Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – агляд беларускага Інтэрнэту


*** Апошнія весткі зь беларускага сеціва. У беларускім сеціве блукае Юлія Шарова.

На беларускім сайце “Царква”(churchby.info) зьявілася Сьвятое Дабравесьце ў перакладзе на беларускую мову. Пераклад зроблены Біблейнай камісіяй пры Беларускім экзархаце. Вось як па-беларуску гучыць знакаміты ўрывак у Дабравесьця паводле Мацея: “Тады Ірад, убачыўшы, што магі ашукалі яго, разгневаўся надта й паслаў перабіць усіх дзетак у Віфлееме і ва ўсіх межах яго, ад двух гадоў і ніжэй, паводле часу, які выведаў у магаў. Тады збылося сказанае праз прарока Іерамію, які кажа: "Голас у Раме чуцен, плач, і галашэнне, і лямант вялікі; Рахіль плача па дзецях сваіх і не хоча суцешыцца; бо іх няма".

Вакол “Адборышча-2006” – гэта папярэдні конкурс на рок-фэст Басовішча” – разгарэліся новыя жарсьці. Учора былі дыскваліфікаваныя два гурты, а сёньня выяўляецца, што й само “Адборышча” пад пагрозай зрыву – пра гэта паведамляе блогерка _tarka_ (_tarka_.livejournal.com) За два дні да імпрэзы адміністрацыя парку Dreamland’у адмовіла ў правядзеньні канцэрту. _tarka_ абяцае, што імпрэза ўсё адно адбудзецца – у іншым месцы і жартам раіць не хадзіць на атракцыёны ў "Dreamland".

У вядомай блогеркі Марыйкі ( maryjka_.livejournal.com) сёньня, відавочна, філязофскі настрой: “Учорашнія гутаркі ў кавярні "Брыганціна" пра Любоў, Жыцьцё і Сьмерць дапамаглі спарадзілі разуменьне таго, чым яшчэ адрозьніваецца пэсыміст ад аптыміста. Пэсыміст верыць у каханьне да труны, а аптыміст – у каханьне на ўсё жыцьцё”.

На форумах TUT.by на галінцы “Хто ў опэру?” Нехта пад нікам klavesin абураецца: “Хто быў на “Аідзе” 6 чэрвеня? Навучыце непрафэсіянала. Чаму ў першым акце Ганец пасьля сваёй рэплікі ўзьняўся на лесьвіцу й стаў вышэй за Цара Эгіпту й Вярхоўнага жраца? Прычым канкрэтна зафіксаваўся ў гэтым становішчы на працяглы час. Людзі! У Эгіпце ён быў бы ўжо ў пашчы кракадзіла!”

Сайт “Трэці шлях” (3dway.org) прапануе аўдыёзапіс перадачы “Супэр-пупэр панарама “Хард базар” – сатырыстычна-публіцыстычны твор UltraВожыка. Журналіст Арцём Патапкін гутарыць з Аляксандрам Лукашэнкам.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі была Юлія Шарова. Да сустрэчы ў оф-лайне.

"Начная аБЛОГа" – частка новай праграмы "Начная Свабода". Гл. mp3-аўдыё і выбраныя тэксты "Начной Свабоды"
XS
SM
MD
LG