Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёзна: “Мірон” узьняў бел-чырвона-белы сьцяг з чорнай стужкай


Радыё Свабода У райцэнтры Лёзна, што на Віцебшчыне, на 30-мэтровай апоры лініі электраперадачаў, дзе напружаньне электрычнага току сягае 30 тысяч вольт, cёньня ўраньні зьявіўся бел-чырвона-белы сьцяг.

Пра гэта паведаміў Радыё Свабода віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда:

(Хамайда: ) “Сёньня раніцай над Лёзна залунаў бел-чырвона-белы сьцяг з чорнай стужкай. Ён быў прымацаваны да вершаліны апоры ЛЭП, якая стаіць на гары, ля шашы, пры ўезьдзе ў Лёзна з боку Віцебску. Да сьцяга была прышпіленая запіска наступнага зьместу: “Сьветлай памяці слаўнага сына зямлі беларускай Уладзімера Рыгоравіча Плешчанкі. Пакуль на зямлі жывуць такія людзі, як ён, Беларусь жыла, жыве і будзе жыць вечна”. І подпіс: Мірон”.

Барыс Хамайда кажа, што сёньняшняя акцыя невядомага Мірона прысьвечаная саракавінам са дня сьмерці старшыні віцебскай абласной рады Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Ён згадвае таксама, што нацыянальны сьцяг з жалобнай стужкай і запіскай ад Мірона таксама быў зьявіўся ў Лёзьне тры гады таму на знак ушанаваньня памяці народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава.

Сорак дзён па сьмерці Ўладзімера Плешчанкі, які раптоўна памёр ад сардэчнага прыступу 20 траўня, на 57-м годзе жыцьця, ягоныя віцебскія сябры і аднадумцы мяркуюць адзначыць заўтра.

Нацыянальны сьцяг дзьве гадзіны лунаў над райцэнтрам, дзе Мірон упершыню заявіў пра сябе. А потым, як і ў папярэднія разы, яго зьнялі міліцыянты пры дапамозе супрацоўнікаў мясцовага прадпрыемства “Энэргасетак”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG