Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску разьвіталіся зь Янкам Брылём (фота)


Радыё Свабода У менскай кватэры на вуліцы Дразда, 8 адбылося разьвітаньне зь Янкам Брылём. У апошні шлях народнага пісьменьніка Беларусі прыйшлі правесьці дзясяткі людзей, у тым ліку вядомыя літаратары, мастакі, навукоўцы й палітыкі. Сярод іх – Васіль Сёмуха, Анатоль Бутэвіч, Вячаслаў Рагойша, Алесь Разанаў, Станіслаў Шушкевіч, Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін, Вінцук Вячорка. Прадстаўнікі афіцыйных уладаў удзелу ў жалобнай імпрэзе ня бралі.

Людзі клалі кветкі ў труну, хрысьціліся, колькі хвілінаў стаялі моўчкі й адыходзіліся, саступаючы месца ў пакоі пісьменьніка тым, хто чакаў на вуліцы. Сярод іншых быў і вядомы перакладчык Васіль Сёмуха.

(Сёмуха: ) “Я ўсё жыцьцё вучыўся ў Брыля – ён непераўзыдзены ў пісьме. Бадай, толькі Брыль умеў вельмі проста, даходліва, абсалютна зразумела гаварыць пра самыя складаныя рэчы. Тое, што нікому не ўдаецца”.

Людзі прыходзілі штохвілі – гуртам і паасобку. Слыннаму творцу несьлі вянкі й кветкі – пераважна бел-чырвона-белыя. Гэта даніна павагі Янку Брылю-беларусу – сказала вядомая грамадзкая дзяячка Мая Кляшторная.

(Кляшторная: ) “Кожнай сваёй клетачкай, усёй істотай ён быў беларусам такога кшталту высокага, што я заўсёды ўяўляла постаць Брыля недасягальнай”.

Разьвітацца з народным пісьменьнікам Беларусі ішлі ня толькі вядомыя ў Беларусі асобы, але й папросту прыхільнікі таленту Брыля – чалавека й творцы. Сярод іншых – мянчук спадар Судлянкоў:

(Судлянкоў: ) “Я лічу, што ён быў настолькі беларускім пісьменьнікам, наколькі такім можна быць у ідэале. І стыль мысьленьня, і мова, і нават аблічча”.

Сярод тых, хто прыйшоў сёньня да дому Янкі Брыля, было шмат моладзі. Прадстаўнікі моладзі БНФ каля пад’езду разгарнулі бел-чырвона-белыя сьцягі. Гаворыць Яўген Навінскі:

(Навінскі: ) “Мы часткова ад моладзі БНФ, а часткова гэта нашая пэрсанальная ініцыятыва. Разьвітацца з такім чалавекам павінен кожны, бо гэта зорка беларускай літаратуры”.

У апошні шлях Янку Брыля прыйшлі правесьці шмат хто з мастакоў, літаратараў, навукоўцаў, а таксама лідэры палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў. Адсутнасьць прадстаўнікоў афіцыйных уладаў лідэр Партыі камуністаў Сяргей Калякін пракамэнтаваў гэтак.

(Калякін: ) “Янка Брыль заўсёды адстойваў уласную пазыцыю, ён ніколі ня мог хлусіць, каб дагадзіць уладам. Улады яго ня надта й шанавалі, бо ён чалавек з пазыцыяй. І я ведаю, што было таксама жаданьне памерлага, каб улада ў пахаваньні ня ўдзельнічала, каб гэта ня стала казённым “мерапрыемствам”, каб людзі прыйшлі паводле закліку сваіх сэрцаў. Яно так і выходзіць. І гэта добра”.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька прыйшоў на разьвітаньне зь Янкам Брылём адразу ж пасьля вызваленьня з турмы, дзе адбываў адміністрацыйны арышт за ўдзел у апазыцыйнай акцыі.

(Лябедзька: ) “Учора я яшчэ быў у турме, а сёньня зьявілася мажлівасьць прыйсьці й разьвітацца з чалавекам, які ёсьць гонарам Беларусі. Калі б такіх людзей была большасьць, то мы ня мелі б тых праблем, якія сёньня маем”.

На завяршэньне разьвітаньня ў Менску, каля пад’езду, дзе жыў Янка Брыль, адбыўся жалобны мітынг. Слова бралі Ніл Гілевіч, Радзім Гарэцкі, Алесь Пашкевіч і іншыя. У гэты час прадстаўнікі моладзі БНФ узьнялі бел-чырвона-белыя сьцягі з чорнымі стужкамі, а людзі грамадой прасьпявалі "Магутны Божа".











XS
SM
MD
LG