Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнка вымушаны быў жорстка пакараць Казуліна...”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111” (эфір 23 ліпеня).

Адна з асноўных тэмаў нашай пошты апошняга тыдня – прысуд былому кандыдату на прэзыдэнта Аляксандру Казуліну. 13 ліпеня апазыцыйны палітык, прафэсар, былы рэктар Белдзяржунівэрсытэту быў асуджаны на пяць з паловай гадоў зьняволеньня па абвінавачаньні ў хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў. Як гэтае пакараньне ацэньваюць слухачы “Свабоды”? Ці лічаць яго справядлівым?

Пачну сёньняшнюю размову з двух лістоў на гэтую тэму, у аўтараў якіх супрацьлеглыя меркаваньні што да асобы Аляксандра Казуліна і ягоных палітычных пэрспэктываў.

“Гэта жорсткая бязьлітасная помста адукаванаму і сумленнаму чалавеку, –лічыць Яўген Бажко зь Менску. – У нас нават самыя адпетыя зладзюгі і хуліганы атрымліваюць умоўныя пакараньні альбо “хімію”. А тут вядомы палітык, навуковец, былы міністар і рэктар галоўнага ўнівэрсытэту асуджаны на пяць з паловай гадоў турмы за тое, што разьбіў партрэт Лукашэнкі. Усім зразумела, чаму так адбылося”.

“Аляксандар Казулін – мужны чалавек. Ён, вядома, здагадваўся, чым усё можа для яго скончыцца. І ўсё ж пайшоў да канца. Яго не зламалі, не прымусілі адступіць. Усе сумленныя людзі, якія хочуць зьменаў, павінны цяпер аб’яднацца і дамагчыся вызваленьня Казуліна. Гэтае імя можа аб’яднаць нас. Казулін нават у турме можа застацца кіраўніком апазыцыі, калі толькі людзі захочуць гэтага”, –

напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Яўген Бажко зь Менску.

Апошняя Ваша, спадар Бажко, заўвага – наконт таго, ці гатовае грамадзтва падтрымаць Казуліна – у гэтай сытуацыі выглядае прынцыпова важнай і для палітычнай будучыні самога зьняволенага палітыка, і для дэмакратычнай пэрспэктывы Беларусі ў цэлым. Аднак значных масавых грамадзкіх пратэстаў ні з прычыны арышту палітыка, ні з нагоды цяперашняга жорсткага прысуду ў Беларусі не было. Чаму? Магчыма, адзін з адказаў на гэтае пытаньне зьмяшчаецца ў лісьце іншага нашага слухача – Юр’я Калечыца з Маладэчанскага раёну.

“А на што яшчэ апазыцыя спадзявалася? – з такога рытарычнага пытаньня пачынае свой ліст на “Свабоду” Юры Калечыц. – Лукашэнка ж усіх іх даўно папярэдзіў: пачынаеце змагацца за ўладу, спрабуеце выбіць з-пад яго крэсла – рыхтуйцеся да самых жорсткіх удараў у адказ. А Казулін хіба заўсёды быў палымяным дэмакратам і прынцыповым змагаром за незалежнасьць? Тыповы намэнклятурны начальнік, рабіў пасьпяховую камсамольскую кар’еру за камуністамі. І прыход Лукашэнкі да ўлады яму не перашкодзіў. Гэта ж Лукашэнка зрабіў яго міністрам, прызначыў на цёплую пасаду. І дзесяць гадоў Казуліна такая сыстэма цалкам задавальняла. А потым яму гэтага падалося мала?

Лукашэнка вымушаны быў жорстка пакараць Казуліна. Гэта неабходна, каб захоўваць дысцыпліну і парадак у шэрагах намэнклятуры. Калі Казуліна цяпер адпусьціць ці пакараць якой-небудзь лагоднай “хіміяй”, дык неўзабаве абавязкова зьявіцца які-небудзь новы здраднік і перабежчык. У асяродзьдзі чыноўнікаў пачнуцца хістаньні, ваганьні. А гэтага у нашай сыстэме быць не павінна. Вось таму ўсе былыя міністры-здраднікі і атрымліваюць тэрміны на поўную катушку – што Лявонаў, што Чыгір, што Марыніч, што цяпер Казулін. Дараваць – азначала б паказаць сваю слабасьць. А Казулін ведаў, на што ішоў. Ня скончыцца для яго турмой усё гэта проста не магло. Калі ён разьлічваў на нешта іншае – значыць ён альбо ня ведае свайго народу, альбо ня ведае Лукашэнку. І тое, і другое для сур’ёзнага палітыка недаравальнае. За гэтае сваё няведаньне Казулін цяпер і разьлічваецца”, –

гэтак лічыць Юры Калечыц з Маладэчанскага раёну.

Зусім магчыма, спадар Калечыц, што ўлада ў сваіх дзеяньнях кіруецца менавіта такой лёгікай. Прынамсі, лёс вельмі многіх палітыкаў, якія ў мінулым займалі высокія адміністрацыйныя пасады ў атачэньні Лукашэнкі, сьведчыць якраз пра гэта. Іншая рэч, наколькі такая завядзёнка адпавядае дэмакратычным прынцыпам, у прыватнасьці, праву на свабоду поглядаў, перакананьняў і іх свабоднае выказваньне. А гэтае права, між іншым, замацавана нават у дзейнай беларускай Канстытуцыі. Яшчэ адна праблема – незалежнасьць судовай сыстэмы. Хто ў такім разе выносіць у Беларусі прысуды – судзьдзя ці чыноўнік, ад якога гэты судзьдзя залежны? І калі ў дзяржаве дэ-факта не існуе незалежнага суду, то ці ня варта ў самога беларускага грамадзтва спытаць, ці задавальняе яго такі парадак?

Ліст ад Міхаіла Лекаха з Рыгі – пасьлядоўнага крытыка дэмакратычнай рынкавай сыстэмы і апалягета сыстэмы аўтарытарнай, якая склалася цяпер у Беларусі. Спадар Леках, у прыватнасьці, піша:

“Так, у Беларусі ёсьць праблемы: далёка ня ўсё так, як хацелася б. Але сёньня я ведаю дакладна: калі б Беларусь пайшла шляхам Латвіі альбо Расеі, то сацыяльна-эканамічнае становішча яе было б калі не катастрафічным, дык значна горшым, чым цяпер. У Беларусі ж няма незьлічоных расейскіх багацьцяў, дзе ўсё крадуць і вывозяць за мяжу, а рэсурсы не канчаюцца.

І калі Вы, спадар Жданко, будзеце сумленным, дык павінны прызнаць, што прэзыдэнт Лукашэнка не дазволіў раскрасьці краіну, забясьпечыў захаванасьць і разьвіцьцё прамысловасьці. Сёньня аб’ектыўна сацыяльна-эканамічнае становішча ў Беларусі лепшае, чым у суседніх краінах. Зірнем на Латвію. Паводле апублікаванага сьпісу, у Латвіі 600 легальных мільянэраў. На маю просьбу калегі, грунтуючыся на канкрэтных імёнах са сьпісу, прааналізавалі, якім чынам зьявіліся гэтыя багатыя людзі ў самай беднай краіне Эўрапейскага Зьвязу. І што ж? 90 працэнтаў наваяўленых латвійскіх мільянэраў такімі ня сталі б, калі б пры абагачэньні не парушалі заканадаўства і ня ўдзельнічалі ў “прыхватызацыі” пад выглядам сумленнай прыватызацыі. Аб’ектыўнасьць патрабуе, каб беларуская “Свабода” расказвала аб рэальных працэсах і сацыяльна-эканамічным становішчы ў суседніх краінах”, –

напісаў у сваім лісьце на Свабоду Міхаіл Леках з Рыгі, з Латвіі.

Так, спадар Леках, цяжка ўявіць, каб у сёньняшняй Беларусі ў адкрытым друку быў зьмешчаны пайменны сьпіс беларускіх мільянэраў і каб экспэрты маглі свабодна аналізаваць, якім чынам здабытыя іхныя багацьці. Але калі Вы лічыце, што мільянэраў у Беларусі няма, то глыбока памыляецеся. Думаю нават, што такіх асобаў у Беларусі значна больш, чым у Латвіі. І для саміх беларускіх грамадзянаў гэта – не сакрэт. Назіраючы, як зялёныя зоны ў ваколіцах Менску забудоўваюцца асабнякамі коштам па паўмільёна даляраў кожны, няцяжка здагадацца, якімі прыблізнымі капіталамі валодаюць іхныя гаспадары. Так што стэрэатыпнае ўяўленьне пра Беларусь як краіну, дзе забясьпечана сацыяльная роўнасьць і не адбылося маёмаснага расслаеньня – гэта міт, выкліканы адсутнасьцю інфармацыі.

Ці апярэджвае Беларусь у сацыяльна-эканамічным разьвіцьці сваіх суседзяў? За выключэньнем Украіны – нікога яна не апярэджвае. У Польшчы, Літве і Латвіі ўзровень жыцьця вышэйшы, чым у Беларусі. Пра гэта сьведчаць і зьвесткі міжнародных арганізацыяў, якія вядуць адпаведны маніторынг, і статыстыка саміх гэтых краінаў пра сярэднія заробкі і пэнсіі, ды і звычайныя назіраньні людзей, якія перасякаюць межы і бачаць, як жывецца суседзям. Пра тое, які рэальны стан эканомікі і сацыяльнай сфэры ў той ці іншай краіне, ускосна сьведчыць і такі паказьнік, як патокі міграцыі. Дык вось, ахвотных перасяліцца на сталае жыхарства ў Беларусь з Польшчы ці краінаў Балтыі – адзінкі. А вось рух на Захад зь Беларусі – заўважны і пастаянны.

І апошняе – пра тое, што Лукашэнка ня даў “раскрасьці краіну”. Пагаджуся з Вамі, спадар Леках: не дазволіўшы татальнай прыватызацыі, беларускія ўлады пазьбеглі многіх з тых памылак і сацыяльных узрушэньняў, празь якія прайшлі суседнія краіны, у тым ліку і Расея. Аднак ці пайшло гэта на карысьць беларускай эканоміцы і ці выйграе ад гэтага беларускае грамадзтва ў пэрспэктыве – пытаньне спрэчнае. Сотні дзяржаўных прадпрыемстваў у Беларусі – стратныя і вялікім цяжарам вісяць на шыі бюджэту. Немінуча настане момант, калі давядзецца іх альбо прадаваць у прыватныя рукі, альбо зачыняць. Іншымі словамі, рабіць тое ж, што значна раней зрабілі ў суседніх краінах.

На заканчэньне – кароткі ліст ад Мікалая Куксо з Івянца Валожынскага раёну. Ён піша:

“Я – ня толькі сталы, але і актыўны слухач Радыё Свабода. Галоўныя тэмы, пачутыя па “Свабодзе”, я пераказваю жыхарам нашага пасёлку нават у лазьні ў суботы. Акрамя таго, удзельнічаю ў перадачы “Званкі на Свабоду”. Аднаго разу прагучаў у перадачы “Падарожжы Свабоды”. А ў сьнежні 2001-га году па радыё быў агучаны мой верш. Усё гэта я паведамляю ня дзеля пахвальбы, а для таго, каб Вы спагадліва паставіліся да маёй просьбы.

Я пачуў пра кнігу “Плошча” і вельмі хачу мець яе. Мне 76 год, выяжджаць з хаты з прычыны хваробаў цяжка. Вельмі прашу выслаць мне гэтую кнігу. Тым больш што ў тыя дні, калі моладзь пратэставала на Кастрычніцкай плошчы, я вельмі перажываў і ня раз тэлефанаваў Вам на “Свабоду”, –

паведаміў у сваім лісьце настаўнік-пэнсіянэр Мікалай Куксо з Івянца Валожынскага раёну.

На жаль, спадар Куксо, кніга “Плошча” існуе пакуль што выключна ў электронным варыянце, і пазнаёміцца зь ёй могуць толькі карыстальнікі Інтэрнэту, на нашай інтэрнэт-старонцы. Але як толькі кніга “Плошча” будзе надрукаваная, мы абавязкова вышлем яе Вам як аднаму з самых актыўных удзельнікаў нашага клюбу сяброў “Свабоды”. Бескарысьлівая і самаахвярная праца нашых добраахвотных памочнікаў вельмі дапамагае “Свабодзе” быць бліжэйшай да сваіх слухачоў, рэагаваць на іх запыты і пажаданьні.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

* * * Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас: zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG