Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня — трэція ўгодкі сьмерці Васіля Быкава


Радыё Свабода 22 чэрвеня — трэція ўгодкі сьмерці Васіля Быкава. Да магілы пісьменьніка, што на Ўсходніх могілках Менску, увесь час ідуць людзі, каб ушанаваць ягоную памяць. Тут можна ўбачыць і моладзь, і людзей сталага веку. Яны ўскладваюць валошкі, белыя і чырвоныя гвазьдзікі й бел-чырвона-белыя стужкі.

(Юнак: ) “Я ня здолеў патрапіць на пахаваньне Васіля Быкава тры гады таму. Таму ў дзень пахаваньня прыходжу да магілы, каб хоць гэтак ушанаваць памяць вялікага пісьменьніка. Памятаю й паважаю яго як чалавека, люблю як пісьменьніка. Ня ўсе ягоныя творы чытаў, на жаль, але з таго, што ведаю, найбольш запомніліся “Сотнікаў”, “Знак бяды” й асабліва “Жоўты пясочак”.

(Спадарыня: ) “Я прыйшла сюды з унучкай, каб яна змалку ведала і ўсьведамляла, што яна належыць да народу, зь якога паходзіць вялікі Васіль Быкаў. Гэта наш гонар, наша сумленьне й наш вялікі боль. Бо ён ня меў ад свайго народу, галоўным чынам ад уладаў, той павагі й пашаны, якая яму належала яшчэ пры жыцьці”.

(Юнак: ) “Можна так сказаць, што я вырас на прозе Васіля Быкава. У свой час я перачытаў усе кнігі, якія некалі куплялі бацькі й якія былі ў хаце. І што я стаў тым, кім ёсьць цяпер, не ў апошнюю чаргу сталася дзякуючы Быкаву. У мяне была яшчэ такая мара — узяць у Васіля Ўладзіміравіча аўтограф, але, на жаль, не пасьпеў. І што я тут — гэта мая даніна павагі Быкаву”.

(Юначка: ) “Я прыйшла ўшанаваць памяць чалавека, які шмат зрабіў для нашай радзімы й дзеля выхаваньня гэтага народу. Калі можна назваць людзей, якія тут жывуць, народам сталым і паўназначным, то гэта дзякуючы Васілю Быкаву. Гэта быў сапраўды вялікі чалавек, дзеля якога варта прыходзіць сюды не аднойчы”.

(Юнак: ) “Шкада, што ў нас няма ні помніка Васілю Быкаву, ні вуліцы імя Васіля Быкава. У нас ушаноўваюць памяць усялікіх камуністаў-тэрарыстаў, якія вынішчылі мільёны людзей, а пра сапраўднага патрыёта нават памяці ніякай не застаецца”.

(Спадар: ) “Па-першае, гэта сумленьне нашага беларускага народу — Васіль Быкаў. І я яго асабіста ведаў. Ведаў, як крышталёва чыстага чалавека ў сэнсе ягонага ўспрыманьня нашага сьветапогляду. Тое, што ён сказаў у літаратуры, мне здаецца, у наш час ніхто ня скажа. Тое, што ён сказаў пра вайну, хоць ён, як сам прызнаваўся, гэта толькі 25 адсоткаў праўды пра вайну, то ў наш час і гэтай праўды ніхто ня скажа. Таму нашая рэспубліка, наш народ вельмі шмат страцілі, калі дапамаглі найхутчэй пайсьці ў зямлю вялікаму пісьменьніку, нашаму Васілю Быкаву”.
XS
SM
MD
LG