Украіны.

Ёсьць у гісторыі 20-га стагодзьдзя гістарычныя асобы, ацэнка дзейнасьці якіх ня можа быць станоўчай, зь якой ідэалягічнай званьніцы на іх палітыку ні глядзі. Магчыма, спадар Ніжэвіч, Адольф Гітлер і думаў пра дабрабыт сваіх суграмадзянаў. Але якім чынам ён дамагаўся сваіх мэтаў? І што ўрэшце атрымала ад яго нямецкае грамадства? Мільёны зьнішчаных у лягерах сьмерці. І мільёны палеглых на франтах у розных канцах сьвету дзеля прывіднага сусьветнага панаваньня. А тым, каму пашанцавала выжыць, засталася ператвораная ў руіны краіна з разбуранай эканомікай, зь мільёнамі беспрытульных уцекачоў і перасяленцаў. Гітлер застаўся ў гісторыі як ваенны злачынца – і наўрад ці гэтая ацэнка калі-небудзь будзе перагледжаная. Успомніце, якую бурную рэакцыю ў сьвеце выклікалі дзесяць год таму выказваньні прэзыдэнта Лукашэнкі, калі ён у інтэрв’ю нямецкай газэце дазволіў сабе станоўчую рэпліку на адрас Гітлера,-- пра тое, што, маўляў, “ня ўсё толькі дрэннае было” ў яго палітыцы...



Наш даўні слухач Генадзь Губарэвіч зь Менску адклікнуўся на адну з перадач “Госьць на Свабодзе”, у якой абмяркоўваўся кароткі пэрыяд савецкай гісторыі, калі генсекам быў Юрый Андропаў. Былы кіраўнік КГБ запомніўся сваімі спробамі “закручваньня гаек” – кампаніяй барацьбы за дысцыпліну і парадак. І гэта кампанія тады ня выклікала якіх-небудзь заўважных пратэстаў у грамадстве.

“Сапраўды, галадовак, страйкаў ды мітынгаў я нешта не прыпомню,– піша Генадзь Губарэвіч.– Ды і хто тады паведаміў бы пра іх… Тым ня менш, грамадства ў той час было ўсхвалявана. І былі тыя, хто не маўчаў. Усе зьвярнулі ўвагу на тыя, так бы мовіць, “праверкі на дарогах” – аблавы міліцыі ды іншых кантралёраў па крамах, лазьнях, кінатэатрах. Але, калі памятаеце, увесь гэты ідыятызм даволі хутка быў спынены. Не настолькі прымітыўным быў Андропаў, каб даваць такія ўказаньні. У той час я працаваў інжынерам кінатэатра “Сьцяг” (яго ўжо няма). Недзе на пачатку ’83-га году дырэктар на чарговай “пяцімінутцы” сказаў нам, работнікам кінатэатру: “Заўважыце якіх-небудзь правяральшчыкаў – ветліва і тактоўна скажыце ім: “Таварышы, вы замінаеце нам працаваць” Як вы разумееце, ніводзін дырэктар ў той час самастойна на такое не рашыўся б. …Першая праверка гледачоў была праведзена тады ў “Кастрычніку”. Праглынулі. Потым былі іншыя. Дырэктар “Перамогі” не прамаўчала, патэлефанавала ва ўпраўленьне: “Як нам працаваць у такіх умовах?”. Адтуль патэлефанавалі ў Дзяржкіно, тыя – у ЦК партыі. І ўсе тыя праверкі спыніліся. Заўважце: у той час, у пэрыяд панаваньня аўтарытарнай сістэмы чалавек не пабаяўся абурыцца яўным абсурдам сытуацыі. І я ніколькі не сумняюся, што і ў іншых гарадах Савецкага Саюзу знайшліся такія людзі. Сёньня ж нас не абурае нішто. Мы нават не заўважаем ні дробнага, ні вялікага падману. Сёньня можна ўсё”,–

– напісаў у сваім лісьце на Свабоду Генадзь Губарэвіч зь Менску.

Усё ж, спадар Губарэвіч, ёсьць сёньня людзі, якія падман заўважаюць і адкрыта гавораць аб ім. І нават адважваюцца пратэставаць супраць яго на вуліцах і плошчах. Такіх людзей няшмат, іх затрымліваюць і арыштоўваюць, іх пратэсты замоўчваюць і ніяк на іх не рэагуюць… І тым ня менш, такія людзі ёсьць, і той, хто хоча пачуць іхныя галасы – чуе. У часы Андропава было па-іншаму. Напэўна, можна было выказваць нязгоду ў нейкіх прыватных пытаньнях і праблемах, якія не датычылі палітыкі, грамадзянскіх правоў і свабодаў. Але выходзіць пратэставаць на плошчу ў Беларусі тады не адважваліся. З такіх акцый вярнуцца дамоў тады было немагчыма – і пра гэта ўсе ведалі. Да вольнага выказваньня сваіх думак у сёньняшняй Беларусі таксама далёка – і ўсё ж ня так, як было на пачатку 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя. У гэтым няма заслугі сёньняшняй улады – наадварот, яна якраз многае зрабіла дзеля таго, каб вярнуць савецкую сістэму ў грамадскае жыцьцё. Але цалкам вярнуцца ў мінулае немагчыма – нават з дапамогай аўтарытарнай сістэмы ўлады.

Аўтар наступнага ліста – Якаў Нёманскі з Горадні. Ён лічыць, што галоўныя праблемы, якія стаяць сёньня перад чалавецтвам – экалягічныя. А ўсё астатняе – другаснае. Цытата зь ліста:

“Мы ў Беларусі жывем ва ўмовах дыктатуры палітычнай, а на Захадзе людзі жывуць пры дыктатуры капіталу. Галоўная мэта там – зарабіць грошы любым спосабам, нават самым жорсткім і гвалтоўным. Хто там можа стаць на шляху нафтавых ды аўтамабільных магнатаў, якія гатовы дзеля звышпрыбыткаў зьнішчыць усё жывое? Дык навошта ўсе гэтыя размовы пра лепшую будучыню, пра мову і г.д.? Навошта дэмагогія пра дэмакратыю, калі ўсе мы сядзім на дымнай нафтавай трубе? Калі вядуцца няспынныя войны за энэргарэсурсы? Калі сябрамі краін так званай “дэмакратыі” становяцца такія дзяржавы, як Казахстан, Грузія, Азэрбайджан ды іншыя, у якіх дэмакратыі ня больш, чым у Беларусі. Але затое ў іх ёсьць нафта, альбо нафтавая труба пралягае праз іх тэрыторыю. Таму лічу, што найперш трэба змагацца за тое, каб перасталі працаваць канвэеры сьмерці, якія выпускаюць рухавікі ўнутранага згараньня. За аснову жыцьця трэба весьці барацьбу. Ня будзе гэтага – не патрэбныя будуць ні мова, ні дэмакратыя, ні ўсё астатняе”,--

-- напісаў у сваім лісьце на Свабоду Якаў Нёманскі з Горадні.

Баюся, спадар Нёманскі, што забараніць выпуск рухавікоў унутранага згараньня не атрымаецца. Не пагодзіцца чалавецтва вярнуцца да фурманкі, лучыны і натуральнай гаспадаркі. Не адмовяцца людзі ад дабротаў цывілізацыі нават дзеля такіх несумненных каштоўнасьцяў, як чыстае паветра, крынічная вада і здаровая ежа. Але ці азначае гэта, што кампраміс немагчымы? Заўважце, на Захадзе буйныя прамысловыя канцэрны пастаўлены ва ўмовы жорсткага экалягічнага кантролю. Большасьць грузавікоў і аўтобусаў, якія езьдзяць сёньня па Беларусі, пакідаючы пасьля сябе чорныя воблакі дыму, у любой краіне Захаду былі б спыненыя паліцыяй на першым жа скрыжаваньні. А іх уладальнікаў чакалі б такія штрафы, што трымаць падобныя машыны яны ніколі больш не захацелі б. Экалягічныя партыі і рухі ў многіх дэмакратычных краінах прадстаўленыя ў парлямантах і ўрадах, ад іх меркаваньня многае залежыць. Ва ўмовах жа аўтарытарных рэжымаў з экалягічнымі рухамі і ініцыятывамі ўлада ня надта лічыцца – зрэшты, як і з любымі іншымі грамадскімі арганізацыямі, якія створаныя без яе санкцыі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG