Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У што я веру”: Мікалай Цімафееў


Мікалай Цімафееў, Менск 24-гадовы Мікалай Цімафееў – перакладчык з ангельскай мовы тэхнічнай літаратуры. Працуе на Менскім трактарным заводзе. За ўдзел у сакавіцкіх пратэстах адседзеў пяць сутак у Жодзінскай турме.

Вера ў лепшую будучыню нашай Радзімы дапамагла мне выстаяць тры ночы ў мароз увесну, вытрываць зьдзекі так званых ахоўнікаў правапарадку, якія больш як на зьбіцьцё й лаянку ні на што ня здольныя.

Мне давялося сядзець у камэры з журналістам Вадзімам Казначэевым, каталіцкім ксяндзом з Воршы Андрэем Сідаровічам, студэнтам тэалягічнага факультэту БДУ, які рыхтаваўся стаць праваслаўным сьвятаром, ды іншымі разумнымі людзьмі.

Калі аднаму з маіх сукамэрнікаў Яўгену перадалі кнігу Аляксандра Салжаніцына “Архіпэляг ГУЛАГ”, мы чыталі яе ўслых усёй камэрай. З жудасным адчуваньнем мы заўважалі падабенства падзеяў, апісаных у кнізе, да нашай рэчаіснасьці, шчыра спадзеючыся, што прыйдзе час – і мы назаўжды забудзем гэты жахлівы час у гісторыі нашай краіны.

Нездарма ў Бібліі сказана, што дастаткова крупінкі веры, каб зрушыць горы. Сапраўдная вера здольная чыніць цуды.

Асабіста я веру ў дабро. Веру, што чалавек добры па сваёй натуры, а злосьць, нянавісьць, зайздрасьць – гэта хваробы грамадзтва, але хваробы не невылечныя.

Веру ў аб’ектыўны здаровы сэнс. Веру, што, нягледзячы на гвалтоўную хлусьню і прапаганду, людзі ўсё ж здольныя застацца людзьмі і не ператварыцца ў жывёлін з “Фэрмы” Джорджа Орўэла.

Веру ў праўду, бо ісьціна – гэта тое, да чаго павінен імкнуцца кожны чалавек. Прага да ісьціны – гэта тое, дзеля чаго мы зьявіліся ў гэты сьвет.

Веру ў Бога і апошні Суд. Веру, што Бог – гэта наша сумленьне, і калі прыйдзе час сыходзіць з гэтага сьвету, кожны будзе павінен даць адказ за свае ўчынкі, перш за ўсё – даць гэты адказ самому сабе. І цяжка будзе таму, хто зьневажаў іншага, зьнішчаў яго годнасьць, тым самым зьнішчаючы й сваю.

Што тычыцца маёй любай Беларусі, то вельмі цяжка ўявіць і зразумець, за што ёй выпаў такі цяжкі лёс. Але хочацца спадзявацца на лепшае. Ёсьць такі выраз: “Што нас не заб’е, тое зробіць мацнейшымі”. Хочацца верыць, што Беларусь зьбярэ ўсю сваю моц, пераадолее ўсе выпрабаваньні й даб’ецца сапраўднай незалежнасьці, каб ужо ніколі-ніколі яе ня страціць.

Калі ўспамінаю, як у жодзінскім СІЗА мы слухалі па дзяржаўным радыё “Сталіца” словы падтрымкі ад вядучага й музыку, якая гучала колькі дзён таму ў намётавым мястэчку на плошчы Каліноўскага, а таксама словы вартаўніка, які, зайшоўшы ў камэру, сказаў па-беларуску “Сьметніцу, калі ласка”, я веру, што ўсё ў нас будзе добра.

Гл. таксама: Новую перадачу "У што я веру" адкрывае Івонка Сурвіла
XS
SM
MD
LG