Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Алесем Чыгіром прыпынілі


Радыё Свабода Суд над дэпутатам гарсавету, настаўнікам гісторыі з Бабруйску Алесем Чыгіром прыпынены. Яго вінавацяць у правядзеньні несанкцыянаванага пікету і ў непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі. Да адміністрацыйнай адказнасьці Алеся Чыгіра прыцягваюць паводле санкцыі пракурора Ленінскага раёну Бабруйску Віктара Гаўрыкава. Аднак судзьдзя Натальля Чарануха заявіла, што адпаведны дазвол павінен даць пракурор вобласьці.

У першы дзень слуханьняў на паседжаньне не зьявіліся сьведкі з боку міліцыі, а таму суд адклалі, і сёньня ён меў працягнуцца. Аднак судзьдзя бабруйскага гарсуду Натальля Чарануха заявіла, што далейшы судовы працэс над дэпутатам гарсавету магчымы толькі з санкцыі пракурора вобласьці. Вось як гэта пракамэнтаваў Алесь Чыгір:

(Чыгір: ) “Для мяне гэта вельмі дзіўна ўсё. Мне падаецца, што судзьдзя проста сумленна выконвае свае абавязкі”.

Спадар Чыгір кажа, што невядома, калі зьявіцца адпаведная санкцыя пракурора вобласьці і ці будзе яна ўвогуле.

Нагадаю, што Алеся Чыгіра затрымалі 31 жніўня, калі ён ланцугом прывязаўся да слупа каля будынку Бабруйскага гарвыканкаму (гл. фота). Настаўнік гісторыі пратэставаў супраць звальненьня з працы з палітычных матываў.

Сёньняшняе рашэньне бабруйскага суду юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч пракамэнтаваў гэтак:

(Стэфановіч: ) “Судзьдзя паступае правільна — бо ж гэты судзьдзя юрыст. Праўда, у нас вельмі часта здараецца, што працэсуальна гэта выглядае бездакорна, але вось сутнасьць справы… Чыгір выйшаў выказаць свой пратэст на звальненьне яго з працы паводле палітычных матываў. У любой іншай краіне гэта не пацягнула б ніякай адміністрацыйнай адказнасьці, бо чалавек мае права выказаць свой пратэст. Тым больш дэпутат — чалавек, які займаецца палітыкай, ён таму й стаў дэпутатам. У нас жа сытуацыя іншая. У нас нават такая бясшкодная для грамадзтва акцыя цягне вось такія наступствы”.

Паводле выстаўленых абвінавачаньняў, Алесю Чыгіру пагражае штраф альбо да 15 сутак зьняволеньня. Беспрацоўным Алесь Чыгір застаецца зь сярэдзіны жніўня. На ягоным утрыманьні трое непаўналетніх дзяцей і жонка, якая знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку.

Алесь Чыгір зьвярнуўся са скаргай у Фэдэрацыю прафсаюзаў Беларусі й падрыхтаваў пазоў у суд на гарадзкую ўправу адукацыі за незаконнае звальненьне. Акрамя таго, дэпутат плянуе падаць у суд на гарадзкую дзяржаўную газэту “Бабруйскае жыцьцё” за публікацыю абражальнага артыкулу “Тэатар аднаго актора”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG