Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч: улада баіцца масавых вясновых акцыяў


Радыё Свабода, Менск Лідэра аб’яднанай дэмакратычнай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча арыштавалі на 15 сутак. Апазыцыянэр лічыць свой арышт сьведчаньнем страху ўладаў перад масавымі вясновымі акцыямі.

Судзьдзя Першамайскага раённага суду Юры Гарбатоўскі пакараў Аляксандра Мілінкевіча 15 суткамі арышту. Міліцыянты абвінавацілі лідэра апазыцыі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсьці й мітынгах у часе Чарнобыльскага шляху. Аляксандар Мілінкевіч зьвяртаў увагу на тое, што міліцыянты самі заклікалі людзей каля цырку прайсьці да Акадэміі навук, на дазволенае ўладамі месца збору. Арыштаваны так пракамэнтаваў свой прысуд:

(Мілінкевіч: ) “Улада ня ўмее і ня хоча дзейнічаць па законе. Ніякі гэта не несанкцыянаваны мітынг. Удзельнічалі мы ў абсалютна дазволеным мерапрыемстве. Калі зьбіўся графік, то гэта ня наша віна. Калі мы выходзілі на праезную частку, тратуар быў заняты. Ніякіх падставаў судзіць няма. Гэта палітычныя працэсы. Калі мяне папярэджвалі ў пракуратуры, то я пра гэта і казаў: “Давайце разам зробім, каб людзі спакойна перайшлі”. Ня могуць яны жыць бяз страху. Яны такія перапалоханыя. Хочуць нас запалохаць, а самі трасуцца”.

Кіраўнік менскага аддзяленьня амбасады Швэцыі Стэфан Эрыксан прысутнічаў на судзе. Яго ўразіла, як пасьля абвяшчэньня прысуду Аляксандра Мілінкевіча завялі ў пакой, дзе ўжо знаходзіўся Аляксандар Бухвостаў. Там апазыцыянэраў трымалі, пакуль не прывялі Сяргея Калякіна. Спэцназаўцы вырашылі ня даць журналістам зрабіць здымкі палітыкаў, калі тых павядуць у машыну. Дзеля гэтага міліцэйскі варанок падагналі з двара да цэнтральнага ўваходу. Як толькі там апэратары ўсталявалі камэры, да чорнага ўваходу пад’ехаў аўтобус і туды хутка павялі арыштаваных.

Дыплямат Стэфан Эрыксан падзяліўся сваімі ўражаньнямі са “Свабодай”:

(Эрыксан: ) “Уражаньне ад беларускага суду вельмі жахлівае. Выглядае гэта вельмі дзіўна. Шмат каму не дазволілі прысутнічаць на судзе. Тое, што адбылося потым, вельмі красамоўна. Журналісты ды іншыя людзі чакалі, калі выйдуць Мілінкевіч, Калякін і Бухвостаў. Але пачаліся нейкія манэўры, гульні. Калі суд лічыць, што ёсьць падставы судзіць Мілінкевіча, то трэба рабіць гэта адкрыта і не хаваць, як гэта было сёньня”.

Назіральнікі лічаць, што арышты Вінцука Вячоркі, Сяргея Калякіна, Аляксандра Мілінкевіча й Аляксандра Бухвостава — не апошнія. Сустаршыню незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьмітра Дашкевіча выклікаюць у Першамайскі райаддзел міліцыі. Туды ж могуць даставіць яшчэ некалькіх актывістаў, якія выступалі на мітынгу падчас Чарнобыльскага шляху.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG