Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Наведаеш наш дзіцячы дом — трэба тыдзень адыходзіць ад стрэсу”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Гісторыя 10-гадовай беларускай дзяўчынкі-сіраты Вікі Мароз, якую прытуліла ў сябе італьянская сям’я і потым нейкі час хавала, апасаючыся за яе лёс у Беларусі, на працягу мінулых тыдняў набыла шырокі розгалас і ў Італіі і ў Беларусі. Адгукнуліся на гэтую сытуацыю ў сваіх лістах і многія нашы слухачы.

Сёньняшнюю размову пачну з аднаго з такіх лістоў. Яго аўтар, Валеры Гусеў зь Менску, лічыць, што замежнае ўсынаўленьне і адпачынак беларускіх сірот за мяжой трэба ўвогуле забараніць. Слухач піша:

“Не разумею, чаму столькі шуму, у тым ліку і ў вас на “Свабодзе”, вакол гэтай дзяўчынкі, якая не захацела вяртацца з Італіі. Дык і многія дарослыя ня хочуць вяртацца з-за мяжы. У такім выпадку заходнія краіны іх самі дэпартуюць на радзіму. Вядомая рэч: пажыўшы ў дзіцячым доме, хто не захоча застацца ў сям’і багатых італьянцаў? Але так заўтра ўсе нашы дзеці адмовяцца ад радзімы і застануцца там. Хто тады будзе працаваць у Беларусі? Якой будзе наша эканоміка? З чаго нам будуць плаціць пэнсіі?

Увогуле, усё гэтае так званае замежнае “аздараўленьне” варта было б наагул спыніць. Дзяцей толькі дражняць, спакушаюць прыгожым жыцьцём, наносяць ім псыхічныя траўмы. Дзіця такое расьце з адчуваньнем таго, што яго радзіма — гэта беднасьць і ўбоства, а вось там, на Захадзе — багацьце, прыгажосьць і заможнае жыцьцё. Вырасьце такое дзіця, і толькі й будзе марыць пра тое, як здрадзіць радзіме і ўцячы адсюль. У любым выпадку, для Беларусі гэтыя людзі страчаныя, сапраўднымі патрыётамі яны ня вырастуць.

Нашы дзеці павінны адпачываць і лячыцца ў нашых санаторыях. А ўсынаўленьне сірот трэба дазволіць толькі беларускім (магчыма, яшчэ і расейскім) грамадзянам. Тады ў нас ня будзе такіх скандалаў, і насельніцтва так хутка скарачацца ня будзе”. Ня думаю, спадар Гусеў, што паляпшэньне дэмаграфічнай статыстыкі й рост працаздольнага насельніцтва — тыя мэты, дзеля якіх можна і варта ахвяраваць шчасьлівым маленствам нават аднаго дзіцяці. Забараніць замежнае ўсынаўленьне нескладана, і беларуская ўлада зрабіла ўжо нямала крокаў у гэтым кірунку. Але, калі вы лічыце, што альтэрнатывай замежнаму можа стаць айчыннае ўсынаўленьне, дык для пачатку, можа, варта знайсьці прыстойную і забясьпечаную беларускую сям’ю, якая б палюбіла і пагадзілася ўзяць да сябе дзяўчынку-сірату з праблемамі слыху і маўленьня? Вы, спадар Гусеў, можаце знайсьці такую сям’ю?

Своеасаблівым адказам на ліст Валеры Гусева можа служыць допіс нашай слухачкі Марыны Шулейкі з Кобрына, якая добра знаёмая з побытам і атмасфэрай у беларускіх сірочых установах.

“Калі пабудзеш у нашым дзіцячым доме, потым трэба тыдзень адыходзіць ад стрэсу. Гэта бедныя няшчасныя дзеці, якія абдзеленыя бацькоўскім цяплом, часта недагледжаныя, паўгалодныя, хворыя. Яны ўжо празь пяць хвілін размовы гатовыя называць цябе мамай. Мне іх усіх хочацца ўсынавіць і ўдачарыць. Але як успомню, якая ў мяне зарплата і кватэра — рукі апускаюцца. Тут самому б выжыць.

Знайшліся ў Італіі добрыя людзі, палюбілі няшчасную беларускую сірату — мы гэтаму павінны толькі радавацца. Якая будучыня чакала б яе тут? Ні добрага лячэньня, ні жыльля, ні дапамогі бацькоў. Прыніжэньні, галеча і ніякіх пэрспэктываў. І ўдачарыць яе тут ніхто не пагодзіцца. У нас калі і знойдзецца багатая сям’я, гатовая ўзяць сірату, дык ставіць свае ўмовы: каб і прыгожанькае дзіцё было, і здаровенькае, і бацькі не алькаголікі… Хворых, зь нейкімі недахопамі нашы людзі не ўсынаўляюць. Вось, дарэчы, што найбольш сьведчыць пра маральнае аблічча нашага грамадзтва.

Здарыцца трагедыя, калі Віку Мароз сілком утрымаюць у Беларусі, не дазволяць пераехаць у Італію, не прыслухаюцца да просьбаў італьянцаў і да діцячых сьлёз. Гэтым яны скалечаць лёс дзіцяці. Дзяўчынка гэтая ніколі не даруе беларускай уладзе. І ня толькі яна. Многія людзі лічаць гэта зьдзекам зь дзіцяці”.

Думаю, спадарыня Шулейка, высокапастаўленыя чыноўнікі, ад якіх цяпер залежыць лёс Вікі Мароз, гэта таксама ўсьведамляюць. Калі зь дзяўчынкай што-небудзь здарыцца, гэта стане для беларускай улады вельмі адчувальным ударам. Размова ня толькі пра міжнародны прэстыж (тут ужо штосьці яшчэ больш пагоршыць цяжка), але найперш пра стаўленьне да гэтай праблемы значнай часткі беларускага грамадзтва, ад галасоў якога беларускі рэжым залежны.

Таму наўрад ці выпадае сумнявацца, што ўвага да лёсу дзяўчынкі з боку ўлады будзе вельмі пільная, а рашэньне наконт яе будучыні, хутчэй за ўсё, будзе прымацца на самым высокім палітычным узроўні. У кожным разе, галодная і абяздоленая будучыня маленькай сіраце, якая стала вядомай на цэлы сьвет, цяпер ужо наўрад ці пагражае. Іншая рэч — лёсы соцень іншых беларускіх сірот, якія разьлічвалі знайсьці прыёмных бацькоў за мяжой. Іх спадзяваньні на хуткае ўсынаўленьне цяпер пад вялікім пытаньнем.

Аўтар наступнага ліста — Васіль Сухамлінаў зь Менску. Ён разважае пра нядаўняе абвастрэньне расейска-грузінскіх дачыненьняў і пра яго магчымыя наступствы:

“Расея жорсткімі мерамі адносна Тбілісі паказала, што яна аднаўляецца як магутная дзяржава, якую ўсе павінны баяцца. І Грузія ўбачыла сваё сапраўднае месца, вымушаная была хуценька адпусьціць арыштаваных расейскіх афіцэраў. Цяпер кожны грузін адчуе, што такое гнеў і няміласьць вялікай дзяржавы. Магутных і багатых трэба паважаць, а не спрабаваць кпіць зь іх. Беларусі, напэўна, таксама ня варта было б надта ўпарціцца ў спрэчках са “старэйшым братам”. Лукашэнка пагражае Маскве разрывам усіх дачыненьняў, палохае, што яна страціць адзінага саюзьніка… А ці варта дражніць такога мядзьведзя? А што, калі ён заўтра адмахнецца лапай? Трэба ведаць сваё месца. Вось спыніць заўтра Расея пастаўкі сваёй нафты і газу ў Беларусь —– што будзем рабіць?”

Ня ўпэўнены, спадар Сухамлінаў, што для дэманстрацыі сваёй магутнасьці ў Маскве выбралі самы лепшы спосаб і аб’ект. Грузія — маленькая краіна, залежная ад расейскіх энерганосьбітаў, з мноствам эканамічных праблемаў, з застарэлымі нявырашынымі міжэтнічнымі канфліктамі. Зрабіць гэтыя праблемы яшчэ больш вострымі — для расейскіх палітыкаў не ўяўляла цяжкасьці. Магчыма нават, што пасьля гэтага Расею сталі больш баяцца яе шматлікія суседзі, былыя васалы і сатэліты. Заўважце: баяцца, апасацца, асьцерагацца — але не паважаць і не любіць.

Расея мяжуе з паўтара дзясяткам дзяржаваў. І збольшасьцю зь іх у яе не найлепшыя дачыненьні, азмрочаныя ўзаемнымі прэтэнзіямі, крыўдамі, недаверам і падазронасьцю. Напэўна, многае тут тлумачыцца імпэрскімі коплексамі. За стагодзьдзі Масква прывыкла да таго, што Рыга, Варшава, Кіеў ці Тбілісі павінны выконваць яе волю і ня мець уласнай пазыцыі, уласнай палітыкі. Але палітычная мапа сьвету даўно зьмянілася. Тое, што расейскае кіраўніцтва дагэтуль не зьмірылася з гэтым фактам, наўрад ці умацуе яго пазыцыі ў сьвеце і памножыць шэрагі ягоных прыхільнікаў.

На заканчэньне ліст ад слухача зь Віцебску, які падпісаўся як Дзьмітры Каліноўскі:

“Імя гэтае выдуманае, — прызнаецца слухач. — Самі ведаеце, якая сытуацыя ў Беларусі: казаць тое, што думаеш, небясьпечна. А пішу вам таму, што вельмі цікаўлюся тэмай пашырэньня незалежнага тэле- і радыёвяшчаньня на Беларусь. Свабоду я слухаю праз спадарожнікавую антэну, бо цяперашнія прыймачы ненадзейныя і няякасныя. Нядаўна прачытаў у адной незалежнай газэце інтэрвію з Анатолем Лябедзькам, у якім ён згадвае ідэю стварэньня беларускага спадарожнікавага каналу — дзеля таго, каб скасаваць аднабаковасьць інфармацыі, якую атрымлівае беларускае грамадзтва. У супрацьвагу ўсім гэтым “Контурам” і “Панарамам”.

А яшчэ, вядома, хацелася б, каб гасьцямі вашай “Вольнай студыі” былі і Мілінкевіч, І Лябедзька, і Калякін… Хаця б пасьля гучных масавых акцыяў, якія час ад часу адбываюцца ў Менску. Хочацца, каб “Свабода” стала рупарам дэмакратычнага руху, трыбунай кшталту тых, якімі калісьці былі ў царскай Расеі “Искра” і “Колокол”.

Выбачайце, што ліст гэты пішу не на роднай мове. Як правільна пісаць — ня ведаю, а на трасянцы — не хачу”.

І Аляксандар Мілінкевіч, і Анатоль Лябедзька, і Сяргей Калякін, як і іншыя вядомыя ў Беларусі палітычныя і грамадзкія лідэры і актывісты даволі часта гучаць на хвалях “Свабоды”, спадар Каліноўскі. А ўсе масавыя акцыі, якія адбываюцца ў Менску і ў іншых беларускіх гарадах, мы падрабязна асьвятляем у сваім эфіры і на сайце, даем слова ўдзельнікам і арганізатарам, абмяркоўваем вынікі і наступствы гэтых акцыяў з дапамогай аналітыкаў, экспэртаў і палітыкаў у сваіх аналітычных праграмах. Пры гэтым даем слова ня толькі тым, хто падтрымлівае апазыцыю, але і яе апанэнтам. Думаю, калі Вы, спадар Каліноўскі, будзеце ўважліва сачыць за нашым эфірам, дык у гэтым пераканаецеся.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG