Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курапатах адбылася талака (фота)


Радыё Свабода, Менск Сёньня ў Курапатах адбылася талака. Чальцы палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, а таксама дзеці й сваякі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў прыбіралі ўрочышча напярэдадні Радаўніцы.

Удзельнікі талакі зграбалі зь магілаў сатлелую зімой лістоту, галінкі дрэваў, а таксама аднаўлялі зьнявечаныя зламысьнікамі крыжы.

Сябра ініцыятывы “За ўратаваньне Курапатаў”, гісторык Ігар Кузьняцоў:

(Кузьняцоў: ) "Адной з мэтаў было прывесьці да парадку пахаваньні, бо мінулай восеньню тут усё было папсаванае. Па-другое, на адным з пахаваньняў, дзе вядомыя два прозьвішчы, быў зламаны крыж, мэмарыяльная шыльда. Мы гэта ўсё зараз аднавілі".

Сярод удзельнікаў талакі былі таксама прадстаўнікі палітычных партыяў. У прыватнасьці сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Алесь Стральцоў разам з прадстаўнікамі Акадэміі навук у аднаўляў крыж беларускім археолягам, расстраляным у Курапатах.

(Стральцоў: ) "Шчыруем, ачышчаем крыж, бо ён за гэтулькі гадоў колькі тут стаіць крыху знасіўся. Я прыехаў сюды са сваімі хлопцамі, і мы дапамагаем супрацоўнікам Акадэміі навук".

Спадар Пракопчык прыехаў у Курапаты з Асіповіцкага раёну. Ягоны бацькі і браты, паводле зьвестак КДБ, былі расстраляныя ў Менску:

(Пракопчык: ) “Пракопчык Міхаіл Ільліч, але гэта маё прозьвішча ня роднае. Калі расстралялі бацьку, маці выйшла замуж і запісала нас на іншае прозьвішча. Бо нас перасьледавалі, маці ня бралі на працу, мы хадзілі й прасілі кавалка хлеба. Я зараз гэта распавядаю й мне цяжка робіцца ад гэтых успамінаў”.

Курапаты прыбіраў і грамадзянін Канады граф Аляксандр Прушынскі:

(Прушынскі: ) “Калі саветы прыйшлі ў Заходнюю Беларусь, то яны арыштоўвалі ўсіх. Хрушчоў сказаў пра тое, што зрабіў Сталін яшчэ ў 1956 годзе. Прайшло 50 гадоў, а тут гэтая справа да канца не завершаная. Гэта сорам. Урэшце рэшт гэта трэба завершыць, і калі ня гэты прэзыдэнт гэта зробіць, тое зробіць другі, харошы”.

Сёлетняй вясной чарговым разам невядомыя зламалі помны знак, які некалі адкрываў колішні прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан. Летась увосень злачынцы пашкодзілі мэмарыяльную шыльду, у якой гаворыцца, што на загад Савету Міністраў на месцы масавых пахаваньняў будзе ўзьведзены мэмарыяльны помнік. У абодвух выпадках праваахоўныя органы злачынцаў не знайшлі.

Фотарэпартаж









Гл. таксама • Сайт "Мартыралёг Беларусі"
XS
SM
MD
LG