Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Жонка гатовая вочы мне выдраць, абараняючы Лукашэнку”


Валянцін Жданко, Менск (эфір 23 красавіка) Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Калі меркаваць па афіцыйных выніках прэзыдэнцкіх выбараў, у беларускім грамадзтве цяпер пануюць згода, палітычнае аднадумства і згуртаванасьць вакол лідэра. Аднак шматлюдныя мітынгі пратэсту й наступныя масавыя арышты многіх прымушаюць сумнявацца ў цьверджаньнях пра грамадзкае адзінства. На гэтую тэму разважаюць у сваіх лістах слухачы “Свабоды”.

Пачну размову з допісу Міхаіла Жуковіча з Баранавічаў. Слухач выказвае нязгоду зь цьверджаньнямі прадстаўнікоў улады пра палітычную стабільнасьць і згоду ў грамадзтве:

“Насамрэч гэта зусім ня так. Згода і спакой былі б тады, калі б сам Лукашэнка не чапляўся за ўладу, а своечасова сышоў, праседзеўшы дзесяць гадоў. А так грамадзтва раскалолася на дзьве часткі. Прыкладна палова падтрымлівае яго; а другая палова выступае супраць аўтарытарнага кіраваньня. І гэта лёгка растлумачыць. Не было б самаізаляцыі — у краіну пайшлі б замежныя інвэстыцыі, а разам зь імі зьявіліся б новыя рабочыя месцы, расьлі б заробкі, падвышаліся даходы бюджэту. Яшчэ Лукашэнка ставіць сабе ў заслугу тое, што мы ні з кім не ваюем. Нібы ўсе суседнія краіны ў стане вайны. Ды ваюе адна толькі Расея, у якую, дарэчы, ужо дзесяць гадоў спрабуе зацягнуць нас таварыш Лукашэнка. У тым, наколькі наэлектрызаванае наша грамадзтва, я штодня пераконваюся, жывучы ў гушчы народу. Пры гэтым неўтаймоўную агрэсіўнасьць выяўляюць якраз прыхільнікі Лукашэнкі”, — – лічыць Міхаіл Жуковіч з Баранавічаў.

У лісьце на “Свабоду” ён назваў сваё сапраўднае імя, але ў эфіры папрасіў яго зьмяніць. І патлумачыў гэту просьбу нечаканымі прычынамі:

“Не таму, што баюся лукашыстаў (хоць і іх трэба апасацца). А таму, што, як падчас грамадзянскай вайны, калі брат ішоў на брата, паміж мной і жонкай (людзьмі сталага веку) няма згоды ў гэтым пытаньні. Яна гатовая вочы мне выдраць, абараняючы Лукашэнку. І, каб гэтага ня здарылася, я застаюся ў ценю”.

Такіх сем’яў, спадар Жуковіч, цяпер у Беларусі нямала: мяркую аб гэтым хоць бы й з пошты “Свабоды”. Праўда, сьветапоглядны падзел часьцей пралягае ўсё ж паміж прадстаўнікамі розных пакаленьняў (як правіла, паміж бацькамі з аднаго боку, і дзецьмі ды ўнукамі — з другога). Прынцыповыя палітычныя рознагалосьсі паміж мужам і жонкай (ды яшчэ такія зацятыя, аж да выдзіраньня вачэй) — зьява ўсё ж, я мне падаецца, не такая частая.

Наша слухачка Людміла Бялькевіч з Салігорску ў свой час шмат гадоў адпрацавала на аб’яднаньні “Беларуськалій”. У сваім лісьце яна згадвае, як шахтары ў розны час спрабавалі адстойваць свае правы. Цытата зь ліста:

“У канцы 1970-х гадоў руднік купіў нямецкія горнавыемачныя комплексы. Прадстаўнікі фірмы самі вялі наладку. Паглядзеўшы наш побыт і ўсё, што ў нас адбываецца, сказалі: “Шчасьлівыя вы людзі: ня ведаеце, як кепска жывяце”. Мы ня мелі ўяўленьня, куды дзяецца здабытая намі соль, колькі прыбытку яна прыносіць. Добрыя заробкі — 400—500 рублёў — атрымлівалі толькі забойшчыкі. Дапаможныя службы працавалі за льготны стаж.

Аднаго разу некалькі адважных зладзілі такую акцыю: на плошчы пад непрыхільнымі позіркамі Ўладзімера Ільіча паставілі столік і пачалі зьбіраць подпісы з патрабаваньнем перагляду нормаў і тарыфаў. Вы памыліліся, калі падумалі, што калійшчыкі пабеглі падпісвацца. З ініцыятараў яны толькі пасьмяяліся. Ужо ў час перабудовы ІТР разам з рабочымі стварылі камітэт і запрасілі міністра Мінугнаеньняў. Старшыня камітэту завёў міністра ў сталоўку і сказаў калійшчыкам: “Вось вам міністар, задавайце яму пытаньні”. І — о Божа! Абагачальнікі сказалі міністру, што ўсім задаволеныя. Вось толькі невялікі недахоп: у сталоўцы не хапае піва і гарчыцы. Потым, калі рабочыя спыталі ў начальніка ўчастку на 2-м рудніку Сапронава, чым дапамог міністар, Сапронаў з іроніяй адказаў: “Шмат дапамог, як вы і прасілі. Праўда, піва яшчэ няма, а вось гарчыца на сталах ужо стаіць”.

Вашы ўспаміны, спадарыня Бялькевіч, адметныя тым, што ў іх можна знайсьці адказы на некаторыя пытаньні, што застаюцца актуальнымі й сёньня. Чаму такімі неабароненымі й кволымі аказаліся парасткі дэмакратыі, што зьявіліся ў Беларусі на пачатку 1990-х гадоў? Што прымушае людзей цярпліва й моўчкі назіраць, як згортваюцца й ўціскаюцца іх уласныя грамадзянскія правы? Адказы на гэтыя і многія іншыя пытаньні — там, у 1980-х, 1970-х, 1960-х гадах. Грамадзкая псыхалёгія не мяняецца ў адно імгненьне. На тэлеэкране мы і сёньня бачым, як на пытаньне прэзыдэнта аб праблемах падчас наведваньня якога-небудзь заводу ці калгасу з натоўпу гучыць прастадушнае: “У нас праблемаў няма. Галоўнае, каб Вы як мага даўжэй кіравалі намі!”. І я ня думаю, што гавораць гэта нейкія адмыслова падрыхтаваныя асобы.

Апошнім часам мне ня раз даводзілася адказваць на лісты тых нашых слухачоў, якія папракалі “Свабоду” за тое, што дае слова прыхільнікам дзейнай улады. А вось у нашага даўняга сябра і аўтара Ільлі Копыла свой погляд на гэтую зьяву:

“Асабіста я лічу, што “Свабода” паступае правільна, інакш яна можа ператварыцца ў філіял БТ. Мы павінны ведаць ня толькі сваіх герояў, але і антыгерояў. На вялікі жаль, Беларусь — гэта ня толькі Скарына, Касьцюшка, Каліноўскі, Быкаў, Пазьняк, БНР і Радыё Свабода, але й Дзяржынскі, БССР, БТ, Лукашэнка і так званая Палата прадстаўнікоў. І першыя, і другія маюць сваіх прыхільнікаў. Усе мы грамадзяне адной краіны, імя якой — Беларусь. Жывем у адных і тых жа гарадах і вёсках, дамах і пад’ездах, а часам нават і ў адных і тых жа кватэрах. Здараецца і так, што бацькі галасуюць за Пазьняка, Ганчарыка і Мілінкевіча, а іх дзеці — за Лукашэнку. Я ведаю такія сем’і.

...Думаю, што за апошні час у Радыё Свабода павялічылася колькасьць слухачоў, у тым ліку і нядобразычліўцаў. І гэта вельмі добра, што яны слухаюць “Свабоду”, а не БТ. Цяпер яны абураюцца, але пройдзе час, і вельмі можа здарыцца, што апамятаюцца”.

Думаю, спадар Копыл, вы памыляецеся: гэтыя людзі, як правіла, уважліва глядзяць Беларускае тэлебачаньне і чытаюць дзяржаўныя газэты. Але, нават цалкам падзяляючы афіцыйны пункт гледжаньня, пагаджаючыся з пазыцыяй гэтых мэдыяў, яны не знаходзяць там усёй патрэбнай ім інфармацыі, а значыць, і адказаў на свае пытаньні. Менавіта гэта прымушае іх, прадзіраючыся праз шум і трэск эфіру, шукаць нашую хвалю. Мы даражым і гэтымі сваімі слухачамі. Няхай слухаюць, параўноўваюць, аналізуюць. І самі робяць для сябе высновы пра тое, на чыім баку праўда і справядлівасьць.

Ліст ад Станіслава Пятровіча зь вёскі Пешкаўцы Пастаўскага раёну:

“Мне 49 гадоў, працую я цяпер на тэрыторыі Нацыянальнага парку: дапамагаю эколягам, біёлягам. Чакаю прылёту птушак на азёры. Сувязь са зьнешнім сьветам — праз радыё. Электрычнасьці няма. Да бліжэйшай вёскі, у якой дажываюць век 70—80-гадовыя старыя — чатыры кілямэтры. Прадукты ў вёску два разы на тыдзень прывозіць аўталаўка. Зімой тут людзей амаль няма. Першыя турысты зьявяцца недзе ў траўні (байдарачнікі). Потым будуць і пешыя — яны тут зьяўляюцца да лістапада. Знаёмяцца зь дзікай прыродай. І дзякуюць за дапамогу ў разьвіцьці экатурызму. Слухаючы вашы перадачы, завочна з вамі размаўляю і адказваю на пытаньні, якія гучаць у перадачах.

Галоўнае пытаньне апошніх месяцаў — аб прэзыдэнцкіх выбарах. Раней я двойчы галасаваў за Лукашэнку. То быў час развалу і перабудовы. Якія былі вынікі, самі ведаеце. Трэба аддаць Лукашэнку належнае за тое, што захаваў прадпрыемствы, працоўныя месцы ды іншыя даброты. Зноў жа, за далучэньне людзей да спорту — асаблівая падзяка. Але цяпер іншы час, і патрабуецца перагляд многіх рэчаў. Я згодзен са Сьвятланай Алексіевіч, якую пачуў нядаўна ў вашай перадачы. Цяперашнія падзеі падрыхтуюць глебу для зьяўленьня новага прэзыдэнта. Лукашэнка застанецца яшчэ гады на тры, а там прыйдзе нехта новы. Бо яго час заканчваецца. Можа, новым прэзыдэнтам стане жанчына? Жанчыны цяпер актыўныя ва ўсіх галінах. Дый працэнт беспрацоўных большы якраз сярод жанчын”.

Яўных прэтэндэнтак на галоўную пасаду ў дзяржаве сярод беларускіх жанчын-палітыкаў пакуль не відаць, спадар Пятровіч. Пасьля няўдалага досьведу Натальлі Машэравай удзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі больш ніводная зь іх не рызыкнула. Але хто ведае, як усё складзецца па часе. Яшчэ два гады таму і імёнаў Аляксандра Мілінкевіча ды Аляксандра Казуліна таксама амаль ніхто не называў у пераліку асноўных супернікаў Аляксандра Лукашэнкі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG