Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дырэктар школы загадаў “выкрываць нацыяналістычную сутнасьць бел-чырвона-белага сьцяга”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111” (эфір 27 верасьня).

У нашай пошце апошніх тыдняў нямала лістоў на тэму гістарычных нацыянальных сымбаляў — бел-чырвона-белага сьцяга й герба “Пагоня”. Пятнаццаць гадоў таму яны былі зацьверджаныя як дзяржаўныя, а яшчэ праз тры з паловай гады іх забаранілі. На працягу мінулага дзесяцігодзьдзя менавіта гэтыя сымбалі сталі прычынай затрыманьняў, арыштаў, звальненьняў з працы і адлічэньняў з вучобы соцень палітычна актыўных беларусаў.

У маладой настаўніцы Алены Краўцэвіч з Маладэчанскага раёну — свая гісторыя, зьвязаная з забароненай сымболікай. У сваім лісьце слухачка піша:

“Учора расказвала дзецям пра дзяржаўныя сымбалі Беларусі. Хоць яны вісяць над дошкай у кожнай клясе, але кіраўніцтва патрабуе. Адзін зь лепшых вучняў падняў руку і спытаў, пад якімі гербам і сьцягам Беларусь стала незалежнай у 1991 годзе, пасьля распаду Савецкага Саюзу. Адказ ён выдатна ведаў і безь мяне, але гэта была такая бравада перад аднаклясьнікамі й праверка мяне, маладой настаўніцы. Я расказала тое, што ведала, і нават паказала ілюстрацыі са старога падручніка. Магчыма, надала гэтаму занадта шмат часу, але гэта тэма мяне і саму цікавіць.

А празь некалькі дзён мела непрыемную размову з завучам. Нехта зь дзяцей расказаў гэтую гісторыю бацькам, а тыя праявілі пільнасьць. Праўда, завуч мяне ня тое што лаяла, а проста па-сяброўску папярэджвала, наколькі небясьпечная гэта тэма і што трэба быць асьцярожнай. У мяне склалася ўражаньне, што яна ўсё цудоўна разумее і падтрымлівае мяне, але яе пасада вымагае рэагаваць. Сышліся на тым, што на падобныя пытаньні я павінна адказваць праўдзіва, але коратка. А болей увагі надаваць цяперашнім гербу і сьцягу.

Потым гісторыя дайшла і да дырэктара. Разносаў ён, праўда, не ўчыняў і асабіста мяне не называў, але на пэдсавеце ўсім указаў, што павінны, так бы мовіць, “выкрываць нацыяналістычную сутнасьць бел-чырвона-белага сьцяга і герба “Пагоня”. Ня думаю, што нехта з калегаў дужа стараецца “выкрываць” і “разьвенчваць”. А вось у дзяцей да гэтай тэмы ўстойлівая ўвага. Ім забаранілі насіць значкі зь бела-чырвонай сымболікай, дык яны іх прышпільваюць за штрыфелямі пінжакоў. І ўпотай хваляцца адзін перад другім”.

Думаю, Алена, вашы вучні ацэняць тое, што вы ня хлусілі ім, ня крывадушнічалі і не спрабавалі выкрываць, так бы мовіць, “падрыўную сутнасьць варожых сымбаляў”. Відавочна, не на ўсе палітычныя тэмы вы можаце адкрыта разважаць на сваіх уроках, не пра ўсё можаце расказваць падрабязна і ў дэталях, прыводзячы розныя пункты гледжаньня. Але ў такіх выпадках, напэўна, лепш прамаўчаць, чым сказаць няпраўду.

У падобных умовах настаўнікам даводзілася і даводзіцца працаваць ня толькі цяпер. Многія зь іх добра памятаюць час, калі ідэалягічны ціск быў яшчэ большы, чым цяпер. Але і тады былі настаўнікі, якія знаходзілі магчымасьць расказваць дзецям праўду пра гісторыю сваёй радзімы. І тое, што ім і цяпер ня сорамна глядзець у вочы сваім колішнім вучням — магчыма, самая галоўная ацэнка іх працы.

Фрагмэнт зь ліста нашай даўняй слухачкі Яўгеніі Казловай з Воршы. Яна разважае пра дыскрымінацыю беларускай мовы і моўную сытуацыю ў Беларусі.

“Асабіста я з 1997 году карыстаюся роднай мовай. І ў мяне, адрозна ад многіх іншых жыхароў гораду, усталяваўся адваротны бар’ер: пераходзіць на расейскую мову мне цяжка. У нас свая суполка беларускамоўных. Мне ўтульна сярод гэтых людзей. Гуртуемся мы найперш вакол касьцёлу. Тут кватаруе наша ўніяцкая грэка-каталіцкая царква. У нас унікальны, цудоўны сьвятар айцец Андрэй Сідаровіч, якому я нават верш прысьвяціла. А расейская мова няхай будзе ў межах Расейскай імпэрыі — там ёй нішто не пагражае.

Зрэшты, я разумею, як далёка нам да беларускамоўнай Беларусі. У нас у Воршы — на радзіме вялікага беларуса Ўладзімера Караткевіча — на мясцовым тэлеканале слова беларускага не пачуеш. Але… У падсьвядомасьці, у глыбіні маёй душы ёсьць надзея, што ўсё ж міне гэтая чума. Вось толькі шкада страчанага часу”.

Мы нярэдка атрымліваем лісты на тэму дыскрымінацыі беларускамоўных грамадзянаў. Найчасьцей лісты гэтыя прасякнутыя настроем безвыходнасьці й асуджанасьці. Людзі адчуваюць сябе самотнымі й незразуметымі са сваёй беларускай мовай у суцэльным расейскамоўным асяродзьдзі. І можна толькі парадавацца за вас, спадарыня Яўгенія, за тое, што вы шукаеце і знаходзіце аднадумцаў, што не апускаеце рукі й верыце ў лепшую будучыню.

Наш даўні слухач і аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў у сваім новым лісьце сярод іншага разважае пра магчымасьці й шанцы апазыцыі на мясцовых выбарах, што маюць адбыцца гэтай зімой.

“Апазыцыя павінна кінуць усе сілы на тое, каб выбраць такі Менскі гарсавет, які б стаў у апазыцыю Палаце і Лукашэнку. Менгарсавет трэба зрабіць цэнтрам супраціву. Калі хаця б у Менску народ не ўсьвядоміць нахабных фальсыфікацыяў на прэзыдэнцкіх выбарах, калі не абурыцца, то Лукашэнку дзеля бесклапотнага ўладараньня застанецца вырашыць толькі адну праблему — паступова, гады за тры, адаптаваць краіну да ўсясьветных цэнаў на газ.

Успомнім сытуацыю ў СССР у 1990—1991-я гады. Тады многія мясцовыя органы ўлады сталі ў апазыцыю да Масквы. Прыклад — гарсаветы Масквы, Ленінграду, Львова… Барацьба за Менгарсавет — толькі адзін з магчымых шанцаў — хадоў для апазыцыі. Хоць, зразумела, ён зусім не гарантуе посьпеху. Але ўсё ж ёсьць спадзеў, што хаця б жыхары Менску неяк адрэагуюць на тое, што рабілі зь іх галасамі падчас сакавіцкіх выбараў”.

Сытуацыя пачатку 1990-х гадоў у СССР ня надта падобная на цяперашняе становішча ў Беларусі, спадар Марціновіч. За мінулае дзесяцігодзьдзе беларуская намэнклятура шматразова апрабавала і адладзіла выбарчую сыстэму, пры якой допуск апазыцыі ў органы мясцовага самакіраваньня моцна абмежаваны, або і ўвогуле немагчымы. Папярэдняя выбарчая кампанія, у выніку якой у Менскі гарсавет не дапушчаны ніводзін апазыцыйны вылучэнец, гэта доказна выявіла. Сьведчаньняў таго, што сёлетняя выбарчая кампанія можа кардынальным чынам адрозьнівацца ад папярэдняй, пакуль няма.

Наш слухач Барыс Руцько зь Менску лічыць, што палітычныя зьмены ў Беларусі адбудуцца толькі тады, калі ў краіне зьявіцца новая апазыцыя.

“Чаму Лукашэнка дагэтуль застаецца пры ўладзе? Адказ тут просты і відавочны. БНФ Вячоркі, АГП Лябедзькі і далучаныя да іх сацыял-дэмакраты Казуліна зрабілі ўсё магчымае і немагчымае, каб у стане апазыцыі захоўваліся раскол, разброд і сваркі. Створаная кааліцыя — гэта так, для выгляду, а насамрэч у ёй кожны сам па сабе. Такая сытуацыя вельмі выгадная Лукашэнку. Для рэжыму вельмі важна, каб было шмат партыяў, рухаў, моладзевых арганізацыяў, прафсаюзаў і лідэраў з амбіцыямі.

Цяперашнія лідэры апазыцыі ня ведаюць, што і як рабіць. Аўтарытэту ў народзе яны ня маюць. Ні разу за дванаццаць гадоў яны не паспрабавалі ўзяць уладу ў свае рукі. Дый ці хочуць яны гэтага па-сапраўднаму? Для мяне адказ адназначны: не”.

Далей у сваім лісьце Барыс Руцько прапануе шлях вырашэньня праблемы. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“Трэба ліквідаваць усе гэтыя БНФ, АГП, сацыял-дэмакратычную партыю і да іх падобных. А потым прымусова аб’яднаць усіх — у адзіны магутны рух пад назвай “Фронт нацыянальнага выратаваньня Беларусі”. Узначаліць яго павінен адзіны лідэр. А той, хто не пагодзіцца на ўсё гэта — агент і правакатар спэцслужбаў. Аб’яднаньне — гэта апошні шанец. Іншых варыянтаў проста няма”.

Прымусовае аб’яднаньне, спадар Руцько, гэта ўжо не дэмакратыя. Ды і якім чынам можна прымусіць апазыцыйных актывістаў адмовіцца ад сваіх прынцыпаў і праграмаў, пераканаць у тым, што новае аб’яднаньне будзе больш плённым і пасьпяховым, чым папярэднія? І як вызначыць новага адзінага лідэра, калі яшчэ зусім нядаўна, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, такога “адзінага” выбіралі на адмыслова скліканым Кангрэсе?

Апазыцыя ў Беларусі — такая, якая ёсьць: са ўсімі сваімі хібамі, страхамі, нешанцаваньнем і комплексамі. Нават калі памяняць яе лідэраў месцамі, даць новыя назвы партыям і нават прымусова аб’яднаць, наўрад ці нешта кардынальным чынам зьменіцца. Бо рэч ня столькі ў апазыцыі, колькі ў самім беларускім грамадзтве, у ягоных настроях, спадзяваньнях і сымпатыях да тых ці іншых публічных асобаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG