Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Цяпер і памяркоўны апазыцыянэр Мілінкевіч пасёрбае турэмнай баланды”


Валянцін Жданко, Менск (эфір 30 красавіка) Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Яшчэ ўвечары 26 красавіка, калі ўдзельнікі й арганізатары Чарнобыльскага шляху пасьля шэсьця і мітынгу мірна разыходзіліся па дамах, многім здавалася, што ўлада і апазыцыя гэтым разам дасягнулі кампрамісу. Адны адмовіліся ад намеру правесьці акцыю на Кастрычніцкай плошчы; другія не ўжывалі звыклага гвалту. Аднак ужо на наступны дзень стала відавочна, што мірнай разьвязкі не атрымалася і гэтым разам. Арганізатары Чарнобыльскага шляху Аляксандар Мілінкевіч, Вінцук Вячорка, Сяргей Калякін і Аляксандар Бухвостаў апынуліся за кратамі. Пацярпелі і іншыя ўдзельнікі акцыі.

Як рэагуюць на гэтыя падзеі нашы слухачы? Адзін зь першых водгукаў — у электронным лісьце ад менскага студэнта Сяргея Воінава. Ён піша:

“Нездарма ўсё ж Аляксандра Мілінкевіча часта абвінавачваюць у мяккацеласьці й палахлівасьці. Вось і падчас Чарнобыльскага шляху ён яўна баяўся не спадабацца ўладам, раздражніць іх. Людзі імкнуліся на Кастрычніцкую плошчу, а ён павёў іх туды, куды паказала ўлада — да Акадэміі навук і на Бангалор. Напэўна, думаў, што такім чынам залагодзіць рэжым, пакажа, што ён не рыхтуе ніякай рэвалюцыі… Але не атрымалася. Каб залагодзіць гэтую ўладу, трэба самааддана прыслужваць ёй і не гуляць ні ў якія палітычныя гульні. Ніякая, нават самая памяркоўная апазыцыя гэтаму рэжыму не патрэбная. Вось цяпер і памяркоўны апазыцыянэр Мілінкевіч пасёрбае турэмнай баланды. Паглядзім, якім ён выйдзе з турмы на Акрэсьціна. Штосьці мне здаецца, што ад яго рахманасьці й памяркоўнасьці не застанецца і сьледу”.

Цяжка, спадар Воінаў, уявіць, што Аляксандар Мілінкевіч раптам за некалькі дзён ператворыцца ў радыкальнага палітыка і будзе агучваць нейкія экстрэмісцкія лёзунгі. Хоць нейкія карэктывы ў ягоных поглядах на дачыненьні паміж апазыцыяй і уладай, магчыма, і адбудуцца. З турэмных вокнаў, сапраўды, сьвет бачыцца па-іншаму. У гэтай сувязі можна згадаць, як яшчэ некалькі гадоў таму, адразу пасьля адстаўкі зь дзяржаўнай пасады, паводзіў сябе Аляксандар Казулін. Памятаеце, якімі мяккімі, далікатнымі былі ацэнкі цяперашняй улады ў першых дакумэнтах ад імя руху “Воля народу”, які спрабаваў стварыць Аляксандар Казулін. І як узважана, памяркоўна, а часам і прыхільна выказваўся ён тады на адрас Аляксандра Лукашэнкі. І чым гэта ўрэшце скончылася?

Тэма ліста Юрася Навіцкага зь Менску — адметныя рысы і асаблівасьці беларускай міліцыі. Праблема гэта асабліва актуальная на тле апошніх падзеяў, якія суправаджаліся шчыльнымі кантактамі міліцэйскіх аддзелаў з палітычна актыўнай часткай беларускага грамадзтва.

“Не магу сказаць, што я гэтых людзей ненавіджу, — піша слухач. — Як ні круці, камусьці трэба і гэту работу выконваць. У мяне дома на пачэсным месцы нават вісіць міліцэйская фуражка, падараваная сябрам — маёрам міліцыі. Падчас 10-суткавага арышту ў Асіповіцкім ізалятары давялося пагаварыць аб правах зьняволеных з тамтэйшым загадчыкам. Дык, ведаеце, быў прыемна зьдзіўлены літасьцю і чалавечым стаўленьнем гэтага міліцэйскага начальніка. А аднойчы афіцэра міліцыі, зьбітага і абрабаванага, ледзьве не на сабе давялося цягнуць да ягоных калегаў.

Але ёсьць сярод іх і іншыя. Я ня ведаю, хто зь міліцыянтаў 25 сакавіка падчас шэсьця ўдарыў маю жонку проста ў твар на мітынгу, але мяркую, што гэтая брудная пляма кладзецца на ўсю міліцыю. Тым больш, што сёньня ўжо вельмі шмат відавочцаў, сьведкаў і ахвяраў зьдзекаў і гвалту над затрыманымі і ўдзельнікамі мірных акцыяў, у тым ліку жанчынамі. Думаю, беларускі народ ня мае патрэбы ў тым, каб нашай міліцыяй пагарджаў увесь цывілізаваны сьвет. Няўжо самі гэтыя людзі не адчуваюць, што сваімі ўчынкамі ганьбяць уласныя гонар і сумленьне, што можа настаць момант, калі зь імі проста перастануць вітацца прыстойныя людзі”.

Як вы і сам, спадар Навіцкі, пераканаліся, у міліцыі служаць розныя людзі — сумленныя і раўнадушныя, літасьцівыя і жорсткія, прыстойныя і ня вельмі… Ня думаю, што існаваў нейкі адмысловы загад зьбіваць падчас мірных дэманстрацыяў жанчын ці падлеткаў. Іншая рэч, што міліцыянты ня раз пераконваліся: на каго б яны ні паднялі руку ў такой сытуацыі — на жанчыну, старога, падлетка, ніякай адказнасьці не панясуць. Гэтае адчуваньне беспакаранасьці дзейнічае на людзей у пагонах па-рознаму. Спагадлівымі, велікадушнымі й прыстойнымі застаюцца далёка ня ўсе.

Электронны ліст ад слухача, які не пажадаў падпісвацца. Свой допіс ён назваў “Думкамі звычайнага грамадзяніна, які зь незалежных мэдыяў мае толькі Інтэрнэт”. Слухач піша:

“Жыву я ў правінцыйным горадзе Берасьцейскай вобласьці. На прыкладзе апошніх падзеяў пераканаўся: без падтрымкі правінцыі ў Менску ніколі не зьбярэцца на вуліцы больш за 50—70 тысяч чалавек. Таксама я ўпэўнены, што ў нас нічога не атрымаецца без крэатыву. Над гэтым неабходна думаць, бо ўсё, чым цяпер займаюцца апазыцыйныя арганізацыі (агітулёткі, графіці і ўсё такога кшталту) абсалютна не дапамагае ў нашай барацьбе. Калі гадоў 8—10 таму большасьць народу Беларусі была супраць Лукашэнкі, то цяпер я ўжо сумняюся, што такое стаўленьне захавалася. Афіцыйная прапаганда робіць сваю справу выдатна. Сярод сваіх знаёмых (прыблізна паўсотні чалавек) я правёў невялікае апытаньне на гэтую тэму. Найчасьцей чуў наступныя адказы: “А за каго яшчэ галасаваць, калі не за Лукашэнку?”, альбо: “Мілінкевіч працуе на Амэрыку, а гэта кепска”.

Я вось спрабаваў іх пераканаць: няўжо можна верыць БТ? Але ў адказ чуў, што ў многіх ёсьць кабэльнае тэлебачаньне і што глядзяць яны пераважна нэўтральныя каналы, на якіх часам гавораць і праўду. А што тады казаць пра людзей, якія могуць глядзець толькі БТ? Становіцца млосна на душы. І вось таму патрэбны крэатыўныя дзеяньні, у выніку якіх менавіта простыя грамадзяне маглі б стаць на правільны шлях! І яшчэ: ня думаю, што рэжым абрынецца дзякуючы нашым намаганьням. Улада, магчыма, падзе сама пад уплывам “газавых”, эканамічных абставінаў. Можа, гэта адбудзецца пры ўдалым выніку выбараў у Расеі ў 2008 годзе. У кожным разе, дзейнічаць апазыцыі трэба ня толькі ў Менску, а па ўсёй краіне. Трэба, каб працавалі рэгіянальныя штабы. І ня трэба казаць, што праца вядзецца. Вось у маім горадзе няма ніякага руху, а штаб нібыта ёсьць”.

У лісьце, як вы заўважылі, часта гучыць слова “крэатыў” — для многіх, напэўна, ня надта знаёмае. Гэтае паняцьце найчасьцей выкарыстоўваюць рэклямшчыкі. Як правіла, крэатыў, крэатыўная ідэя, крэатыўная рэкляма павінна ўтрымліваць арыгінальнае творчае рашэньне спосабу падачы інфармацыі, адрасаванай патрэбнай аўдыторыі. Ня думаю, шаноўны слухач, што менавіта ў адсутнасьці крэатыўных ідэяў — галоўная прычына паразаў беларускай апазыцыі. Апазыцыйным актывістам у сёньняшніх беларускіх умовах даводзіцца думаць ня столькі пра арыгінальныя спосабы і прыёмы агітацыі, колькі пра тое, як увогуле давесьці да людзей праўдзівую інфармацыю пра сваю дзейнасьць і пра становішча ў краіне.

Аб праблемах беларускіх пэнсіянэраў разважае ў сваім лісьце на “Свабоду” наш слухач Максім Лыч са Сьветлагорску:

“Нашы пэнсіянэры падзяляюцца на багатых і бедных. Багатыя былі заможныя й да пэнсіі. Гэта –– вайсковыя адстаўнікі, міліцыя, КДБ, чыноўнікі ўсіх рангаў. Пэнсіі ў іх у тры-пяць разоў вышэйшыя, чым у бедных. Да таго ж, і на пэнсію яны выходзяць у 45 гадоў у добрым здароўі, і працуюць яшчэ 15—20 гадоў, атрымліваючы і вялікую пэнсію, і нядрэнны заробак. За што іх улада так шануе? Большасьць жа іх, як кажуць, пораху ня нюхала. А пэнсію ў нас павялічваюць на пэўны працэнт. У выніку калі звычайнаму пэнсіянэру дабавяць 15—20 тысяч, дык багатаму — 50—100 тысяч і больш. Лічу гэта ашуканствам і зьнявагай простых людзей. Чаму ў адных прэ цераз край (ня ведаюць, куды падзець грошы), а другія ледзь сточваюць канцы з канцамі?”

Далей у сваім лісьце Максім Лыч са Сьветлагорску прапануе падвышаць пэнсіі не на пэўны працэнт, а для ўсіх пэнсіянэраў пароўну, на пэўную суму; альбо ставіць памер падвышэньня ў залежнасьць ад ранейшай пэнсіі: чым вышэйшая пэнсія — тым меншы працэнт павелічэньня. Гэтак, ён лічыць, можна дасягнуць большай сацыяльнай справядлівасьці, чым цяпер.

Думаю, спадар Лыч, Вашы аргумэнты добра вядомыя тым, хто распрацоўвае і прымае пэнсійнае заканадаўства: чыноўнікам Адміністрацыі прэзыдэнта, Савету міністраў, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Чаму гэтыя аргумэнты ня ўлічваюцца? Можа, таму, што большасьць гэтых чыноўнікаў і ўсе дэпутаты самі карыстаюцца шматлікімі пэнсійнымі льготамі і ў пэрспэктыве амаль усе трапяць у катэгорыю тых пэнсіянэраў, якіх вы называеце “багатымі”?

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG